weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 21° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 18° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 21° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3366
1 долар 2.0508
100 рас.руб. 3.061
21.07.2018 14:36 ,

Магічная гісторыя ў беніцкім касцёле і царква ад Мікалая Радзівіла Чорнага: прыгадаем першыя храмы ў мястэчках на Маладзечаншчыне

Ля храма ў Беніцы жыве бусел.

У сваім эсэ хацелася б разгледзець рэлігійнае жыццё маленькага адрэзка нашай краіны, што калісьці ляжаў на вялікай гандлёва-эканамічнай артэрыі, якая злучала Менск з Вільняй, і называлася “Чорным шляхам".

Лебедзева: Цуд, які дапамагаў папу і ксяндзу

Лебедзева-Маркава-Беніца… Ці не першай бажніцай у гэтых мясцінах быў драўляны касцёл “Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі”, пабудаваны 19 ліпеня 1476 года ў Лебедзеве пры падтрымцы ўладара мястэчка Аляксея Гальшанскага. Больш за трыста гадоў прастаяў касцёл, пакуль у 1808 годзе не згарэў. І толькі ў 1847 (ці ў іншых крыніцах у 1856) па ініцыятыве мясцовага ксяндза Навіцкага пабудавалі новы храм, але захавалі старую назву.

Адчула мястэчка і пратэстанцкую плынь, якая была ў пэўны перыяд нацыянальнай верай магнацкага і шляхецкага саслоўяў. Ад 7 мая 1558 года мястэчка набыў Мікалай Радзівіл Чорны, кальвініст, магнат, вядомы сваімі ідэямі аб незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага і нелюбоўю да ўсяго польскага. Хутчэй за ўсё, пад яго патронам у мястэчку збудавалі мураваны кальвінісцкі храм.

Што да першай у Лебедзеве царквы, дык тут увогуле таямніца. Ні пад 1638, ні пад 1861 у дакументах няма ніводнага ўпаміну аб ёй. Хаця ўжо з 16 стагоддзя Лебедзева з’яўлялася мястэчкам, а якое можа быць мястэчка без бажніцы?

Каменная прыгажосць.

Хутчэй за ўсё, па гвалтоўным далучэнні Вялікага Княства Літоўскага да Расейскай імперыі мясцовы касцёл быў скасаваны і пераўтвораны ў царкву. А пры пабудове ў 1869 годзе новай, Крыжаўздзвіжанскай – “старую” зачынілі. Таму пры перапісе канца 19 стагоддзя і ўпамінаюцца дзве царквы.

 Але галоўны доказ гэтай тэорыі – артыкул за 1907 год у “Нашай ніве”, якую, дарэчы, шмат хто з местачкоўцаў выпісваў: ”У вярсьце ад нашага мястэчка цячэ невялікая рэчка праз маёнтак пана Саковіча. Даўно ўжо ў народзе ходзяць слухі, бытцам у той рэчцы калісьці зьявіўся цудоўны Пан Езус. З году ў год на каталіцкае сьвята ”Сэрца Пана Езуса„ каля гэтага цуда збіраюцца тысячы простага народу. Тамака людзі молюцца, мыюцца вадой з тае рэчкі, ды нясуць у касьцел ахвяры: грошы, шмат яек, лёну, воўны і іншага дабра. Зьбіраеца тут такім парадкам больш як на тры сотні рублёў. Поп мясцовы пазайздросьціў ксяндзу і зрабіў у той самы дзень праваслаўнае сьвята. І ён, як дагэтуль ксёндз , угаварвае народ, каб маліўся каля той рэчкі з цудам, але ахвяры прыносілі не ў касьцёл , а ў цэркву. Хоць ніколі не было чутно, каб каму гэты цуд як-небудзь дапамог, але ўсе ведаюць адно, што ксяндзу і папу ён такі добра памагае…”

Маркава: гаспадары з Нясвіжа не дбалі пра касцёл у Маркаве

Мястэчка вядомае ад 1415 года. Яно значна маладзейшае за Лебедзева (1387), але эканамічна нічым не саступала.  Маркаўская пушча была багатай на розную дзічыну. Адсюль сплаўлялі лес у Еўропу ад 1525 года. А дзяржаўныя і прыватныя корчмы прыносілі вялікі прыбытак.

На пачатку 17 стагоддзя тут дзейнічаў касцёл, што крыху пазнавата для 16 стагоддзя – крыху пазнавата для такога мястэчка.

Але да другой паловы 15 стагоддзя гэта былі ўладанні Радзівілаў, а іх, жыхароў Нясвіжа, не асабліва цікавіла, ёсць бажніца ў Маркаве ці не.

Другі касцёл пабудавалі дзякуючы інфлянцкаму кашталяну Яну Шчыту і яго жонцы ў 1740 годзе. Пры касцёле мелася школа, ці не першая ў ваколіцах.

Драўляныя пабудовы доўга не стаяць: сыходзяць, трухнеюць або гараць у полымі вайны. Пра іх былую веліч нагадваюць каплічкі.

Беніца: магічная гісторыя з грашмі ад нябожчыка

У дахрысціянскія часы ў Беніцы, хутчэй за ўсё, былі паганскія капішчы. Гэта пацвярджае легенда пра царкву, якую з-за нейкай людской правіннасці, засыпаў пан зямлёй разам з людзьмі, а таксама археалагічныя знаходкі. Знойдзеныя каменныя сякеры сведчаць пра тое, што людзі жылі тут даўно і павінны былі недзе маліцца.

Што да хрысціянства, то ўжо ў 1582 годзе ў Беніцы стаіць царква, самая першая сярод суседніх мястэчак, з 1596 года ўніяцкая, пабудаваная ў гонар святога “Гальяша”- прарока.

Багатую гісторыю мае Троіцкі касцёл. Аб абставінах яго заснавання нават захавалася легенда:

“Аднаго разу Міхал Казімір Коцел па справах паехаў у Маладзечна, і ўжо вяртаўся дадому, як коні панеслі карэту з дачкой, парваўшы вупраж. Міхал хацеў стрымаць іх, але коні беглі ўсе хутчэй і хутчэй. І давай тут Коцел прасіць Бога, што дзе толькі коні спыняццатам і касцёл пабудую. А коні прыбеглі да маёнтка, да самай брамы. І толькі Коцел прыйшоў, не паспеўшы перавесці дух, як адразу загадаў пачаць будаўніцтва”.

Загад выканалі за тры гады, і ў 1703 годзе ў Беніцы з’явіўся помнік позняга віленскага барока. Асвячаць Троіцкі касцёл даручылі віленскаму біскупу Бжастоўскаму, што ён і зрабіў у 1704 годзе.

Асоба Міхала Казіміра Коцела вызначальная ў лёсе ўсяго рэгіёна. Чаго толькі вартая школа, якая дзейнічала ў прамежку ад 1780 да 1842 пад кіраўніцтвам бернардынаў, што неслі асвету, не зважаючы на веравызнанне, сярод праваслаўных.

Пад канец жыцця Коцел замовіў намаляваць свой партрэт у натуральную велічыню. На партрэце ён стаяў ля стала, пад якім быў адчынены куфэрак з грашыма ў мяшках. На мяшках – пазначаныя сумы грошай. Па загадзе партрэт павінны быў вісець у скляпенні касцёла ля самай труны, завешаны тканінай, а ў труне ляжаць пазначаная сума, якую можна ўзяць толькі на рамонт касцёла.

Праз колькі дзясяткаў год пасля смерці Коцела праламаўся дах, але не ў касцёле, а ў прыбудаваным да яго кляштары. Бернардыны з дазволу ксяндза Чапкоўскага вырашылі ўзяць грошы, адкладзеныя фундатарам. Яны пачалі адчыняць труну. Ззаду стаяў Чапкоўскі, молячыся і акрапляючы іх святой вадой. Але як толькі адчынілі труну, адразу згасла святло ў лямпах.

А каменная труна сама зачынілася, ды так, што трэснула, вельмі напалохаўшы прысутных. Доўга праляжалі браты-бернардыны на падлозе, гучна чытаючы малітву, пакуль вырашылі сысці. Пасля прах Міхала ніхто турбаваць не адважыўся.

У Беніцы.

Партрэт вісеў да 1851 года, пакуль Троіцкі касцёл не перабудавалі ў царкву, зачыніўшы і пазней знішчыўшы кляштар. І няшмат хто ведае, што пры кляштары меўся ўласны архіў, бібліятэка, мастацкая галерэя, парк, багаты сад, сажалкі з каналамі, а пры двары Коцелаў працаваў філосаф Мотвіл. Сюды не раз заязджалі Міхал Агінскі, Тамаш Зан, Станіслаў Манюшка, Напалеон Орда, Уладзіслаў Сыракомля, Францішак Багушэвіч

Пасля скасавання касцёла будынак выконваў функцыі царквы, пакуль насупраць, у 1886 годзе, не пабудавалі новую царкву.

Пабудавалі цэрквы і ў Вяжуцях, Годкавічах, Заскевічах… Ды прастаялі яны нядоўга: да пяцідзясятых гадоў 20 стагоддзя, пакуль іх не разабралі на бярвенні для пабудовы калгасных хлявоў, а мураваныя перарабілі пад склады.

P.S. Гэта зямля, як і ўвогуле Вялікае Княства, была па-свойму шматканфесійна багатая, што амаль ужо забытае. Забытая і прысутнасць татараў у Беніцы, былой ускраіны вялікага татарскага рассялення. Няшмат хто ўспамінае аб прысутнасці ва ўсіх мястэчках яўрэяў. Як след пасля Другой сусветнай засталіся толькі яўрэйскія могілкі, няма каму хадзіць у беніцкі касцёл…

Фота аўтара.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце