weather -3° Маладзечна
weather -3° Вілейка
weather -1° Смаргонь
weather -3° Ашмяны
weather -2° Валожын
weather -3° Мядзел
weather -1° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
22.07.2018 09:32 ,

Ад барацьбы з рудым сасновым пілільшчыкам з самалёта на Астравеччыне адмовіліся. Чаму?

Фота mirchudes.net.

У канцы мая-пачатку чэрвеня пашкоджаныя дрэвы апрацавалі з зямлі спецыяльнымі аэразолямі.

Паведамілі, але не праводзілі

Нагадаем, каб не дапусціць гібелі лясоў у Астравецкім раёне, мясцовы доследны лясгас у першай дэкадзе чэрвеня планаваў правесці авіяцыйную апрацоўку ў Гервяцкім і Міхалішскім лясніцтвах супраць рудога сасновага пілільшчыка – вусеня, які шкодзіць сасну.

Тады ў лясгасе карэспандэнту «Рэгіянальнай газеты» распавялі, што калі пілільшчык шкодзіць дрэвы адзін сезон, то яны могуць выжыць. Калі ж шкоднік робіць сваю справу некалькі сезонаў, як на Астравеччыне, дрэвы могуць загінуць.

Пра авіяцыйную апрацоўку паведамілі на сайце лясніцтва, у мясцовых газетах. Жыхарам забаранялі на працягу сямі сутак наведваць лес на ўказаных тэрыторыях, збіраць там грыбы і ягады, пасвіць свойскую жывёлу. Трэба было абмежаваць і лёт пчол на 24-48 гадзін.

Шкоднікі пачалі гінуць самі

Аднак, па словах Віктара Ляха, галоўнага ляснічага Астравецкага доследнага лясгаса, запланаваную барацьбу са шкоднікамі з паветра палічылі непатрэбнай, бо рудыя сасновыя пілільшчыкі пачалі масава гінуць самі ад натуральных фактараў, а менавіта ад  хвароб, выкліканых бактэрыямі.

– У канцы мая прайшлі невялікія дажджы і гэта неспрыяльна паўплывала на шкоднікаў, – распавёў галоўны ляснічы. – Вялікая частка шкоднікаў загінула, меншая – схавалася ў лясной посцілцы, таму ў авіяцыйнай апрацоўцы мы ўжо не бачылі неабходнасці.

Па словах Віктара Ляха, пілільшчык з’явіўся на Астравеччыне летась. Атрымліваецца, што тут ён шкодзіць дрэвы ўжо другі год. Ляснічы адзначыў, што менавіта на другі год і прыпадае звычайна развіццё хвароб у гэтага шкодніка.

Выкарысталі больш небяспечную і больш дакладную атруту

У канцы мая – пачатку чэрвеня спецыялісты Астравецкага доследнага лясгаса апрацавалі нізкія маладыя дрэвы спецыяльнымі прэпаратамі з аэразоляў.

– З аднаго боку, клас небяспекі ў прэпарата для наземнай апрацоўкі больш высокі, чым «Лепітацыд-СК», прызначаны для авіяцыі, – распавядае Віктар Лях. – Але наземная апрацоўка больш мэтанакіраваная. Прэпарат трапляе дакладна ў патрэбнае месца, не разносіцца ветрам усюды, пакуль ляціць з самалёта і паражае пілільшчыка.

Шкоднікі гінулі ад судакранання з хімічным ядам і ад таго, што атрута трапляла ў кішэчнік.

Вяскоўцы да забаронаў лясніцтва прыслухаліся

Усе забароны для насельніцтва захоўваліся і падчас наземнай апрацоўкі, кажа Віктар Лях. Пры ўездзе ў лес ставілі знакі пра тое, што тут працуюць з хімічным рэчывам. За гэты час ніякіх пытанняў і скаргаў у жыхароў навакольных вёсак не было.

Не сустрэлі і парушальнікаў, якія б хадзілі ў лясы падчас апрацоўкі. Да таго ж мерапрыемствы часткова супалі з забаронай наведвання лясоў на Астравеччыне, уведзенай 1 чэрвеня.

Ці трэба будзе паўтараць апрацоўку, пакуль дакладна сказаць нельга. У канцы ліпеня – пачатку чэрвеня супрацоўнікі лясгаса праманітораць лес і тады прымуць рашэнне.

– У апошнія некалькі дзён устанавілася дажджлівае надвор’е, а яго рудыя сасновыя пілільшчыкі, як і многія іншыя шкоднікі, не пераносяць, – кажа Віктар Лях. – Хутчэй за ўсе, большасць шкоднікаў загінуць ад вільгаці.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце