weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 18° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3426
1 долар 2.0542
100 рас.руб. 3.0768
22.07.2018 13:47 ,

«Дзяцей Францыі» сабралі ў пасольстве гэтай краіны

Другая злева ўнізе — Яніна Сташко, у цэнтры — пасол Францыі ў Беларусі Дзідз'е Канэс, другі справа ўверсе — Мікалай Салагуб, побач з ім стаіць — Аляксандр Салагуб.

Дзень узяцця Бастыліі – нацыянальнае свята Францыі. Яго адзначаюць штогод 14 ліпеня. Сёлета жыхароў Беларусі, якія нарадзіліся ў Францыі, з нагоды свята запрасілі ў Французскае пасольства. Сярод запрошаных былі маладзечанцы Аляксандр Салагуб і яго малодшы брат Мікалай, а таксама былая астраўчанка Яніна Сташко.

Звычайна падобныя сустрэчы ладзяцца ў амбасадзе. «Дзяцей» – людзей, якія калісьці нарадзіліся ў Францыі, – збіраюць на Каляды. Адбываецца гэта не кожны год.

Сёлета ж сустрэчу правялі 7 ліпеня. Некаторыя прыйшлі са сваякамі. Мікалай Салагуб прыехаў на яе ўпершыню, як і Яніна Сташко. Цяпер яна жыве ля Гродна, але нарадзілася ў Францыі.

Падчас трохгадзіннага абеду пасол распытваў людзей пра вяртанне ў Беларусь, пра яго прычыны.

– Мы не вярталіся, а менавіта прыязджалі. Бацька ад’язджаў не з Савецкага Саюза, а з Польшчы, пад якой тады знаходзілася Заходняя Беларусь. Калі скончылася вайна, людзі па запрашэнні Сталіна ехалі ў Саюз. Тысячы сямей з Гаўра і з Марсэля на караблях у 46-м перабраліся ў Адэсу, – расказвае Аляксандр Салагуб.

Нарадзіўся Аляксандр Аляксандравіч у горадзе Алес на поўдні Францыі. Бацькі паехалі туды з Вілейшчыны на заробкі ў 1930-х гадах. Маці, Вера, была гаспадыняй, але на сезонных работах збірала ягады, мыла людзям адзенне. Бацька – таксама Аляксандр – працаваў у шахце. Вярнуцца ў Беларусь яны планавалі ў канцы 30-х, але пачалася вайна.

– Жылі ў Францыі не багата. Першы раз пракаціўся на аўтобусе ў 10 гадоў, калі бацька ў 1945 годзе адвёз мяне ў шпіталь з Алеса ў Манпэлье, у клініку Сен-Шарля, – распавядае Аляксандр. – Мне рабілі аперацыю, бо падчас танцаў я пашкодзіў руку. Перад гэтым дапамагчы спрабавалі мясцовыя самавучкі. Быў адзін «спецыяліст» – браў сваіх авечак, ламаў ім суставы, жывёлы клаліся. А калі ўпраўляў суставы на месца – авечкі беглі…

– Яшчэ была вайна, стралялі. Памятаю, у клініцы мяне паклалі на стол, зрабілі наркоз, прывязалі, сказалі, каб лічыў «un, deux, trois», працягвае свой расповед Аляксандр Аляксандравіч.

Салагубы прыехалі ва Украіну цягніком восенню 47-га. Трапілі яны на Данбас. Аляксандру на той час споўнілся 12 гадоў. Савецкі Саюз так і не стаў для сям’і радзімай.

У шахту на Данбасе Аляксандр Салагуб трапіў яшчэ юнаком. Каб зарабіць грошай, папрасіў бацьку ўзяць яго да сябе на шахту.

– Дырэктар уладкаваў лесагонам – падаваць лес. Працаваў у брыгадзе жанчын – іх было дзевяць. Тыя работніцы з мяне здзекаваліся, дзеўкі маладыя, мне таксама 18 толькі споўнілася, – смяецца Аляксандр.

Пасля служыў у арміі, затым на флоце. Калі прыйшоў, стаў працаваць на шахце ў забоі. Захварэў на радыкуліт, моцна балела паясніца. Таму пераехаў да бацькоў, якія на той момант набылі дом на радзіме – у Маладзечне.

Тут нейкі час працаваў слесарам, станочнікам. У 50 гадоў выйшаў на пенсію.

Цяпер Аляксандру 83 гады, Мікалаю – 72. Старэйшы брат штогод наведвае Францыю, апошні раз быў вясной 2017-га. Там жыве яго сын – таксама Аляксандр.

На пытанне, ці хацеў Аляксандр вярнуцца ў Францыю, ён адказвае станоўча.

– Мы з жонкай хацелі пераехаць у 2002 годзе. Амаль усё было гатовае. Але жонка сказала: «Ведаеш, Саша, у цябе там знаёмыя, мову ведаеш, а ў мяне – нікога. Усе мае тут ляжаць у магілах». Так мы і засталіся ў Беларусі.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце