weather -5° Маладзечна
weather -5° Вілейка
weather -3° Смаргонь
weather -5° Ашмяны
weather -4° Валожын
weather -5° Мядзел
weather -3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
28.07.2018 10:00 ,

Ракі і стронга зніклі назаўжды? Што стала з ракой Вяпраткай на Вілейшчыне (Фота)

Цяпер бераг Вяпраткі ў Калачах выглядае так.

Мялеюць  рэчкі, ручаі і ўвогуле знікаюць. Не хачу казаць за ўсю краіну, а завастру ўвагу толькі на адной невялічкай рэчцы з крынічнай вадой Вяпратцы, што на Вілейшчыне.

Рака гэта працякае якраз праз маю родную вёску Чарвякі (цяпер Сакалоўка). У вёсцы і на рэчцы прайшло маё дзяцінства і юнацтва.

Як рака яднала два менталітэты

У той час у Чарвяках школа была толькі пачатковая, чатыры класы. Далей дзеці ішлі вучыцца ў суседнюю Крамянецкую васьмігодку. Каб да яе дабрацца, нам трэба было кожны дзень пераадольваць тры вярсты бездарожжа. Шлях пралягаў  праз Вяпратку, якая працякае ў пяцістах метрах на ўсход ад Чарвякоў.

Далей, прайшоўшы яшчэ з паўвярсты забалочаным лесам, мы апыналіся на тэрыторыі колішняга далёкага замежжа. Бо да 1939 года паміж Вяпраткай і лесам праходзіла савецка-польская мяжа. Чарвякі былі пад Польшчай, а суседні Крамянец пад савецкай Расіяй.

Вяпратка пасля Калачэй.

Пасля падзей 1939 года Вяпратка служыла яднаннем двух народаў, двух менталітэтаў. Бо ідэалагічнае грамадскае выхаванне савецкага і польскага бакоў моцна адрознівалася і не мела амаль нічога агульнага. Акрамя толькі таго, што  скарыстаць  воднае багацце і пакупацца мелі аднолькавае жаданне як чарвякоўцы, так і краменчукі.

За час раз’яднання вырасла цэлае пакаленне, а рэчка знаёміла і збліжала людзей. У яе найчысцейшай вадзе, яшчэ нават пры маёй памяці, акрамя вялізных ракаў і сярод разнастайнай рыбы вадзілася нават стронга!

Пра штучныя ставы і вадзяныя млыны

Нашы продкі з любоўю і пяшчотай ставіліся да прыроднага навакольнага асяроддзя. Яны намагаліся захаваць усё ў першапачатковым стане, каб было што перадаць у спадчыну нам,  сваіх нашчадкам. Рэчка Вяпратка, яе багацці і вада выкарыстоўваліся, не прыносячы ёй шкоды.

Па Вяпратцы калісьці сплаўляўся лес. За кошт яе рэчышча ўтвараліся штучныя вадасховішчы для вадзяных млыноў. Адзін з такіх быў і ў маёй вёсцы.

Рыбныя рачныя запасы для насельніцтва складалі не малую частку харчовага рацыёну. Каб захаваць рэчку чыстай, вадасховішчы не выкарыстоўвалі для прамысловага развядзення рыбы. Для гэтага будавалі спецыяльныя штучныя вадаёмы, ставы, на якія вада падавалася па спецыяльных водаадводах з вяпрацкіх вадасховішчаў. Такія ставы былі і ў маіх Чарвяках. Яны займалі плошчу прыкладна ў 150 гектараў.

У Чарвяках Вяпрацкае вадасховішча апошняе. Бо ўжо праз паўтары вярсты ніжэй па плыні, далучыўшыся да ракі Іліі, Вяпратка завяршае свой шлях у 19 вёрст як асобная рачная адзінка.

1930-ыя гады. Маёнтак Вяпраты — уладанні пана Лявона Бароўскага. Першы злева — настаўнік мясцовай школы Павел Жагланаў.

Падчас Другой сусветнай вайны ў панскім маёнтку на беразе Вяпраткі быў шпіталь для нямецкіх салдат. Магчыма, яго арганізавалі тут таму, што артэзіянская вада ў Вяпратцы на той час яшчэ была чысцюткай і нават лічылася гаючай.

Бераг Вяпраткі быў белы ад рыбы

Але   непрадуманая аграрная палітыка Савецкага Саюза, якая ўключала ў сябе  павальную  меліярацыю беларускіх балот у 1960-1970-х, прынесла велічэзную шкоду прыродным рэсурсам па ўсёй нашай краіне.

Меліярацыя не магла не зачапіць і нашы мясціны, нашу Вяпратку, з-за чаго яна страціла  шмат рыбных запасаў.  Ад той пары ў роднай рацэ назаўсёды зніклі ракі і стронга.

Я добра памятаю той меліярацыйны бум. Асабліва запомнілася выпростванне рэк. Калі рэчка праходзіла па забалочаных мясцінах, то яе рэчышча штучна накіроўвалі ў загадзя пракапаныя меліярацыйныя прамыя канавы. Ваду туды накіраваць атрымоўвалася, а вось рыба і ўся вадзяная жыўнасць не сыходзіла са сваіх спрадвечна нажытых родных мясцін. Застаўшыся ў старым рэчышчы, яна ўся згінула ад  рук  чалавека.

Вяпратка пасля фермы.

У дзень руйнавання старога рэчышча Вяпраткі на яе беразе сабраліся амаль усе жыхары маіх Чарвякоў. Вяскоўцы стаялі і ціхенька назіралі, як на той час магутныя гусенічныя трактары піхалі валы зямлі, засыпаючы рэчышча. Ад гэтага на супрацьлеглы бераг выплёхвалася вялікая вадзяная хваля, якая прыхоплівала за сабой і рачных жыхароў.

Бераг ракі быў белы ад рыбы. Трохкілаграмовыя карпіны, метровыя шчупакі, акуні, плотка, ментузы біліся  ў перадсмяротных сударгах. А людзі  са слязьмі на вачах працягвалі нерухома стаяць на беразе, не праяўляючы нават ніякага інтарэсу да такой вялізнай колькасці дармавой  рыбы.

Праз нейкі час мясцовы жыхар Іван Пятровіч прапанаваў, каб кожны, колькі здолее, узяў сабе рыбы, бо яна ўсё адно прападзе. Гэтак і зрабілі.

А тое, што не знішчылі час і вайна, зруйнавалі пяцігодкі

Меліярацыя балот і рэканструкцыя штучных вадаёмаў рыбгаспадарак закранула і вытокі Вяпраткі. Тое, што не знішчыў час і вайна, зруйнавалі савецкія пяцігодкі. Плаціну верхавога вадасховішча на вытоках Вяпраткі разбурылі. А рыбныя распрацавалі пад калгасныя палеткі.

Ужо праз вярсту ад вытокаў вада Вяпраткі губляе свае артэзіянскія якасці. Бо замест  спрадвечных ставоў на самой рацэ пабудавалі штучнае вадасховішча пад зарыбленне карпам для мясцовага рыбгаса.

Пад мастком пампуецца крынічная вада.

Далей Вяпратка праз вёску Казлеўшчына трапляе ў суседнія Калачы. Тут, на яе правым беразе, літаральна ў 120 метрах ад рэчышча, пабудавалі буйны жывёлагадоўчы комплекс, бруд з якога трапляе ў Вяпратку. Ды ў дадатак разнастайнае смецце, якім завалены бераг гэтай рэчкі.

Дно Вяпраткі ўжо мае багатую падводную расліннасць, а берагі ператвараюцца ў хмызнякова-крапіўныя.

Фотаздымкі забяспечаныя аўтарам.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце