weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 21° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 18° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 21° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3366
1 долар 2.0508
100 рас.руб. 3.061
04.08.2018 10:17 ,

Любіў Беларусь і верыў у яе будучыню… Згадваючы настаўніка з Маладзечаншчыны Міколу Вайду

Вяска Шыкава ў 1950-ых гадах. Тут стаяла школа, дзе настаўнічаў Мікола Вайда. Фота забяспечанае аўтарам.

Усім беларускім настаўнікам, якія марылі аб вольнай Беларусі, прысвячаецца.

Ужо колькі дзён не відаць сонейка. Неба зацягнутае коўдраю хмар, і толькі халодны шэры дожджык сыплецца па раз’езджанай дарозе, саламяных дахах прыземленых хатак, вакенцах мясцовай школы.

Цікавыя ўрокі ад «Дзядзькі Каліласка»

Не так даўно такім жа надвор’ем вучні пераносілі з былой заскаўскай сямігодкі, дзе размясціліся нямецкія жаўнеры, свой невялікі школьны рыштунак. Зараз яны сядзяць ва ўтульным светлым пакоі, дзе навакольную халадэчу сагравае сяброўская атмасфера, прага да ведаў, размаляваныя птушачкамі і валошкамі сцены, выява “Пагоні”.

Ідуць заняткі па беларускай літаратуры. Малады хлопец, нядаўні выпускнік настаўніцкай семінарыі ў Вільні, чытае верш свайго ўлюбёнага паэта Алеся Гаруна:

Ты мой брат, каго зваць беларусам

Роднай мовы сваёй не цурайся.

Як не зрокся яе пад прымусам

Так і зараз яе не зракайся…

Чытае выразна, узнёсла. Позіркам сваіх блакітных вачэй дорыць дабрыню і веру, надзею ў беларускую будучыню.

Дзядзька Мікола, ці “дзядзька Каліласка”, як яго жартам называлі дзеці, выкладае толькі на роднай мове цікава і змястоўна, што дзіўна, чаго не было ні ў польскай, ні ў савецкай сямігодцы, ды да сваіх вучняў ён адносіцца з павагай, па-сяброўску.

Быў ён з мясцовых. Жыў за Вяллёй ля Залесся. Адсюль кожны дзень прыходзіў выкладаць спачатку ў Заскавічы, а як перанеслі школу – у Шыкава.

І гэта ў час Другой сусветнай вайны, калі дома хапала працы па гаспадарцы, савецкія партызаны распачыналі паляванне на беларускіх настаўнікаў, калі за адно слова “незалежнасць” або “вольная Беларусь” любы з акупантаў мог не задумваючыся расстраляць.

Настаўнік з Віленскай семінарыі

У чым была непаўторнасць заняткаў, адкуль бралася патрыятычная атмасфера, узаемная павага, што праз паўстагоддзя былыя вучні ўспамінаюць добрым словам дзядзьку Міколу і па памяці чытаюць верш, які быў забаронены на працягу ўсёй савецкай гісторыі?

Адказ відавочны – Мікола Вайда быў настаўнікам ад Бога, ён любіў Беларусь, верыў у яе будучыню і працаваў дзеля яе. Яшчэ не так даўно ён сам сядзеў за партай, слухаў лекцыі знакамітых выкладчыкаў Віленскай настаўніцкай семінарыі, дыскутаваў з гаспадаром кватэры Усеваладам Більдзюкевічам, разам з аднавяскоўцам Віцем Казлоўскім частаваўся салодкай гарбатай з хлебам і марыў аб тым часе, калі сам зможа выкладаць як Франук Грышкевіч, Адольф Клімовіч, Янка Шутовіч, Станіслаў Грынкевіч, калі зможа выхоўваць у сэрцах вучняў любоў да Радзімы. Таму і намагаўся як мага хутчэй скончыць вучобу, каб цалкам аддацца гэтаму занятку.

Шкада, што так трагічна і недарэчна склаўся яго лёс. Жаданым госцем Мікола быў запрошаны на вяселле, дзе ў самы разгар свята хтосьці пабіў ліхтар. Немцы палічылі гэта за дыверсію партызанаў і пачалі стральбу. Адна з куль патрапіла ў Вайду.

Нязгодных кляймілі здраднікамі і калабарантамі

Мікола Вайда быў не адзіным, хто аднавіў і рабіў школу беларускай, хто сярод попелу вайны выхоўваў у вучняў любоў і патрыятызм, маральнасць і традыцыйныя каштоўнасці. У заскавіцкай школе яму дапамагаў настаўнік Каляда, ды і яго лёс пасля закрыцця школы невядомы.

Тыя, хто пачэсна заслужыў пашану, як непрыгодных для савецкай улады, кляймілі здраднікамі і калабарантамі, рэпрэсавалі і вывозілі ў шматлікія ГУЛАГі. Хоць на працягу ўсёй вайны двух страшнейшых таталітарных рэжымаў яны змагаліся толькі жывым беларускім словам, беларускай кнігай…

Спадзяюся, прыйдзе час, калі заслугі гэтых настаўнікаў будуць па праву ацэненыя. Мы паважаем іх жыццё за прыклад ахвярнай працы на карысць Айчыны і памятаем пра іх. А памяць – гэта найлепшая ўзнагарода.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце