weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 18° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3426
1 долар 2.0542
100 рас.руб. 3.0768
05.08.2018 17:00 ,

Знайшлі бронзавую шпільку для паненак і піўны куфаль для мужчын: чым парадавала археолагаў экспедыцыя ў Ільі

Важыны момант - замалёўка раскапанай плошчы і аб'ектаў на ёй.

Неяк ільянскі майстар-гутнік выпадкова ўкінуў у печ, дзе варылася шкло, сваю гліняную люльку. А знайшлі яе праз тры стагоддзі археолагі, што ўжо трэці год праводзяць раскопкі на месцы былога шкларобнага прадпрыемства ў Ільі.

Побач з гутай быў склад

Люлька з белай гліны, глазураваная карычневым пакрыццём, – не адзіная сёлетняя знаходка археолагаў. Тры гады запар гэта зямля цешыць навукоўцаў артэфактамі 18 стагоддзя.

Здымаючы слой за слоем, удзельнікі экспедыцыі ўбачылі некалькі ям па кутах прадпрыемства, зробленых падчас будаўніцтва гуты:

– Хутчэй за ўсё, у ямы ставілі слупы, на якіх трымаўся дах, – мяркуе Паліна Курловіч,навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі, выкладчыца кафедры БДУ, нязменны кіраўнік ільянскіх экспедыцый, аўтарка дысертацыі пра гісторыю шкларобства ў Беларусі. – Слупы ўмацоўвалі камянямі.

Паліна Курловіч-Бяляўская распавядае пра тое, чым парадаваў сезон раскопак.

У адной з такіх ям навукоўцы знайшлі тры невялікія кавалкі тканіны – воўну цёмна-сіняга колеру. Дзякуючы слою вільгаці 300-гадовая знаходка нядрэнна захавалася. З гэтым слоем тканіну і запакавалі ў пакет, каб паветра не пашкодзіла кавалкі. Пасля экспедыцыі тканіну накіруюць на экспертызу.

Капаючы сёлета, навукоўцы выйшлі на край прадпрыемства і знайшлі яшчэ адзін будынак – верагодна, склад прадпрыемства, пра які ёсць звесткі ў дакументах 1800 года.

Куфаль, крыжык, шпілька

Шкло, манеты, кераміку на месцы шклагуты навукоўцы знаходзяць штогод. Былі і сёлета асабліва яскравыя знаходкі. Адна з іх – гліняная люлька, што знайшлі ў печы. Яшчэ – сіне-зялёныя рэшткі шклянога піўнога куфля. Захавалася ручка, кавалак донца, верхняя частка посуду. Гэтых рэшткаў якраз хопіць, каб аднавіць знешні выгляд куфля, вылічыць яго аб’ём. Ці рабілі такія на ільянскім прадпрыемстве, невядома. Па словах Паліны, ён не падобны да астатніх вырабаў. Аднак навукоўцы не ведаюць усяго асартыменту гуты.

Ключ ад невядомай скрыні.

Калі летась аб прысутнасці жанчыны на прадпрыемстве сведчыў металічны пярсцёнак, то сёлета гэта тры добра захаваныя швейныя іголкі, у якіх нават вушка відаць, і бронзавая або медная шпілька з маленькім шарыкам наканцы.

Шпілька, ледзь бачная на далоні, сведчыць пра высокі ўзровень местачковай культуры ў Ільі. Такімі прыстасаваннямі жанчыны заколвалі галаўны ўбор. Па словах Паліны, ёсць шмат старых жаночых партрэтаў, дзе заўважаюць такія шпількі.

Рэшткі піўнога куфля.

І ўсё ж навукоўцы лічаць, што жанчыны не працавалі на шкларобным прадпрыемстве: вельмі цяжкая гэта была вытворчасць. Магчыма, прыходзілі да сваіх родных.

На знойдзеным праваслаўным крыжыку з аднаго боку можна ўбачыць распяцце, з іншага, калі ты знаўца стараславянскай мовы, можна прачытаць малітву.

Чым працаваў гутнік

Традыцыйна знаходзяць інструменты, якімі карысталіся старажытныя майстры. Сёлета трапілася гірка ад вагаў, на якіх, верагодна, важылі рэчывы, што дадавалі ў шкламасу. Напрыклад, каб шкло было празрыстым, у яго дадавалі мел. Знойдзены сёлета ножык дапамагаў гутніку зразаць з новых вырабаў непатрэбныя часткі.

Знайшлі шмат фрагментаў тыповага посуду, што выраблялі на гуце – горлачкі ад бутэлек, прыгожыя ножкі ад фужэраў. Выраблялі тут і штофы – тарны посуд, названы так з-за меры аб’ёму.

Люлька была амаль цэлая.

– Штофы былі вельмі выгадным посудам, – кажа Паліна. – Бутэлькі шчыльна адна да адной састаўлялі ў воз. Паколькі яны былі прамавугольнымі, то ўлазіла іх шмат. А падатак тады плацілі з аднаго воза.

І навошта на гуце быў рыбак?

А вось металічная запчастка, якая тырчэла ля печкі, – зусім не старажытная. Так у 1982 годзе межы свайго раскопу пазначыў гісторык і краязнаўца Міхась Чарняўскі.Менавіта па даследаваннях Чарняўскага напісаны артыкул пра шклагуту ў кнізе «Памяць. Вілейскі раён».

Паліна супрацоўнічае з яго сынам, гісторыкам і археолагам Максімам Чарняўскім.Той перадаў даследчыцы некалькі знаходак Міхася Міхайлавіча. Асабліва цікавая – амаль цэлая гліняная свістулька.

Нацельны крыжык.

З дакументаў, якія Паліна вывучала, працуючы над дысертацыяй па гісторыі шкла, вядома, што на прадпрыемстве ў розныя часы працавала каля 25 чалавк. Сярод звычайных на такім прадпрыемстве майстроў-гутнікаў і падмайстраў была спецыяльнасць – рыбак. Навошта ён быў на шкларобным прадпрыемстве – яшчэ адна загадка для археолагаў. Аднак рыбалоўныя кручкі сёлета тут знойдзены былі.

Хочаш у гутнікі? Здавай іспыт

Першыя майстры-гутнікі прыязджалі з-за мяжы, часцей з Цэнтральнай Еўропы. Яны выбіралі больш здольных сярод мясцовых жыхароў і вучылі іх «шкляной» справе. Падмайстры дапамагалі гутнікам. Калі нехта з іх хацеў стаць майстрам, неабходна было здаць іспыт.

Па словах Паліны, дакументаў пра тое, як працавала гута ў 18 стагоддзі, амаль няма. Вядома толькі, што яе заснавалі ў сярэдзіне стагоддзя. Аднак калі Ілью забіралі ў Агінскага,у пераліку аб’ектаў гута не пазначаная. Відаць, на гэты час яна прыпыніла сваю дзейнасць, магчыма, з-за пажару. Аб гэтым могуць сведчыць чорныя пласты зямлі, на якія сёння натыкаюцца археолагі.

Не пацеркі. А так хацелася. Проста ножка ад фужэра.

Падрабязныя справаздачы аб працы ільянскага прадпрыемства пачынаюцца ад 1800 года, калі тэрыторыя ўжо былаў складзе Расіі. Новы ўладальнік Ільі Салтыкоў здаў прадпрыемства ў арэнду. І арандатары гуты штогод дасылалі справаздачы ў Міністэрства мануфактур у Санкт-Пецярбург. У дакуменце за 1800 год згадваецца, што гуту заснавалі даўно, але яна доўга не працавала. Сёння справаздачы знаходзяцца ў архівах Вільні і Санкт-Пецярбурга.

Ці з’явіцца музей у Ільі?

Сёлета да канца раскапалі вялікую печ, дзе варылі шкло. Ля печы – невялікае ўзвышэнне. Тут, на думку навукоўцаў, старажытны майстар фармаваў выраб з вадкага шкла.

– Адразу думалі разбіраць печ, – дзеліцца Паліна. – Але яна так добра захавалася. Таму ўзнікла фантастычная ідэя пра музеяфікацыю. А што калі тут, у Ільі, зрабіць музей гісторыі шкла? Саму печ закансерваваць, тыя элементы, якіх не хапае, дакласці з сучасных матэрыялаў, пакінуць археалагічную частку, каб наведнікі з памостаў маглі глядзець на раскопкі. Побач зрабіць невялікі павільён, дзе размясцілі б знаходкі і дакументы.

Ілья – адзіная ў Беларусі мясціна, дзе традыцыі шкларобства, закладзеныя ў 18 стагоддзі, працягваліся да пачатку дваццаць першага. Чаму б не зрабіць тут музей.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце