weather 0° Маладзечна
weather 0° Вілейка
weather 2° Смаргонь
weather 0° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 0° Мядзел
weather 2° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4582
1 долар 2.1556
100 рас.руб. 3.2282
07.08.2018 07:00 ,

Медытаваць, слухаць нямецкую музыку і пячы хлеб на вогнішчы: як гаспадар дома ў вёсцы Навасады збірае дзясяткі людзей на тэматычныя вечары

У доме ля возера Алег рады і дзеткам, і іх бацькам.

“Прывітанне, дарагі сябра! Не важна, 5 ці 50 табе гадоў, жывеш ты ў Вілейскім раёне ці апынуўся тут выпадкова. Але калі ты тут, то я рады вітаць цябе”.

Такімі словамі звяртаецца да гасцей сваёй старонкі Алег Куралесаў, гаспадар дома ў вёсцы Навасады Вілейскага раёна. Менавіта гэты дом некалькі разоў на месяц становіцца месцам адпачынку і развіцця для тых, хто не лянуецца даехаць да Навасадаў. Ад пачатку года Алег рэгулярна ладзіць тут сустрэчы, кінапаказы і святы, уваход на якія заўсёды вольны.

Карэспандэнтка “РГ” не змагла застацца ў баку і наведалася на адно з ліпеньскіх мерапрыемстваў у Навасадах – дзень нямецкай культуры. У пятніцу, 20 ліпеня, сям’я з Брэмена паказвала, як пячы традыцыйныя нямецкія вафлі, адказвала на пытанні аб нямецкай адукацыі і ладзіла медытацыю на беразе возера. Але аб усім па парадку.

Дабрацца да Навасадаў самому – той яшчэ квэст

Вёска Навасады месціцца ў Нарачанскім сельсавеце Вілейскага раёна. Грамадскі транспарт датуль не даязджае. Таму самы зручны варыянт – скантактавацца з гаспадаром дома Алегам. Ён ахвотна падкажа, хто з гасцей едзе ў Навасады на машыне і зможа падвесці вас на месца. Паколькі госці едуць і з Мінска, і з Маладзечна, і з Вілейкі, знайсці зручны варыянт не так складана.

Да таго ж сваіх гасцей Алег сам забірае машынай з Вілейкі, галоўнае толькі дамовіцца пра час.

Гаспадар дома ля возера Алег Куралесаў прыехаў на Вілейшчыну з Берасцейшчыны.

Калі ж вы не паспяваеце падсесці ў ніводную машыну, то давядзецца дабірацца самастойна. Для гэтага трэба даехаць ад Вілейкі да Папоўцаў. Найчасцей маршрутныя аўтобусы на заязджаюць у Папоўцы, а высаджваюць пасажыраў ля іх. У такім выпадку трэба кіравацца ў напрамку дарожнага знака, якія паказвае на Іжу і Ляды.  Два кіламетры пешкі па палях  – і вы на месцы.

Neues Wafell, Stock Brot і школа Мантасоры – нямецкія цікавосткі для беларусаў

Гаспадар дома ля возера Алег Куралесаў жыве ў Навасадах ужо год. Працуе арганізатарам дзіцячых святаў, якія ладзіць па ўсім рэгіёне. А ў вольны час аднаўляе дом і запрашае да сябе гасцей.

На пачатку ліпеня ў Навасадах праходзіў паказ фільма на экалагічную тэматыку. Пасля фільма гледачы пілі гарабату і абмяркоўвалі экалагічныя праблемы, з якімі сутыкаюцца штодзень.

Краявід з возерам.

Гаспадар імкнецца не толькі даць людзям магчымасць пазнаёміцца і добра правесці час, але задумацца, пераасэнсаваць некаторыя рэчы, даць штуршок для самаразвіцця.

На вечарах, якія ладзіць Алег, ужо ёсць свае пастаянныя наведнікі.

– Я ў Навасадах ужо трэці раз, – кажа Дар’я Хоміч, якая прыязджае з Нарочы. – Мне падабаецца тут творчая атмасфера, прырода. Вельмі цікава паразмаўляць з Алегам. Сваіх дзяцей у мяне пакуль няма, таму прыязджаю сюды разам з пляменнікамі – Ліянай і Германам.

Госць з Брэмена Марко гатуе нямецкія вафлі.

Пачастунак.

На дзень нямецкай культуры многія завіталі з дзецьмі, якія хутка перазнаёміліся і былі занятыя сваімі справамі.

– Мы пазнаёміліся з Алегам, калі ён прыехаў да нас у Нарочы распавесці пра свае мерапрыемствы, – дадае Надзея Лапінская, якая разам з дзецьмі не першы раз прыязджае ў Навасады. – З таго часу мы не прапускаем магчымасці правесці тут час.

Нямецкія госці  – Марко разам з сынамі Оскарам і Зімонам, – вучылі беларусаў рабіць свае нацыянальныя стравы. З сабой яны прыхапілі вафельніцу, якой больш за 60 гадоў. Традыцыйныя тонкія вафлі, Neues Wafell, у іх рэгіёне гатуюць першага студзеня. Але і ў сярэдзіне ліпеня беларускія дзеці з’елі ўсе да адной, дадаючы да іх варэнне, якое госці таксама прывезлі з сабой.

Ізноў пачастунак.

У Германіі Марко займаецца дызайнам і вырабам драўлянай мэблі. Таму для да наступнага пункта праграмы – дыхальных практыкаванняў і медытацыі, – ён прама на месцы з дошак сабраў маленькія зэдлікі. І пакуль старэйшыя дзеці спрабавалі ў доме заняць малодшых, дарослыя медытавалі на беразе возера.

Ад нямецкіх гасцей беларусы даведаліся пра сістэму адукацыі Мантасоры, па якой навучаюцца Оскар і Зімон у Германіі. Па ёй вучні самі выбіраюць прадметы і не маюць дамашніх заданняў, але ў канцы навучання мусяць здаць абавязковыя экзамены. Такая сістэма вучыць дзяцей распазнаваць свае зацікаўленасці і самастойна рабіць выбар. Школа Оскара і Зімона часткова фінансуецца мясцовымі ўладамі і часткова – бацькамі вучняў.

Дзеці — частыя госці Алега.

Гаспадар дома Алег паклапаціўся пра тое, каб яго госці не толькі пад’елі, але і даведаліся нешта новае для сябе. Таму для поўнага пагружэння ў нямецкую культуру падрыхтаваў для абмеркавання нямецкую музыку, а таксама цытаты нямецкіх філосафаў.

Завяршыўся нямецкі вечар пасядзелкамі ля вогнішча з прыгатаваннем традыцыйнай нямецкай стравы пад назвай Stock Brot.

– Мы загадзя замясілі дражджавое цеста, – распавёў пра страву Марко. – Цяпер яго трэба раскатаць у даўгую стужку і тонкім слоем наматаць на галінку, а пасля хвілін 10-15 смажыць над вогнішчам.

Знешне атрыманы хлеб нагадвае сасіску ў цесце, але ядуць яго і проста так, і ўпрыкуску з салодкім.

Тым жа, хто засядзеўся ў Навасадах і не патрапіў на апошні транспарт дадому, Алег ахвотна прапаноўвае застацца нанач. Пераначаваць можна не толькі ў хаце, але і на паддашшы пад адкрытым небам. Такі бескаштоўны тысячазоркавы гатэль – тое, што трэба гараджанам, што засядзеліся ў блочных дамах.

“Для мяне важна, каб кожная рэч дыхала ўтульнасцю”

Дом, у якім праходзяць мерапрыемствы, складана назваць звычайным. І сам дом, і двор пакуль знаходзяцца ў стадыі рамонту. Кожная дэталь крапатліва зробленая рукамі гаспадара. Пачынаючы ад выкладзенай камянямі сцежкі ў двары да свяцільняў над сталом у кухні.

Гульні на вадзе.

Зямля, на якой цяпер стаіць дом Алега, некалі належала да маёнтка Дзевятні, дзе жыў пісьменнік Ігнат Ходзька. Аб гэтым інфармуе мемарыяльны камень непадалёк ад дома.

Год таму, калі Алег перабраўся ў Навасады, на ўчастку стаяў толькі зруб, пабудаваны ў 50-х гадах. Але гаспадар прызнаецца, што шукаў не дом ці лакалізацыю, а атмасферу.

– Для мяне было важна, каб месца было з душой і сэрцам. А на ім я ўжо магу што заўгодна пабудаваць, – кажа Алег. – Тут, у двары возера, з аднаго боку – прыродаахоўная зона, таму суседзяў быць не можа. З іншага – вёска з двума мясцовымі жыхарамі.

За год гаспадар ужо разбудаваў зруб да паўнавартаснага дома, у якім цяпер ёсць газ, туалет і ванна з гарачай вадой. Таксама аднавіў гаспадарчую прыбудову і склеп. У працы ён прытрымліваецца прынцыпу – усё рабіць самастойна, не запрашаючы спецыялістаў.

Той самы гасцінны дом ля возера.

– Я раблю гэта па розных прычынах,  – кажа мужчына. – Па-першае, у працэсе я даведваюся шмат новага, і мне гэта цікава. Па-другое, калі ўсё робіш сам, то кожная рэч дыхае ўтульнасцю. І толькі тады, калі робіш сам, у цябе атрымаецца менавіта так, як ты гэта бачыш і хочаш. Да таго ж, калі праз нейкі час спатрэбіцца рамонт, я буду разумець усё знутры, мне не трэба будзе дапамога.

Свяцільнікі – з графінаў, жырандоля – з галінак

Многія рэчы, якія цяпер упрыгожваюць дом Алега, ён знайшоў на сметніцы ці ўзяў у тых, каму яны непатрэбныя. Ва ўмелых руках яны ператварыліся ў непаўторныя прадметы інтэр’еру. Свяцільнікі, што вісяць над сталом, зробленыя са старых шкляных графінаў. А цэглу, якой выкладзеныя сцены, гаспадару выпісалі з суседняга калгаса, бо там яна пылілася без справы.

– Гэту жырандолю я зрабіў пасля прагулкі па лесе, – Алег паказвае на галінкі дрэва, прымацаваныя да столі, з якіх звісаюць лямпачкі. Канструкцыя выглядае лёгка і проста, але разам з тым вельмі пасуе да агульнай атмасферы дома. – Пабачыў цікавую галінку, падумаў – прыкольна, трэба ўзяць з сабой. Дома апрацаваў, абматаў дратамі, і жырандоля гатовая.

Медытацыя на прыродзе.

Тыя рэчы, якія ўзятыя проста з крамы, гаспадар плануе замяніць на зробленыя сваімі рукамі. Напрыклад, уваходныя дзверы. Без іх у доме ніяк, але пакуль рукі не дайшлі зрабіць грунтоўныя драўляныя, Алег узяў у знаёмых звычайныя металічныя, якія засталіся ў іх пасля рамонту.

Нават вокны мужчына рабіў самастойна, хаця гэта быў першы досвед працы са шклом. Алег прызнаецца, што без памылак і недарэчнасцяў не абыходзіцца.

Вечарына спадабалася!

– Мне далёка да прафесійнага майстра, – заўважае ён. – Таму чарапіцу, якую я цяпер кладу над верандай, трэба будзе перакладваць. Не пад тым вуглом паклаў, працякае. Але мне гэта ў радасць. Яшчэ я ведаю, што сцены ў доме, якія я сам клаў, не ідэальна роўныя. Але не ўспрымаю гэта як памылку.

У гаспадара яшчэ шмат планаў. І па добраўпарадкаванні дома, і па тым, як напоўніць яго цёплай атмасферай і прыемнымі людзьмі. І калі ў апошнім вы гатовыя яму дапамагчы, то цяпер якраз найлепшы для гэтага час. Правесці жнівеньскі вечар з новымі знаёмымі за цікавымі размовамі ў доме ля возера – гэта лягчэй, чым можа падавацца.

Далучыцца да мерапрыемстваў у Навасадах лёгка: дастаткова знайсці ў сацсетках групу “Дом ля возера. Навасады”, пабачыць анонсы мерапрыемстваў і звязацца з гаспадаром, каб дамовіцца, як даехаць на месца.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце