weather -3° Маладзечна
weather -3° Вілейка
weather 4° Смаргонь
weather -3° Ашмяны
weather 0° Валожын
weather -3° Мядзел
weather 4° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
11.08.2018 12:57 ,

Падманам прысвойвалі чужыя мабільнікі — у Вілейцы будуць судзіць мужа і жонку

Яны куплялі ў мясцовых жыхароў мабільныя тэлефоны ў растэрміноўку, прысвойвалі іх і пры гэтым нічога не плацілі.

Пракуратура Вілейскага раёна накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачванні 28-гадовага мужчыны і яго 25-гадовай жонкі ў махлярстве з мабільнымі тэлефонамі.

Яны куплялі ў мясцовых жыхароў мабільныя тэлефоны ў растэрміноўку, прысвойвалі іх і пры гэтым нічога не плацілі.

Пракурор Вілейскага раёна Вадзім Шукрынаў распавёў карэспандэнту МЛЫН.BY:

— Следства ўсталявала чатыры эпізоды махлярства. Першы здарыўся летась у снежні, другі — у лютым, трэці і чацвёрты — у сакавіку. У трох з іх муж і жонка ўдзельнічалі разам, у адным – толькі жанчына. Схема была простая: муж з жонкай знаходзілі ў Інтэрнэце прыватныя аб’явы аб продажы мабільных тэлефонаў і звязваліся з прадаўцамі. У кожным выпадку яны адразу пагаджаліся на кошт мабільніка, якую называў прадавец.

Па словах Вадзіма Шукрынава, далей абвінавачаныя дамаўляліся пра растэрміноўку плацяжу, казалі, што грошы за тэлефон будуць перадаваць часткамі і пісалі адпаведную распіску.

Ні ў адным з выпадкаў не было нават першапачатковага ўнёску. Тэлефон пакупнікі забіралі ў абмен на распіску, кожны раз карысталіся абаяннем жаночай паловы крымінальнага дуэта.

Сярод тэлефонаў былі і новыя, і патрыманыя. Каштавалі па-рознаму: 100, 160, 600 і 810 рублёў. Агульны ўрон склаў каля 1700 рублёў.

Пасля афёры тэлефон або адразу прадавалі трэцім асобам, або нейкі час самі карысталіся ім.

На допыце сямейная пара скардзілася на цяжкае матэрыяльна становішча. Муж і жонка сцвярджалі, што менавіта недахоп грошай вымусіў іх падманваць. Жанчына ў гэтай сям’і не працуе, а мужчына мае толькі сезонную працу. Да таго ж, ён у растэрміноўку купіў машыну, якая яшчэ і зламалася.

— Абвінавачаныя, мабыць, думалі, што за такія дзеянні будуць адказваць у рамках грамадзянска-прававых адносін, — адзначае Вадзім Шукрынаў. — Але высветлілася, што за гэта ёсць крымінальны артыкул. Няведанне закона не вызваляе ад адказнасці. Да таго ж, у Мінску ў дачыненні да сямейнай пары распачалі аналагічную крымінальную справу. Там зафіксавалі не менш за два такіх жа эпізода.

Справу расследавалі па другой частцы артыкула 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Махлярства, якое здзейсніла група асобаў».

Злачынства караецца папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў або абмежаваннем волі на тэрмін да чатырох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце