weather -3° Маладзечна
weather -3° Вілейка
weather 4° Смаргонь
weather -3° Ашмяны
weather 0° Валожын
weather -3° Мядзел
weather 4° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
12.08.2018 10:34 ,

Чаканні і рэальнасць. Як маладзечанец аўтаспынам вандраваў па Грузіі, Турцыі, Расіі і Беларусі

Жыхар Маладзечна Сяргей Шабуня вырашыў першы раз у жыцці паспрабаваць аўтаспын. Карэспандэнт «РГ» пагутарыў з ім на гэтую тэму і перад падарожжам, і цяпер, калі хлопец ужо вярнуўся.

Усё часцей сустракаюцца людзі, якія імкнуцца да падобнага віду падарожжаў. Наколькі небяспечныя такія вандроўкі і чаму людзі абіраюць менавіта такім спосабам глядзець на свет?

Жыхар Маладзечна Сяргей Шабуня вырашыў першы раз у жыцці паспрабаваць аўтаспын. Карэспандэнт «РГ» пагутарыў з ім на гэтую тэму і перад падарожжам, і цяпер, калі хлопец ужо вярнуўся.

Чаканні
Спрабаваў аўтаспын у Беларусі
Перад паездкай Сяргей Шабуня вырашыў паспрабаваць аўтаспын у Беларусі. Ён выехаў з Маладзечна, узяў усе рэчы, што планаваў браць у падарожжа, толькі менш вады, ежы і грошай.

– Даехаў да Ліды і вярнуўся. Туды дабіраўся на чатырох аўто, дадому – на чатырох с паловай – пракаціўся трохі на мотаблоку, – смяецца Сяргей. – Стаяў ужо каля Валожына, машын было мала. Бачу, марудна едзе мотаблок па дарозе. Махнуў па прыколу, гляджу, а ён спыніўся метраў праз дзвесце. Я падумаў, што трэба раз пакатацца на гэтай штуцы, таму некаторы час ехаў на мотаблоку. Дарэчы, ніякай агароджы ў яго няма, калі фура побач праязджае, не вельмі добрыя ўражанні.

Сяргей заўважыў, што большасць машын не спынялася. Яго падвозілі пераважна мужчыны ці сем’і, жанчына была толькі адна.
– Мяркую, бяруць пасажыраў ці тыя, хто сам спынам ездзіў, ці каму трэба ехаць шмат кіламетраў у адзіноце. Канешне, сустракаюцца і проста добрыя людзі. Падвозіла мяне адна маладая сям’я. У іх быў цалкам запоўнены багажнік, на заднім сядзенні знаходзілася дзіця. Па дарозе я граў на ўкулеле – гэта невялікая гітара – і дзіця засынала. І сям’я была задаволеная, і я.

Як рыхтаваўся да падарожжа
Паехаць Сяргей захацеў адразу пасля Новага года, глядзеў відэа пра падобныя падарожжы. Але грошай амаль не было. На турыстычную сумку, абутак, паходныя рэчы ён патраціў каля 300 долараў.

– Я вырашыў паехаць менавіта ў Грузію, таму што не патрэбная віза. Яшчэ там ёсць і горы, і мора.


Быў на той момант гатовы ехаць і за сотню, есці аўсянку і радавацца, што жыву ў свеце. Але з’явілася праца і я зразумеў, што магу ўзяць у дарогу больш.
Наконт ежы, спачатку хацеў есці толькі крупы – і танна, і ў намёце гатаваць можна на газавай гарэлцы. Але ведаю сябе, я дастаткова лянівы. Калі маю грошы, лепш не буду марнаваць час, зайду ў краму і куплю паесці. Планую ўзяць у дарогу крупы і сухафрукты, – дзеліцца Сяргей.

Вялікіх страхаў наконт чужых краін хлопец не мае, але прызнаецца, што здзяйснення некаторых рэчаў не жадае.
– Па-першае, не хачу сустрэць «гопнікаў», апынуцца без рэчаў, грошай і дакументаў дзе-небудзь на дарозе не хочацца.
Па-другое, экзатычных жывёл накшталт павукоў ці змей. Яшчэ будзе непрыемна зламаць нагу недзе ў гарах.
На пытанне, што неабходна ўзяць у першы паход спынам Сяргей смяецца: «Галаву, наогул, аптымальны варыянт, калі ў цябе ёсць грошы і магчымасць, трэба ўзяць машыну і ехаць куды хочаш».


Калі не цяпер, то ніколі
– Жадаю, каб пасля паездкі мае погляды на жыццё змяніліся, не важна, у які бок. Хочацца змяніць каштоўнасці жыцця. Можа, зразумею, што праца наогул непатрэбная рэч і адпачынак – лепшы занятак. Ці наадварот, вырашу, што падарожнічаць не мае сэнсу, трэба стварыць сям’ю і будаваць дом. Але ўпэўнены: калі не цяпер, то потым можа не хапіць часу. Будуць дзеці, дом, крэдыты і адпачынак раз на год. Усяго пару тыдняў за год на мора…Жах.
Каб меў магчымасць, жыў бы кожны месяц у новай краіне. А праз пяць гадоў зразумеў, дзе мне лепш за ўсё, і застаўся там, – запэўнівае Сяргей.

Гэтая гутарка адбылася 28 мая.

Сяргей вярнуўся з паездкі 6 жніўня. Мы даведаліся, ці спраўдзіліся чаканні хлопца.

Рэальнасць.
Ехаў уперад, да мора
З Маладзечна ён выехаў 11 ліпеня. За адзін дзень праехаў палову Беларусі і апынуўся ў Расіі.
Амаль нідзе не спыняўся спецыяльна – рушыў уперад, да мора. У Грузію. Адзіным расійскім горадам, дзе вырашыў застацца на дзень, стала Масква. Там жыве яго сяброўка.


– Дарэчы, мяне высадзілі ў Люберцах – ішоў 15 кіламетраў да Масквы пешшу, ноччу, міма гопнікаў, спартсменаў, рыбакоў. Зусім мяне не чапалі, нават, пашкадаваў, – смяецца Сяргей.
Не спраўдзіліся і хваляванні наконт экзотыкі – павукоў і змей хлопец амаль не бачыў.

Парк, падобны да лесу
Большасць часу вандроўнік правёў у Грузіі – найбольш уразілі Тбілісі, Баржомі, Батумі, Мцхета і Вардзія.


– Тбілісі – сталіца Грузіі, таму там апрыёры прыгожа, шмат высокіх вулачак. Спадабалася статуя «Маці-Грузія» – адзін з сімвалаў горада. Яна знаходзіцца на вяршыні халма Салалакі. Туды можна дабрацца на пад’ёмніках ці па лесвіцах на вулачках, – распавядае Сяргей.

– У Баржомі паспрабаваў знакамітую ваду. Ехаў з мясцовым жыхаром, той прапанаваў спыніцца ля крыніцы.
Наогул, горад невялікі, але ў ім ёсць незвычайны парк, больш на лес падобны. Гуляў там два дні, пабываў на вадаспадзе ў парку, што цячэ з вяршыні гары.


Калі спаў у парку ля ракі ў намёце, сустрэў турыстаў з Турцыі, якія падарожнічалі спынам. Дапамог паставіць ім палатку, напаіў гарачым чаем раніцай – у мяне была газавая гарэлка. А яны падзяліліся турэцкімі прысмакамі.
У Батумі запомніліся святломузычныя фантаны. Іх яшчэ называюць «танцуючыя» – велізарныя бруі вады круцяцца пад рытмы разнастайнай музыкі.


Уразіў пячорны горад
– Найбольш за ўсё мне спадабалася Вардзія – гэта пячорны горад. Выглядае як вялікая скала. У ёй калісьці жылі людзі, яны выціскалі норы і карысталіся такімі «кватэрамі». Там змяшчалася каля 50 тысяч чалавек. Я даведаўся пра гэта, калі хадзіў па тых сцежках, дзе вадзілі экскурсіі.


Пабываў у Мцхеце – гэта самая першая сталіца Грузіі. На мой погляд, нічым цяпер не цікавы гарадок, але побач з ім знаходзіцца гара, на якой стаіць старажытны храм. З яго – незвычайны від на сутокі дзвюх рэк – Арагві і Куры.

У адзін дзень дзве краіны
Падарожнік ніколі не ведаў, дзе прачнецца ў наступны дзень – і гэта яму падабалася.


– Ты прачнуўся – і насупраць мора, гара ці плот які, усякае бывала.


Толькі аднойчы Сяргей правёў некалькі дзён на беразе мора ў Батумі. Каб не сядзець на месцы, вырашыў наведаць Турцыю. Да мяжы з ёю было ўсяго 20 кіламетраў.
Даехаў туды спынам, паказаў дакументы і апынуўся ў Турцыі. Пасядзеў некаторы час ля мора, адпачнуў і вярнуўся.


Надвор’е спрыяла добраму настрою. За ўвесь час паездкі дождж напаткаў Сяргея толькі два разы. Першы – ля нейкага адкрытага гаража, у якім вандроўнік яго і перачакаў. Другі – ноччу.
Дарэчы, спаў і ля засохлага возера, і ля рэк, і нават на беразе мора без палаткі.


Частавалі мясцовыя жыхары
З ежы Сяргей браў у падарожжа пачак рысу і пачак аўсянкі, кілбасу, хлеб, казінакі, вафлі. Але частку прывёз дадому.

– Я хадзіў па прыгожых месцах, катаўся, смачна еў і піў. У кафэ там такія стравы, якіх у нас няма. З мясцовых спрабаваў хінкалі, хачапуры, чурчхелу.
Але кафэ наведваў рэдка, за свае грошы – многа частавалі мясцовыя жыхары. Добрыя людзі, самі прапаноўвалі ежу, хоць я прасіў толькі падвезці ці набраць вады.
Грузінаў з дзяцінства вучаць гасціннасці. Можаш – дапамажы. Іх паводзіны, выхаванне пра гэта сведчаць.
Неяк зайшоў за вадой да мясцовага жыхара, а ён мне прапанаваў пераначаваць, – расказаў Сяргей.

У падарожжы хлопец патраціў каля 200 рублёў.

Хто ездзіць спынам
Сяргей расказаў, што па Грузіі ездзяць спынам шмат мясцовых жыхароў. Большасць з іх рускую мову ведае, але моладзь горш, чым старэйшае пакаленне.
Сяргей сустрэў і кітайца, які два месяцы правёў у дарозе.

– Ён разумеў толькі кітайскую мову, а кантактаваць неяк трэба. Мы малявалі «размовы» на пяску. Інакш патлумачыць, што трэба, да прыкладу, паставіць палатку, не маглі, – дзеліцца Сяргей.


Давялося падарожніку ўбачыць спыншчыка-земляка – той быў з Мінска.

Шмат залежыць ад чалавека
– Заўважыў, недзе траціна людзей з тых, хто мяне падвозіў, таксама ездзілі спынам. Але шмат залежыць ад чалавека.
Вось ёсць дзве машыны: з аднаго горада, нават з аднаго пад’езда. Але першы кіроўца ніколі не пагадзіцца падвезці, а другі хутка дапаможа.
Цяпер разумею – на дарозе адгадаць немагчыма, калі спыніцца чарговая машына. Можаш і пяць хвілін стаяць, і палову дня.


Калі Сяргей вярнуўся дадому, планаваў трохі адпачыць пасля падарожжа – ён праехаў каля 7000 кіламетраў. Хлопец прызнаўся, што трохі стаміўся ў дарозе. Цягнуць турыстычныя рэчы вагой каля 25 кілаграмаў, і праводзіць шмат часу ў машынах – цяжка. Але праца знайшлася адразу.

На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы VK ён напісаў: «Гэта было вельмі займальнае падарожжа, з мноствам розных гісторый і сітуацый, якія кожны дзень мяняліся. Гэтак жа, як і ўсе людзі, якія дапамагалі мне ў паездцы. Вялікі ім дзякуй. Я атрымаў незвычайны жыццёвы вопыт, мора эмоцый і новыя погляды на многае, але мне ўсё ж прыйшлося вярнуцца дадому… Хочацца верыць, што гэтая паездка была далёка не апошняй».

Фота і відэа прадастаўленыя Сяргеем Шабуням.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце