weather -3° Маладзечна
weather -3° Вілейка
weather 4° Смаргонь
weather -3° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather -3° Мядзел
weather 4° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
12.08.2018 19:45 ,

На канцэрце ў Маладзечне сабралі грошы на лячэнне смаргонскага хлопчыка (Фота)

Аліна Міхалёнак з песняй "Маленькі аркестр".

У мінулую нядзелю ў маладзечанскім амфітэатры зладзілі чарговы канцэрт выхаднога дня. Падобныя мерапрыемствы праводзяць тут штотыдзень, але гэты канцэрт тэатра песні "Мерыдыян" адрозніваўся ад іншых. Перад уваходамі ў амфітэатр стаялі валанцёры са скрынямі.

Кожны ахвотны мог па меры ўласных фінансавых магчымасцей дапамагчы пяцігадоваму жыхару Смаргоні Яраславу Салаўю.

З-за сваіх захворванняў Яраслаў не можа самастойна хадзіць і зусім не бачыць. Медыкі з нямецкага горада Мюнхена абяцаюць дапамагчы хлопчыку. Кажуць, можна вярнуць 60-80 працэнтаў зроку. Магчыма, спатрэбіцца аперацыя.

Ля ўвахода ў амфітэатр стаялі скрыні для ахвяраванняў.

Каб сабраць неабходную суму на лячэнне і рэабілітацыю Яраслава, у Смаргоні ўжо праводзілі некалькі дабрачынных канцэртаў: прыязджалі зоркі беларускай эстрады. Прапанову з іншага горада Іна Салавей атрымала ўпершыню.

Са мной звязаліся валанцёры з Маладзечна,– распавядае мама Яраслава. – Прапанавалі правесці канцэрт у падтрымку нашага сына. Я адразу пагадзілася. Думак пра тое, што за прапановай стаяць нейкія дрэнны намеры, не ўзнікала.

Сям’я Салавей прыехала на канцэрт без маленькага Яраслава.

На канцэрт са Смаргоні прыехала амаль уся сям’я Салавей. Толькі маленькі Яраслаў застаўся з бабуляй і дзядулем.

А пачыналася ўсё з прыватнай ініцыятывы

Дабрачынны канцэрт у падтрымку хворых дзяцей ладзяць у Маладзечне трэці раз. Традыцыйна арганізатарамі выступае творчы тандэм з Маладзечна – спявак Дзмітры Іваненка з жонкай Таццянай і спявачка Алеся Кульша. Далучаюцца сябры – выканаўцы з Маладзечна і Мінска.

У 2015 годзе сабралі грошы на лячэнне анкалагічна хворай дзяўчынкі з Жабінкі, у 2017 дапамаглі хлопчыку Кірылу з Брэста: сабраная тысяча рублёў дапоўніла суму, якая ўжо была ў сям’і. Цяпер Кірыл з бацькамі збіраецца на лячэнне за мяжу. Сёлета знайшлі дзіця бліжэй, з нашага рэгіёна.

Вядучыя і арганізатары канцэрта Дзмітры Іваненка і Алеся Кульша.

А пачыналася добрая справа з прыватнай ініцыятывы.

– У 2015 годзе з мужам вырашылі правесці дабрачынны канцэрт для дзяўчынкі з Брэста, – распавядае маладзечанка Таццяна Іваненка, адна з пастаянных арганізатараў канцэрта. – Муж тады якраз удзельнічаў у адным з музычных праектаў на тэлебачанні. Сабраў сяброў з таго праекта, і людзі з усёй Беларусі прыехалі да нас. Усіх прытулілі ў сябе ў кватэры.

На дапамогу пагаджаюцца не ўсе

Да наступнага канцэрта ўжо далучылася Алеся Кульша. У арганізацыйных і побытавых пытаннях стала прасцей. Ды і абавязкі падзяліліся: Алеся Кульша стала адказваць за сцэнарый і артыстаў, Таццяна ўзяла на сябе збор грошай.

Дзяцей, якім патрэбная дапамога, арганізатары шукаюць праз групы ў сацыяльных сетках. Асабліва шмат такіх было, па словах Таццяны, у 2014-2015 гадах.

Некаторыя гледачы на канцэрт прыходзілі з кветкамі.

Сутыкнуліся з тым, што падобныя групы часта ствараюць людзі, якія не маюць непасрэдных адносін да хворага дзіцяці. І часам цяжка бывае выйсці на бацькоў, знайсці іх нумары тэлефонаў.

Па назіраннях Таццяны, прапанову правесці дабрачынны канцэрт блізкія хворага сустракаюць па-рознаму: хтосьці пагаджаецца адразу, хтосьці доўга маўчыць і не верыць у поспех мерапрыемства. Ёсць і такія, што ў дзейнасці арганізатараў бачаць нядобрыя намеры ўзбагаціцца.

На канцэрт прыехалі некаторыя сталічныя спевакі

Людзі на такія канцэрты прыходзяць розныя і ахвяруюць па-рознаму. Хто не захапіў з сабой грошай, але хоча дапамагчы, можа ахвяраваць пасля на разліковы рахунак. Лістоўкі з рэквізітамі раздаюць валанцёры на ўваходзе. Летась сярод сабраных грошай была валюта: долары і грыўны.

Будучая мама Алёна Пархімовіч-Бойка спявала калыханку.

Для гледачоў гучала скрыпка.

На сёлетнім канцэрце «Тэрыторыя сэрца» ўдзельнічалі Алеся Кульша, Алёна Бойка-Пархімовіч, Дзмітры Іваненка, Аліна Міхалёнак, Вераніка Ліпніцкая, Ульяна Лінок, Яна Даўбенка, Надзея Сліж, Яўген Бандзюк, Ульяна Бандаронак, Юры Баравец, Дзмітры Рудык. Спецыяльна са сталіцы прыехаў цыганскі спявак Рамір Баро. Усе выступалі бясплатна.

У дабрачынныя скрыні маладзечанцы сабралі 430 рублёў. Быццам бы невялікая сума. І ўсе ж…

Фота аўтара.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце