weather 0° Маладзечна
weather 0° Вілейка
weather 7° Смаргонь
weather 0° Ашмяны
weather 7° Валожын
weather 0° Мядзел
weather 7° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4102
1 долар 2.1449
100 рас.руб. 3.169
15.08.2018 16:15 ,

“Ужо з-за цемры мяча не бачна, а мы ўсё гуляем…” Маладзечанка распавяла, як у 1950-1970-х моладзь бавіла час на гарадскім стадыёне

1960 год. На стадыёне трактарнага завода ў Мінску гуляюць у валейбол каманды з Маладзечна і Барысава. У цэнтры - Соф'я Валаснікова. Фота з сямейнага архіва Соф'і Валоснікавай.

У валейбол маладзечанка Соф’я Валаснікова гуляла больш за 50 год. Яна бачыла, як у Маладзечне адкрылі спартыўную школу, і ведае пайменна ці не ўсіх спартсменаў рэгіёна. Памятае тыя часы, калі лепшым месцам для збору моладзі быў гарадскі стадыён і як маладзечанцы куплялі білеты, каб падзівіцца на валейбольныя спаборніцтвы.

Стадыён быў у свабодным доступе

Соф’і Аляксандраўне ідзе 82 год. У спорце яна ад 1948. Ад гэтага часу хадзіла гуляць на гарадскі стадыён разам са старэйшым братам і сябрамі.

– Тады дзе было збірацца моладзі? Толькі на стадыёне, – прыгадвае мая субяседніца 1950-я. – Тут было дагледжанае футбольнае поле, баскетбольная пляцоўка і дзве валейбольныя – для мужчын і для жанчын. Таксама мелася добрая лёгкаатлетычная дарожка, пляцоўкі для гульні ў гарадкі і штурхання ядра.

У гады маладосці маёй субяседніцы стадыён быў у свабодным доступе. Ужо скончыўшы школу і раз’ехаўшыся вучыцца далей, падчас летніх канікулаў моладзь усё роўна збіралася на любімым стадыёне: трэніраваліся самі, назіралі, як гуляюць іншыя, проста гутарылі. А ў 1957 годзе шмат моладзі сабралася на стадыёне, каб паназіраць за вялікім сонечным зацьменнем.

Так стадыён у Маладзечне выглядае сёння. Фота tut.by.

Спартыўнай Соф’я Аляксандраўна была заўсёды. Можа таму, што недаядала ў дзяцінстве, кажа яна. А яшчэ таму, што хацела стаць лётчыцай. Сваякі, гледзячы на дзяўчынку, казалі, што ёй трэба было нарадзіцца хлопчыкам.

У 1953 годзе дзевяцікласніца вучаніца маладзечанскай школы №3 ўдзельнічала ў спартакіядзе для школьнікаў тады яшчэ Маладзечанскай вобласці. Вызначылася ў скачках у вышыню. Скокнула метр сорак і заняла другое месца. Першай стала вучаніца школы №1 Тася Патапава. Першае месца ў той спартакіядзе мая субяседніца атрымала па бегу з бар’ерамі на дыстанцыю 80 метраў.

У час спартыўнага юнацтва Соф’і Аляксандраўны існавала Маладзечанская вобласць. Фота yaklass.by.

Пасля якім толькі спортам не займалася! Была чэмпіёнкай Маладзечанскай вобласці па кіданні дыска і штурханні ядра, каталася на лыжах, каньках, плавала, гуляла ў настольны тэніс. За свае спартыўныя дасягненні мае безліч узнагарод.

І ўсё ж валейбол…

У 1955 годзе, прыгадвае Соф’я Алясандраўна, у Маладзечне адкрылі спартыўную школу. Пад яе аддалі будынак былога настаўніцкага інстытута. Дырэктарам школы стаў Павел Нецвятаеў. Пачала развівацца лёгкая атлетыка.

Дзякуючы заняткам у Паўла Нецвятаева ў дзяўчыны з’явіліся поспехі ў індывідуальных відах спорту. Мама Соні, таксама  Соф’я, пераконвала дачку, што лепш займацца кіданнем дыска. Там кожны сам за сябе.

Але любімы валейбол быў па-за канкурэнцыяй:

– Ну, што гэты дыск: кінуў, а пасля бяжы за ім, а пасля зноў кідай, – дзеліцца Саф’я Аляксандраўна. – Іншая справа – валейбол.

Тут і відовішчнасць, і прыгажосць, і заўзятары з крыкамі “Со-ня! Со-ня!” На нашы спаборніцтвы нават уваход платны быў, білеты прадавалі.

У 1958, 1960, 1972 і 1977 гадах гераіня публікацыі была капітанам жаночай зборнай медыкаў Беларусі па валейболе.

Нам бы гэту дзяўчынку

Шмат спартыўных спаборніцтваў ладзілі ў рэгіёне. Па словах Соф’і Аляксандраўны, кожны працоўны калектыў, школа і сярэдняя навучальная ўстанова павінны былі выстаўляць на спаборніцтвы ўласную каманду, а то і дзве – мужчынскую і жаночую.

Не дзіўна, што добрых спартсменаў былі рады прыняць і на шматлікія прадпрыемствы, і ў навучальныя ўстановы. Пабачыўшы гульню валейбалісткі з Маладзечна, яе клікалі і ў педагагічны інстытут, і ў наргас.

“Нам бы гэту дзяўчынку” – чула яна ад розных трэнераў. Але дзяўчынка скончыла курсы рэнтген-лабарантаў і сорак год адпрацавала ў дзіцячай бальніцы.

Шмат гадоў гуляла ў валейбольнай камандзе маладзечанскіх медыкаў. Каманду ведалі ва ўсёй Беларусі. Каля дзесяці год маладзечанскія валейбалісткі-медыкі ўтрымлівалі першынство на рэспубліцы, перамагаючы сталічных спартсменак. Паспяхова выступалі ў Вільні, Нальчыку, Краснадары.

Не сталі мірыцца з несправядлівасцю

Калі ў чарговы раз каманда перамагла на рэспубліцы, сталі чакаць запрашэння на ўсесаюзныя спаборніцтвы. Але дзесьці “навярху” вырашылі, што замест каманды  медыкаў з Маладзечна выступаць за Беларусь паедуць мінчане. Маўляў, на ўсесаюзных гуляюць адны майстры спорту, і маладзечанская каманда будзе вельмі несалідна побач з імі выглядаць.

Пакрыўджаныя маладзечанскія валейбалісткі напісалі абуральны ліст у газету «Савецкі спорт».

Дзяўчаты-маладзечанкі, узрушаныя такой несправядлівасцю, напісалі абуральныя лісты ў высокія спартыўныя інстанцыі і ў газету “Савецкі спорт”. У выніку выступаць за Беларусь паехала каманда з Маладзечна.

Камяні замест трэнажораў

Час на спорт у Соф’і Аляксандраўны знаходзіўся заўсёды. Пасля працы, паліўшы агарод, на які трэба было сорак вёдзер вады, Соф’я Валоснікава са сваімі сябрамі-аднагодкамі бегла або на гарадскі стадыён, або ў былы Дом прафсаюзаў (цяпер маладзечнаская школа мастацтваў) гуляць у настольны тэніс. Калі з’явіўся сын, брала яго з сабой на трэніроўкі.

Апошнія свае гульні Соф’я Аляксандраўна гуляла ў пачатку 1990-х. Па-ранейшаму прыходзілі адданыя заўзятары, якія падтрымлівалі любімую каманду праз дзесяцігоддзі.

Пытаюся ў маёй субяседніцы, як у яе атрымлівалася так доўга трымаць сябе ў добрай спартыўнай форме. Магчыма, правільнае харчаванне ды трэнажоры?

– Ды што вы?! – смяецца Соф’я Аляксандраўна. – Харчаванню былі рады любому. Ежу па талонах куплялі. А замест заняткаў у трэнажорнай зале разам з сяброўкай бралі вялікія камяні і кідалі іх праз сябе, каб нарасціць мышцы.

Спартыўным быў і Маладзечна, і рэгіён

Маладзечна, ды і ўвесь рэгіён, па ўспамінах маёй субяседніцы, быў вельмі спартыўным. У маладзечанскай чыгуначнай школы (цяпер сёмая гімназія) былі добрыя паказчыкі ў футболе, першая школа славілася лёгкаатлетамі.

 Адным з самых распаўсюджаных відаў спорту ў Маладзечне быў валейбол. Меліся пэўныя поспехі і ў лёгкай атлетыцы. За горад выступаў бягун міжнароднага класа Аляксандр Цімафеенка. Выдатна праяўляў сябе ў скачках у вышыню кавалер ордэна Леніна Уладзімір Сідараў.

На Маладзечаншчыне было некалькі спартыўных таварыстваў: “Лакаматыў”, “Дынама”, “Спартак”, “Ураджай”, “Чырвонае знамя”, у якім Соф’я Аляксандраўна ў юнацтве нейкі час працавала.

У Смаргоні развіваўся баскетбол, у Вілейцы – лёгкая атлетыка. Моцны трэнер па лёгкай атлетыцы Шырынскі працаваў і ў Астраўцы. Тут ён падрыхтаваў чэмпіёнку Беларусі Караліну Пятровіч. Не менш спартыўнымі былі Ашмяны. Спартсменаў адтуль нашы хлопцы нават пабойваліся крыху, прызнаецца Соф’я Аляксандраўна.

На спаборніцтвы – з кірзавым мячом

Мая субяседніца прыгадала, што на валейбольныя пляцоўкі не раз даводзілася выходзіць з траўмамі. Ды на пачатку яе “спартыўнай кар’еры” і абсталяванне жадала лепшага.

Старыя валейбольныя мячы былі нязручнымі для спартсменаў. Фота meshok.net.

– Добрыя валейбольныя мячы з’явіліся толькі ў канцы 1950-х, – распавяла спартсменка. – Якое гэта было шчасце!  Бо пачыналі мы гуляць цяжкімі кірзавымі мячамі на шнуроўках. У мяне ад іх усе пальцы павыбіваныя…

Нядаўна ўнук Саф’і Аляксандраўны ездзіў у Чэхію. Ведаеце, які падарунак ён прывёз бабулі па яе замове? Прыгожы сучасны валейбольны мяч.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце