weather 11° Маладзечна
weather 11° Вілейка
weather 18° Смаргонь
weather 11° Ашмяны
weather 15° Валожын
weather 11° Мядзел
weather 18° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4436
1 долар 2.0884
100 рас.руб. 3.1453
18.08.2018 08:00 ,

Не працуюць і не натхняюцца праграмай КПСС: што пісала маладзечанская «раёнка» пра дармаедаў 1960-х

З публікацый маладзечанскай раёнкі даведваешся, што ў 1960-я залічыць у дармаеды маглі за продаж яблыкаў з уласнага сада. Фота

Напачатку 1960-х маладзечанская раённая газета «Сцяг кастрычніка» друкавала шмат матэрыялаў, у якіх выкрывалі дармаедаў. Прапаную некаторыя з іх.

Дармаедам і самагоншчыкам – ганьба!

У No65 1 чэрвеня 1961 года пад назвай «Строга захоўваць сацыялістычную законнасць» змясцілі справаздачу з сесіі райсавета дэпутатаў.

«…Выступаўшыя на сесіі старшыня калгаса імя Янкі Купалы тав. Кашэўскі Ю.Ю., старшыня Ушаўскага сельсавета тав. Мацкевіч С.І., загадчык райфа тав. Шапіра Я.М., начальнік аддзела міліцыі тав. Увараў П.С. і іншыя з вялікім абурэннем гаварылі аб дармаедах і розных шабашніках, з якімі да апошняга часу ў раёне не вялася належная барацьба.

Выступаўшыя зыходзіліся на тым, што ў кожным населеным пункце раёна ў бліжэйшы час неабходна правесці сходы грамадзян, на якіх абмеркаваць Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 15 мая 1961 года “Аб узмацненні барацьбы з асобамі, якія ўхіляюцца ад грамадскай працы”, а таксама Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР “Аб узмацненні адказнасці за самагонаварэнне”. Дармаедам, самагоншчыкам і ўсім тым, хто вядзе антыграмадскі, паразітычны спосаб жыцця, павінна быць аб’яўлена рашучая і бязлітасная барацьба.

Справядліва гаварылі аб тым, што органам народнага суда і пракуратуры неабходна забяспечыць строгае захаванне патрабаванняў закона аб узмацненні барацьбы з асабліва небяспечнымі злачынцамі, не дапускаючы аслаблення мер судовага ўздзеяння да раскрадальнікаў сацыялістычнай уласнасці, хуліганаў і іншых злачынцаў. Сесія прыняла разгорнутае рашэнне, у якім намечаны практычныя мерапрыемствы па ўмацаванню сацыялістычнай законнасці і грамадскага парадку ў раёне.»

З мэтай нажывы купіў быка-вытворніка

У N 81 за 8 ліпеня 1961 года чытачы маглі азнаёміцца з рэпартажам з залы суда. Судзілі дармаеда са стажам Станіслава Сабалеўскага, дрэнная слава пра якога хадзіла ў вёсцы Развадова і ва ўсім Мясоцкім сельсавеце.

«Яшчэ юнаком ён стаў на шлях паразітычнага спосабу жыцця. Але праз некаторы час дробныя кражы, хуліганствы яго ўжо не задавальнялі. У сваёй бруднай дзейнасці ён пайшоў далей – стаў бандытам.

Як гавораць, да пары збан ваду носіць. Папаў і Станіслаў Сабалеўскі ў рукі. Ён быў асуджаны да 25 год пазбаўлення волі. Між тым горкі ўрок мінулага не пайшоў на карысць злачынцу. Вызваліўшыся па амністыі ў 1954 годзе з заключэння, Сабалеўскі доўгі час не займаўся грамадска-карыснай працай, як і раней працягваў весці паразітычны спосаб жыцця.

І вось Станіслаў Сабалеўскі зноў на лаве падсудных. На гэты раз за крадзеж жыта ў калгасе “Усход”. Злодзею пашанцавала – яго асудзілі на невялікі тэрмін. А ў студзені 1961 года ён зноў вярнуўся дамоў. Здавалася б, што гэты дармаед са стажам зменіць характар свайго жыцця, зразумее, нарэшце, што такім людзям не месца ў нашым савецкім грамадстве. Але гэтага не здарылася. Станіслаў Сабалеўскі рашыў працягваць “рабіць” грошы несумленным шляхам. З мэтай нажывы ён купіў… быка-вытворніка.

– Вось махляр! – здзіўляліся аднасяльчане.

Суд вынес прыгавор аб высяленні Сабалеўскага ў спецыяльна адведзеную мясцовасць тэрмінам на пяць год з абавязковым прыцягненнем да працы па месцы пасялення. Прыгавор суда з задавальненнем сустрэт грамадаскасцю.»

Матэрыял падпісаны выканальнікам абавязкаў мірайпракурора Петухам.

Зручней ноччу прыхапіць мяшок калгаснай бульбы

Нумар 132 ад 4 лістапада піша пра дармаедаў у Насілаўскім аддзяленні саўгаса «Маладзечанскі».

«Вялікі працоўны ўздым пануе зараз у Насілаўскім аддзяленні саўгаса “Маладзечанскі”. Калектыў рабочых, натхнёны новай Праграмай КПСС, працуе з падвоенай энергіяй. Аднак, як кажуць, у сям’і не без уроду. У нас ёсць яшчэ асобныя людзі, якія не прывыклі працаваць, не прыносяць карысці грамадству, жывуць за кошт добрасумленных рабочых. Узяць да прыкладу хутараніна Цатку. Сам гаспадар не працуе, ухіляецца ад грамадскай работы і яго жонка Ніна.

Сям’я карыстаецца прысядзібным участкам у 1,29 гектара, большую частку яго займае сад. Цатка па спекулятыўных цэнах прадае яблыкі ў розных гарадах. Але гэта хапугу не задавальняе. Ён жывіцца саўгасным дабром. Прывядзём адзін з апошніх фактаў.

Вакол хутара была пасаджана саўгасная бульба. Вырасла яна наславу. Клубні адзін у адзін, буйныя. Але пачалі рабочыя ўбіраць ураджай і здзівіліся. Пад многімі кустамі пуста – падкапаны. Хто ж займаецца гэтым? Усе рашылі выявіць злодзея.

Сумесна з брыгадзірам Паўлам Кірыленкам на ахову бульбы ноччу выйшла некалькі чалавек. Пад раніцу на палетку з’явілася жанчына. Яна накапала добрага паўмяшка клубняў і хацела ўжо ісці дамоў. Але яе затрымалі на месцы злачынства. Ёй аказалася жонка Цаткі – Ніна. Бачыце, ісці на копку бульбы днём у саўгас і атрымаць за добрасумленную працу не хоча, дармаеду зручней ноччу прыхапіць мяшок-другі саўгаснай бульбы.

Дармаеды абкрадваюць добрасумленных людзей. Трэба рашуча з імі змагацца. На жаль, падобныя цаткі жывуць прывольна. Цатка і яго жонка жывуць у адным доме з цешчай, разам харчуюцца, апрацоўваюць участкі, але фармальна па гаспадарчай кнізе ў Цюрлёўскім сельсавеце лічацца асобнымі сем’ямі. У выніку гэтага маюць два прысядзібныя ўчасткі, трымаюць больш устаноўленай колькасці жывёлы. Настаў час навесці ў гэтай справе парадак.                    Чым менш будзе дармаедаў, тым хутчэй мы будзем рухацца ўперад, да камунізма.»

Няўжо дармаедку нельга заклікаць да парадку?

У №6 ад 13 студзеня 1962 года чытачам прапанавалі матэрыял «Дармаедка-дэбашырка» пра жыхарку пасёлка Беразінскі Феню Странкоўскую.

«Днём у рабочы час, ці вечарам гэту жанчыну часта можна сустрэць то ў магазінах пасёлка, то ў памяшканні заводаўпраўлення, або дома, дзя тая ляжыць на ложку. Можна падумаць, што жанчына хворая і ёй нельга працаваць. Не.

Наадварот, наконт здароўя многія могуць ёй пазаздройсціць. Гэта проста дармаедка, якая вось ужо на працягу амаль двух год ухіляецца ад працы. Странкоўскую  не раз уладкоўвалі на работу, але больш двух-трох тыдняў на адным месцы яна не папрацуе, а ў апошні час наогул не імкнецца ўладкоўвацца на работу.

Грошы, якія атрымлівае на выхаванне двух дзяцей, яна прапівае, часта хуліганіць. Странкоўская ўжо неккалькі разоў прыцягвалася за гэта да судовай адказнасці, але вывадаў не зрабіла. Нядаўна Странкоўская зноў брыдкасловіла ў харчовым магазіне пасёлка. Будучы ў п’яным выглядзе, яна дамагалася купіць хмяльнога. Няўжо дармаедку нельга заклікаць да парадку?» – пытаецца аўтар С. Харытонаў.

Барацьба з дармаедамі – справа кожнага

Допіс пад такой назвай з’явіўся на старонках маладзечанскай раённай газеты 1 чэрвеня 1962 года пад рубрыкай «На маральна-этычныя тэмы».

«Добрасумленная праца на карысць грамадства: хто не працуе, той не есць» – гэта адзін з важнейшых прынцыпаў, які ўваходзіць у маральны кодэкс будаўніка камунізма. Выхаванне чалавека ў камуністычным духу немагчыма без яго ўдзелу ў грамадска-карыснай працы. Праца выхоўвае ў чалавеку высокія маральныя якасці.

Рысы новага чалавека – чалавека камуністычнага будучага ўжо зараз увасабляюць у сябе лепшыя нашы працаўнікі, якіх народ па праву называе маякамі камунізма. Але побач з маякамі ёсць яшчэ і такія людзі, якіх інакш як дармаедамі, трутнямі не назавеш. Не жадаючы сумленна працаваць, нічога не даючы грамадству, яны хочуць жыць за яго кошт. Хто не ведае базарных гандлярак – сясцёр Т.А. Вароніну і А.А. Захараву? Мужы іх працуюць, а яны на працягу усяго года займаюцца спекуляцыяй.

Гэта яны ў базарныя дні надакучліва ліпнуць да сумленных людзей з прапановай купіць нейлонавыя і капронавыя блузкі, шалі, дзіцячыя шарсцяныя і капронавыя шапачкі. Іх неаднаразова затрымлівалі работнікі міліцыі на рынках у Маладзечна і Вілейцы. Аб іх гаварыла і насценная газета гораддзела міліцыі, але канкрэтных мер да іх так і не прынята да гэтага часу. Гавораць, дробная спекуляцыя і, напэўна, чакаюць пакуль яна перарасце ў буйную афёру. А сёстры-спекулянткі, між тым, карыстаюцца гэтым.

П’янствуюць, навязваюць людзям свае паслугі, не плацяць аліменты

А вось другая форма дармаедства і бытавога разлажэння. Многія ў горадзе ведаюць краўцоў Н.Д. Шкадуна і Н.Г. Капцюга. Адзінае іх імкненне – больш урваць ад грамадства і менш зрабіць для яго. Шкадун і Капцюг развяліся з жонкамі, пакінулі дзяцей. Ухіляючыся ад уплаты аліментаў. А таксама ад абкладання падаткамі, яны ходзяць з кватэры ў кватэру і навязваюць людзям свае паслугі.  Прычым, абодва неаднаразова судзімыя: Шкадун – за хуліганства, Капцюг – за жульніцтва, падман заказчыкаў.

Нічога добрага нельга сказаць і аб рамізніках М.Д. Самалю і В.І. Чаеўскім. Абодва яны не працуюць, трымаюць коней. Ад узорвання агародаў грамадзянам маюць немалыя даходы, а свой промысел у фінорганах не рэгіструюць. Акрамя таго, абодва п’янствуюць, наладжваюць бойкі. Неаднаразова прыцягваліся да суровай адказнасці за хуліганства. У маі месяцы Самаль, напрыклад, уварваўся п’яны ў дом суседзяў Пятра і Васіля Навашаў і ўчыніў там бойку.

Як патуранне дзялкам і жулікам садзейнічае дармаедству

Нярэдкія ў нас і такія выпадкі, калі некаторыя кіраўнікі гаспадарчых арганізацый замест таго, каб назаўсёды зачыніць усе ўваходы для антыграмадскіх элементаў, хочуць яны гэтага ці не хочуць, ствараюць ім спрыяльныя ўмовы. Іменна так зрабіў начальнік будупраўлення 64 тав. Кірылаў.

Ён заключыў працоўнае пагадненне з прыватнымі асобамі – мужам і жонкай Дзям’янавымі на адбор і падшыўку дакументаў, заплаціў ім 110 рублёў.  Гэтую работу ім з поспехам мог бы выканаць камбінат бытавога абслугоўвання.  Патуранне ўсялякага роду дзялкам і жулікам – адна з умоў, што садзейнічае дармаедству.

Паразітычныя элементы жывуць не дзе-небудзь на іншай планеце. Іх бачаць, з імі сутыкаюцца многія людзі – суседзі, знаёмыя, службовыя асобы. Але вось што крыўдна: часта на дармаедства і хцівасць мы глядзім раўнадушна, прытрымліваючыся прынцыпу : мая хата з краю. А гэта якраз і трэба дармаедам. Не так павінна быць.

Вакол такіх асоб трэба ствараць абстаноўку ўсеагульнага асуджэння і пагарды. Барацьбу з дармаедствам, як ганебным перажыткам мінулага, трэба весці рашуча, да поўнага яго выкаранення. Гэта справа не толькі адміністрацыйных, судовых органаў, але і ўсёй грамадскасці, кожнага чалавека – актыўнага будаўніка камунізма.» – піша старшы інспектар гарадскога фінансавага адддзела М. Рэшатаў.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце