weather 11° Маладзечна
weather 11° Вілейка
weather 18° Смаргонь
weather 11° Ашмяны
weather 15° Валожын
weather 11° Мядзел
weather 18° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4436
1 долар 2.0884
100 рас.руб. 3.1453
19.08.2018 13:57 ,

“Песняры” і “J:mors” выступілі на бясплатным канцэрце ў Маладзечне не проста так. Тлумачым, што да чаго

Саліст “J:mors” падзяліўся, калі выйдзе новы альбом групы і пахваліў маладзечанцаў. За што — чытайце далей.

11 жніўня ў амфітэатры прайшоў канцэрт у гонар святкавання 15-годдзя праграмы транспамежнага супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна”. Яна працуе ў межах Еўрапейскага інструмента суседства і партнёрства і падтрымлівае праекты, накіраваныя на развіццё ўздоўж знешніх межаў ЕС, дапамагае палепшыць узровень жыцця ў краінах-удзельніцах.

Толькі ў перыяд 2007-2013 гадоў у праграме рэалізавалі 117 праектаў на суму больш за 170 мільёнаў еўра. Адным з праектаў рэспубліканскага ўзроўня ў межах праграмы стала рэканструкцыя  беларускай часткі памежперахода “Пясчатка”, што на мяжы з Польшчай. Аб’ём фінансавання ЕС склаў каля 11 мільёнаў еўра.

У Маладзечне зладзілі адзін з чатырох канцэртаў, якія правялі ў рамках праграмы ў Беларусі.

Першымі выступілі “Песняры”. Прагучалі “Белавежская пушча”, “Касіў Ясь канюшыну”, акапэльна выканалі паланэз Агінскага. Пасля выступу ўсе ахвотныя маглі зрабіць фота з выканаўцамі.

У сучасным складзе ансамбля – ураджэнец Маладзечна Артур Міхайлаў, які атрымаў гран-пры рэгіянальнага фестывалю-конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Адна зямля» ў 2012 годзе.

Пугач танцаваў з глядачкай

Падчас выступу “J:mors” саліст гурта Уладзімір Пугач выйшаў са сцэны да публікі і нават станцаваў з адной з наведвальніц. Прагучалі “Глядзі”, “Не памірай”, “Ледаколы”, “Беларускае золата”. Калі гучала апошняя песня, саліст запрасіў гледачоў уключыць ліхтарыкі на тэлефонах і падняць рукі ўгору.

–  Публіка жывая і актыўная. Заўжды адчуваю энэргаабмен – ты аддаеш, і адразу атрымліваеш назад, — падзяліўся спявак у размове з карэспандэнтам “РГ”. — Я слухаю ўсе жанры: джаз, хіп-хоп, рок, поп, вельмі люблю этна-музыку. З беларускіх рок-выканаўцаў падабаецца Nizkiz, Akute. Ведаеце, як пішуць песні? З дапамогай мыслевобразаў. Ідэі прыходзяць не тады, калі павінны, а калі самі вырашаць. А наш наступны альбом выйдзе ў 2019 годзе, і прыкладна палова ўжо гатовая.

Пугач не абмінуў кампліментам горад:

— Маладзечна мне падабаецца, асабліва гарадскі парк – прыгожы. Беларускія невялікія гарады зусім розныя. Заўсёды бачна, дзе людзі даглядаюць за прасторай, за атмасферай у горадзе. Маладзечна – адзін з такіх.

Чаму прыехалі ў Маладзечна

Канцэрт у Маладзечне стаў завяршальным у межах праграмы. Усяго зладзілі 14 бясплатных канцэртаў у трох краінах — у рэгіёнах, што ўваходзяць у тэрыторыю праграмы.

– Кожная краіна выбірала канцэрты на свой густ, галоўнае, каб яны былі звязаныя па магчымасці з праектнай дзейнасцю, – паведаміў Максім Алданаў, кіраўнік прадстаўніцтва праграмы “Польшча-Беларусь-Украіна” 2014-2020 у Беларусі.

У Беларусі вырашылі зладзіць сярэдневечны, класічны, народны і сучасны канцэрты.

– Маладзечна мае добрую сцэну ў Летнім амфітэатры, мы вырашылі правесці тут асноўны завяршальны канцэрт, запрасіць зорак беларускай эстрады. Абралі менавіта гэтыя калектывы, таму што “Песняры” – легенда, беларусы, палякі і ўкраінцы іх ведаюць і любяць. “J:mors” – папулярны беларускі гурт, – расказаў Алданаў.

На ўсіх канцэртах прадстаўлялі кампазіцыі польскіх, беларускіх і ўкраінскіх выканаўцаў.

Падчас канцэрта наведвальнікі маглі зрабіць здымак на памяць ў фотабудцы. На фота — чарга да яе.

– У Гомелі выступаў гарадскі сімфанічны аркестр, гралі мелодыі гэтых краін, да прыкладу, паланэз Агінскага. У Камянцы былі “Стары Ольса” і “Irdorath”, – распавяла Валянціна Цюхай, арганізатар канцэртаў па святкаванню 15-годдзя праграмы.

Што зрабілі дзякуючы праграме

На працягу 15 гадоў праграма трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна” дапамагае развіваць прыгранічныя раёны гэтых краін. Яе праводзілі ў тры перыяды – 2004-2006, 2007-2013, 2014-2020.

За гэты час рэалізавалі шмат праектаў. Яны накіраваныя на ахову здароўя, абарону і пашырэнне культурнай і прыроднай спадчыны прыгранічных рэгіёнаў, рамонт і будаўніцтва дарог, бяспеку, паляпшэнне інфраструктуры пагранічных пунктаў пропуску. Усе праекты некамерцыйныя.

Да прыкладу, Мінскі абласны раддом закупіць абсталяванне на суму каля 800 тысяч еўра. Адрэстаўравалі Гудзевіцкі музей. Брэсцкая абласная бальніца дла правядзення аперацый на сэрцы набыла ангіограф. У вёсцы Варацэвічы Брэсцкай вобласці стварылі музей Напалеона Орды. 90% ад агульнага бюджэта кожнага з праектаў фінансаваў ЕС.

Праекты могуць цягнуцца да 24 месяцаў.

Ад 1 жніўня да 31 кастрычніка адкрыты конкурс малых праектаў, тэматычная мэта – спадчына. Сума гранта – ад 20 да 60 тысяч еўра.

Фота аўтара.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце