weather 11° Маладзечна
weather 11° Вілейка
weather 18° Смаргонь
weather 11° Ашмяны
weather 15° Валожын
weather 11° Мядзел
weather 18° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4436
1 долар 2.0884
100 рас.руб. 3.1453
19.08.2018 19:23 ,

Пра вайну трэба пямятаць, каб яе не было: нямецкія і беларускія студэнты добраўпарадкавалі могілкі часоў Першай сусветнай вайны на Мядзельшчыне

Маладыя людзі з Беларусі і Германіі дзеляцца сямейнымі гісторыямі вайны.

11 жніўня маладыя людзі з Беларусі і Германіі прыбіралі нямецкае пахаванне Першай сусветнай вайны ў вёсцы Пронькі на Мядельшчыне. А яшчэ гаварылі пра тое, чаму не варта, каб Першая сусветная заставалася ў цені Другой.

Маладыя людзі – удзельнікі беларуска-нямецкага летніка па доглядзе за вайсковымі пахаваннямі. Летнік працуе ў розных краінах Еўропы ўжо некалькі год. Ладзіць яго Народны саюз Германіі па догляду за вайсковымі пахаваннямі – арганізацыя, створаная ў 1919 годзе.

Па словах Таццяны Мастыкі, адной з каардынатараў летніка, сёлета працуюць 24 чалавекі. Дзесяць – з беларускага боку, дзесяць – з нямецкага, і па два кіраўнікі з кожнай краіны.

– Мы збіраемся для таго, каб працаваць на нямецкіх пахаваннях, а таксама на савецкіх і габрэйскіх. Моладзь прыязджае, каб больш даведацца пра гісторыю войнаў. У дадзеным выпадку пра Першую і Другую сусветную, –  распавяла «Рэгіянальнай газеце» Таццяна Мастыка.

Прычыны Другой сусветнай – у нявырашаных канфліктах Першай

Штогод летнік мяняе лакацыю. Летась удзельнікі працавалі ў Мінску і Бярозе. Сёлета пачалі з Брэсцкай крэпасці і на два дні прыехалі на Мядзельшчыну, дзе ў 1916 годзе стаяла лінія фронту і праходзіла вядомая Нарачанская аперацыя.

Каардынатар летніка Ілья Лапато (злева) распавядае ўдзельнікам пра пахаванне ў Проньках.

– Мы ўвесь час засяроджваемся на тэме Другой сусветнай вайны. Але прычыны Другой сусветнай вайны трэба шукаць у нявырашаных канфліктах Першай.

За агульным трагізмам і гераізмам часам не бачым канкрэтнага чалавека

Вывучаючы тэму войнаў, арганізатары летніка заўважылі, што за памяццю пра  гераічныя учынкі, за маштабам трагедыі і святкаванняў Перамогі, мы часам не бачым лёсаў адзінкавых людзей.

Таццяна Мастыка — адна з каардынатараў летніка.

– Калі мы пабачым не лічбы і маштабы, а зможам гаварыць пра лёс канкрэтнага чалавека, тады мы ўбачым увесь жах і трагізм вайны. А таксама варта адказаць на пытанне, чаму так сталася ў пачатку 20 стагоддзя, што маладыя людзі, якія маглі б вучыцца, працаваць, кахаць, вымушаныя былі ваяваць, – кажа Таццяна.

Немцы не разумеюць, навошта гуляць у вайну

Тэма войнаў аказалася блізкай моладзі з Нямеччыны, бо адбілася на  большасці іх сем’яў. І ўсё ж адрозненні і ва ўспрыманні, і ў захаванні памяці ў беларусаў і немцаў ёсць.

Так госці з Германіі не могуць зразумець, навошта ў нас праводзяць вайсковыя рэканструкцыі? Чаму падчас пэўных гістарычных дат у Брэсцкай крэпасці або на лініі Сталіна аднаўляюць падзеі тых часоў? Навошта гуляюць у вайну?

Нямецкі гісторык-магістрант Юліян распавёў, што доўгі час у яго сям’і, як і ў Германіі ўвогуле, не прынята было гаварыць пра вайну. Толькі нядаўна дзядуля пачаў крыху распавядаць унуку пра ваенныя падзеі:

Юліян Фрайтаг з Германіі распавядае пра свайго дзядулю — 15-гадовага салдата.

Дзядуля быў салдатам Другой сусветнай вайны ў вельмі маладым узросце. Яму было   тады 15. Адзін год падчас вайны быў у Англіі. Пасля вярнуўся ў Германію.

Па словах Юліяна, у яго на радзіме, як і ў Беларусі, пра Першую сусветную кажуць менш. Магчыма, таму, што яна не адбывалася на нямецкай тэрыторыі.

Беларусы і немцы за сумеснай працай.

Крыху больш пра падзеі 1914-1918 года пачалі згадваць ў сувязі са стогадовым юбілеем Першай сусветнай: ладяць розныя гістарычныя выставы, з’яўляецца літаратура на гэтую тэму. На думку Юліяна, нельга разабрацца ў прычынах і падзеях Другой вайны, не ведаючы пра Першую.

Фартэп’яна і «пахаронка» – сямейныя сведчанні пра вайну

Пасля працы арганізатары зладзілі гутарку. Беларускія і нямецкія студэнты распавядалі пра сувязь сваіх сям’яў з ваеннымі падзеямі.

 Кацярына з Беларусі расказала пра тое, як яе дзядуля – вайсковы музыкант – прывёз з Нямеччыны старое фартэп’яна. На адной з клавіш пазначны год яго першай настройкі – 1941. Цяпер гэты інструмент стаіць дома у Кацярыны. Дзяўчына скончыла музычную школу і часам іграе на ім.

Карэспандэнты «Рэгіянальнай газеты» таксама працуюць.

Тэрэза з Германіі падзялілася сваімі ўспамінамі. У іх сям’і пра вайну гаварылі тады, калі ўнукі натыкаліся на рэчы дзядулі-франтавіка. Аднак усур’ёз цікавіцца ваеннай гісторыяй дзяўчына пачала ад 2012 года. Яна даведалася, што падчас Другой сусветнай родны брат яе бабулі апынуўся на тэрыторыі сучаснай Чэхіі. Адтуль бацькі атрымалі ліст, што іх сын загінуў падчас службовай паездкі. Гэтае папяровае паведамленне на пергаменце і сёння захоўваецца ў сям’і.

Мы спыталі ў арганізатараў летніка, навошта памятаць пра ваенныя падзеі? Адказ быў просты: каб яны не паўтарыліся.

Відэа з мерапрыемства ў Проньках можна паглядзець тут.

Фотаздымкі Аляксандра Манцэвіча.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце