weather 11° Маладзечна
weather 11° Вілейка
weather 18° Смаргонь
weather 11° Ашмяны
weather 15° Валожын
weather 11° Мядзел
weather 18° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4436
1 долар 2.0884
100 рас.руб. 3.1453
26.08.2018 09:00 ,

Як жыхароў Маладзечаншчыны выслалі ў Казахстан за іх працавітасць. Гісторыя кулакоў з вёскі Хатуцічы

1950-я. Казахстан. Ігнацій Монід (у капелюшы) побач жонка Ганна. З імі дачка, сын, нявестка і ўнучкі. Фота забяспечанае аўтарам.

У гэтым артыкуле я хачу распавесці пра сваіх хатуціцкіх суседзяў – працавітых людзей, асуджаных савецкай уладай і вывезеных у Казахстан у красавіку 1952 года. На родную Маладзечаншчыну яны не вярнуліся.

Хатуцічы – невялічкая вёска на 70 хат у Лебедзеўскім сельсавеце на Маладзечаншчыне, вядомая ад 16 стагоддзя. У 1960-70-ыя гады вёска шумела. Пасучы жывёлу, я налічваў 120 кароў у статку. Цяпер у вёсцы засталося шэсць пастаянных жыхароў і дзве каровы.

За гады савецкай улады з Хатуцічаў вывезлі тры сям’і кулакоў: дзве ў 1940 годзе і адну – у 1952. Усіх 25 чалавек.

Нажытае цяжкай працай не хацелі аддаваць у калгас

У Хатуцічах жыло шмат людзей з прозвішчам Монід. Таму сем’і адрознівалі па мянушках. Вясковая мянушка тых кулакоў была Базмалі. Сям’я складалася з бацькі Ігнація Моніда (1900-1968), маці Ганны Монід (Сівіцкай) і дзяцей: Яўгена, Любові, Валянціны, Ніны і Анатоля.

Пустая хатуціцкая вуліца сёння. Па ёй амаль 70 год таму вывозілі кулакоў. Фота Аксаны Ярашонак

За польскім часам Ігнат набыў каля 40 гектараў добрай зямлі, бо ездзіў на заробкі ў Латвію. У сям’і было тры кані, тры каровы, дзве свінаматкі, шмат авечак, трусоў. На час жніва наймалі двух работнікаў. Моніды мелі таксама сваё гумно, малатарню, конную жняярку.

Бацькі мусілі шмат працаваць на ўласнай зямлі, бо ўсе дзеці вучыліся. Люба ў Вільні – на настаўніцу, Валя там жа – на бухгалтара. Політэхнічны інстытут закнчваў Анатоль, Ніна вучылася на медсястру ў Юрацішках. Калі дзеці пыязджалі ў родную вёску, то дапамагалі бацькам даглядаць вялікую гаспадарку. Нажытае цяжкай сялянскай працай Моніды не жадалі аддаваць у калгас.

Так выглядае сёння хата Монідаў. Фота Аксаны Ярашонак.

У верасні 1951 года Савет міністраў СССР прыняў Пастанову аб высяленні кулакоў з БССР. Трэба было ў сціслыя тэрміны да канца 1952 года закончыць калектывізацыю.

Хто не жадаў ісці ў калгас і меў моцную гаспадарку, таго загадвалі вывезці. Спісы такіх людзей рыхтавалі мясцовыя абкамы. Маладзечанскім абкамам у тыя часы кіраваў Іван Клімаў. Зацвярджалі спісы ў Савеце Міністраў БССР.

Выносілі даматканае палатно, кажухі, посуд

Па ўспамінах дачкі Ніны, красавіцкай раніцай 1952 года да хаты Монідаў пад’ехала фурманка з міліцыянерам і вайскоўцам са стрэльбай. Дома заспелі толькі Ніну з бацькамі. Астатнія дзеці былі хто – на вучобе, хто – на заробках.

Бацькам і дачцэ загадалі збіраца. На зборы далі адну гадзіну, з сабой дазволілі ўзяць асабістыя рэчы. Гаспадарам прад’явілі Пастанову аб арышце і высяленні. Склалі акт канфіскацыі і пратакол ператрусу. У гасцях былі дзве дзяўчыны-суседкі – Надзя і Жэня. Яны сталі сведкамі.

Сын Яўген з маці Ганнай Монід у Казахстане. Фота забяспечанае аўтарам.

Міліцыянер і вайсковец вынеслі з хаты куфры з даматканым палатном, кажухі, лепшае выхадное адзенне, мэблю, посуд. Усё гэта пайшло ў размеркавальны фонд НКВД.

Сям’ю павезлі на станцыю ў Маладзечна. Праз два дні, калі назбіралася больш кулакоў, людзей загрузілі ў вагоны-цялятнікі па 30-40 чалавек у кожны. Пад вартай іх павезлі ў Казахстан. Па ўспамінах дачкі, ехалі сем-дзесяць дзён.

Добрымі гаспадарамі маладзечанцы былі і ў Казахстане

Прыехалі ў горад Чымкент (цяпер Шымкент). Тут людзей размеркавалі на спецпасяленне. Монідаў накіравалі ў пасёлак Мікаян, што на поўдні Казахстана.

У Мікаяне былі адныя ссыльныя: грэкі, немцы, палякі, татары, украінцы. Усіх непаўналетніх дзяцей з такіх сем’яў забіралі і накіроўвалі ў спецшколы за 300-500 кіламетаў ад бацькоў.

Ігната Моніда ў 1952 годзе накіравалі працаваць на шахту. Яго жонка Ганна пайшла ў саўгас. Дачка Ніна працавала ў мясцовай бальніцы адразу санітаркай, а потым медсястрой.

Астатніх дзяцей Монодаў ніхто не шукаў. Яны так і засталіся ў Беларусі. А праз тры-чатыры гады сыны Яўген і Анатоль самі прыехалі да бацькоў. Сёстры Любоў і Валянціна так і вучыліся ў Вільні, а потым засталіся там жыць і працаваць.

Пасля 1955 года правялі частковую амністыю тых, хто жыў у спецпасяленнях. З пасёлка Моніды перасяліліся ў горад Жэтысай, раённы цэнтр.

Ігнат пабудаваў тут вялікі дом, пасадзіў вінаграднікі і сад. Жылі нядрэнна. Зноў сталі трымаць моцную гаспадарку: дзвюх кароў, шмат авечак, мелі бахчу – поле, дзе вырошчвалі кавуны, дыні, тыквы.

Сыны далёка ад бацькоў не паехалі. Працавалі ў Алма-Аце. Глава сям’і Ігнат заўчасна памёр у 1968 годзе. Пахаваны ў Жэтысаі. Жонка Ганна ў 1991 годзе пераехала да дачок у Вільню. Памерла ў 2001, пражыўшы 93 гады.

Калодзеж засыпалі, гаспадарчыя пабудовы разабралі

У 1991 годзе дачка Монідаў Валянціна звярнулася ў Маладзечанскі архіў, а таксама ва Упраўленне КДБ па Мінскай вобласці. Хацела адшукаць звесткі пра сваю сям’ю і адабраную маёмасць бацькоў.

На полі злева некалі стаяла гумно Монідаў. Фота Аксаны Ярашонак.

Жанчына атрымала даведку, што яе сям’я рэабілітаваная за адсутнасцю склада злачынства. Акты канфіскацыі маёмасці і свойскай жывёлы са справы зніклі. Атрымлівалася, што ў Монідаў засталася толькі хата ў Хатуцічах.

Хата была на балансе ў мясцовага калгаса. Тут месцілася бібліятэка і клуб. Калодзеж засыпалі. Усе гападарчыя пабудовы разабралі і вывезлі.

Родную хату Валянціна прадала за тысячу савецкіх рублёў.

А праз два месяцы адбылася дэвальвацыя і за гэтыя грошы можна было набыць дзесяць буулак хлеба…

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце