weather -3° Маладзечна
weather -3° Вілейка
weather -3° Смаргонь
weather -3° Ашмяны
weather -4° Валожын
weather -3° Мядзел
weather -3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.399
1 долар 2.1061
100 рас.руб. 3.1953
27.08.2018 20:04 ,

«Чапляйся да нас». Маладзечанцы зладзілі фестываль з такім слоганам, каб зрабіць горад больш прывабным для моладзі. ВІДЭАРЭПАРТАЖ

25 жніўня на пляцоўцы Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне прайшоў летні фэст «Прышчэпка». Яго за месяц падрыхтавалі неабыякавыя гараджане, якія не паленаваліся арганізаваць свята для саміх сябе і іншых маладзечанцаў.

– Гэтае мерапрыемства менавіта і накіраванае на тое, каб не саромеліся зайсці ў музей, каб адчынялі дзверы тады, калі ім хочацца нешта пазнаць. А можа, і прапанаваць! Таму вось так яно ўзнікла, – расказала Раіса Казановіч, дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея.

На ўваходзе размяшчалася фотазона. Жыхары ахвотна пазіравалі з таблічкамі «Маладзечна, я люблю цябе», «Застануся ў Маладзечне, Мінск пачакае». У памяшканні працавалі разнастайныя пляцоўкі: вучылі дзетак маляваць, заварвалі чай, рабілі макіяж. У самым цэнтры была кампазіцыя з канструктара «Лега», выкладзеная ў форме цэнтра Маладзечна. Яе стварыў шасцігадовы гараджанін Антон Куратнік. У двары за музеем былі пляцоўкі для настольных гульняў, малявання, танцаў.

– У нас не было канкрэтнай канцэпцыі, не было назвы, не было лагатыпу – нічога не было! Не было людзей дакладных, якія будуць гэта рабіць. Але за месяц мы кінулі кліч, што трэба сабрацца, трэба зрабіць. І каля сарака чалавек адгукнуліся! – прызналася арганізатар фестывалю «Прышчэпка», заснавальнік адукацыйнага цэнтра «Адкрытая прастора» Валянціна Сідоркіна.

Гарачыя абмеркаванні выклікала тэма ток-шоў «Людзі і горад: зробім Маладзечна лепшым». Імпрэза прайшла ў выставачнай зале музея. Удзельнікі дыскусіі, ды і наведнікі, пагаджаліся ў тым, што прыйшоў час змяняць горад да лепшага. Ёсць самае галоўнае – людзі, якія распачалі рух да стварэння крэатыўнай прасторы ў Маладзечне.

– Мы назіраем за тым, што робяць актывісты ў іншых гарадах. І заўважаем, што гэта зараз вельмі папулярна – рабіць такія гарадскія фэсты з майстар-класамі, лекторыямі, дзе кожны для сябе можа знайсці пляцоўку для адпачынку. І мы падумалі, што ў нас падобнага няма. Значыць, трэба гэта зрабіць, – расказала Валянціна Сідоркіна.

У першую чаргу арганізатары – Валянціна Сідоркіна і культурны менеджар Ганна Холад – задаліся пытаннем, якую абраць пляцоўку, дзе знайсці ўтульнае і зручнае месца, якое цалкам бы адпавядала ўсім задумам.

– Сустрэлі нас вельмі-вельмі цёпла, прапанавалі ўсе рэсурсы, якія маюць. Вельмі добра, што мы атрымалі падтрымку ад такой установы, як музей, – падсумоўвае Сідоркіна.

Актыўную падрыхтоўку арганізатары пачалі прыкладна за месяц. Абралі датай 25 жніўня – канец лета, апошнія выхадныя перад школай, калі асабліва хочацца нечага незвычайнага. Часу крыху бракавала, прызнаецца арганізатар.

Працягам спробы змяніць горад стане дыскусійны клуб, які «Адкрытая прастора» плануе на восень. Не менш за чатыры разы ахвотныя сустрэнуцца і абмяркуюць, як можна развіваць Маладзечна.

– Гэта будуць сустрэчы для ўсіх жадаючых, усіх, хто хоча абмеркаваць: што можна палепшыць у сваім горадзе, што можна зрабіць сваімі сіламі. Не тое што прыйсці і пастагнаць, што нешта дрэнна – падумаць, што можна зрабіць самім, – расказала Валянціна Сідоркіна.

Тэрыторыя каля музея, у холе, за ім паказала сябе выдатным месцам для падобнага мерапрыемства. Хто з гараджан мог здагадацца, што ў гэтым дворыку можна так утульна размясціцца ў самым цэнтры горада! Адкрытасць музея ў першую чаргу адбылася дзякуючы зацікаўленасці работнікаў установы.

– Калі нейкія мерапрыемствы ладзяцца з нагоды менавіта моладзі, то гэта самае дарагое, што можа быць для дзяржаўнай установы, – перакананая дырэктар музея Раіса Казановіч. – Мы заўсёды адчыняем дзверы для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй, здаровым ладам жыцця, цікавіцца спадчынай, мінулым дзядоў і бабуль.

Арганізатары спадзяюцца, што фэст стане пачаткам новага актыўнага руху ў горадзе. Магчыма, хтосьці паглядзіць, якое свята зладзіла «Адкрытая прастора», і захоча паспрабаваць зрабіць нешта сваё. Калі чагосці не хапае ў горадзе ці жыцці — зрабіце першы крок. І да вас абавязкова далучацца аднадумцы, якія дапамогуць давесці справу да ладу. Застанецца толькі атрымаць асалоду. Як на летнім гарадскім фестывалі ў Маладзечне «Прышчэпка», які мае ўсе шанцы стаць традыцыяй.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце