weather 0° Маладзечна
weather 0° Вілейка
weather 7° Смаргонь
weather 0° Ашмяны
weather 7° Валожын
weather 0° Мядзел
weather 7° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4102
1 долар 2.1449
100 рас.руб. 3.169
08.09.2018 08:48 ,

«Быў залаты хлопец!» Маці салдата, якога знайшлі ў пятлі ў Слоніме, падазрае дзедаўшчыну

Фота svaboda.org.

Уся вёска Краснае пад Карэлічамі на Горадзеншчыне ды шмат хто з суседніх вёсак выйшлі  на пахаванне 20-гадовага Аляксандра Арлова, якога знайшлі ў пятлі ўвечары 5 верасня ў вайсковай частцы 33933 у Слоніме. «Спакойны, харошы, добры, залаты хлопец, можа, найлепшы на вёсцы», — казалі журналістам Свабоды людзі пра Аляксандра Арлова.

Аляксандар служыў майстрам па абслугоўванні акумулятарных батарэй у адным з батальёнаў 11-й асобнай механізаванай брыгады. Служыць яму заставалася крыху болей за паўгода. Паводле афіцэраў часткі, якія прывезлі цела салдата на пахаванне, хлопца знайшлі ў пятлі ў капцёрцы.

«Пачалася вячэрняя праверка, а яго няма. Кінуліся шукаць, убачылі, што замок капцёркі ўзламаны. Вісеў у пятлі, ногі на падлозе, пятлю зрабіў з вяроўкі-нацяжкі ад намёта. Рабілі штучнае дыханне, не дапамагло».

Аляксандра Арлова пахавалі ў вайсковай форме на могілках пад вёскай Лясок. Пад крыкі маці: «Саша, не пушчу, падымайся, пойдзем дамоў!».

Восем салдат, якія служылі разам з Аляксандрам Арловым, прастаялі побач моўчкі, да труны дакрануцца не асмеліліся.

Развітальнае слова сказаў толькі падпалкоўнік, «зампаліт» вайсковай часткі Мікалай Рашчынскі. «Ён добра служыў, быў вельмі добры… Ня трэба заўчасна рабіць высновы, праз што гэта здарылася, працуе група Следчага камітэту».

Напярэдадні званіў маці і прасіў выслаць грошы

На могілках, яшчэ пакуль закопвалі труну з целам Аляксандра Арлова, узнік слоўны канфлікт паміж сваякамі ды суседзямі нябожчыка — і вайскоўцамі. «Аддаём сыноў у войска, а атрымліваем труны», — першай уголас абурылася адна з мясцовых жанчын. Афіцэр на гэта сказаў, што яшчэ ідзе праверка, нічога не вядома. «А тады з чаго вы ўзялі, што ён гэта зрабіў праз асабістыя абставіны? Запіскі ж няма, а вы ўжо вырашылі, што войска ні пры чым. А хто пры чым?» — уключылася ў спрэчку сястра нябожчыка Алена.

На сайце Міністэрства абароны зьвесткі пра трагедыю з’явіліся раніцай 6 верасня. «Папярэдняя прычына суіцыду абумоўленая асабістымі абставінамі і не звязаная з праходжаннем вайсковай службы», — сказана пра смерць Аляксандра Арлова.

Менавіта гэта і абурыла, кажуць у адзін голас жыхары вёскі Краснае. «Добры, зычлівы, ветлівы, нікога не пакрыўдзіць, ні на кога не зазлуе. Нікога ніколі не ўдарыў. Якія яшчэ асабістыя прычыны? Дзяўчына?» — гадалі пра смерць Аляксандра ў Красным.

Жанчына, з якой пазнаёміўся падчас жалобнай працэсіі, аказалася маці Аліны, пра якую ў вёсцы кажуць, што яна была найлепшай сяброўкай Сашы Арлова ў вёсцы.

«Якія яшчэ асабістыя прычыны? Не было ў яго ніякіх асабістых прычын, бо дзяўчыны ў яго не было. Сябраваў з маёй Алінай, так, але гэта было менавіта сяброўства, ён з малодшых класаў ёю апекаваўся». Гэта маці Аліны распавяла яшчэ па дарозе на могілкі.

Адразу пасля пахаваньня пазнаёміліся і з Алінай. Дзяўчына прыехала з Карэліч, каб развітацца з Сашам. Гучна плачучы, пацвердзіла: «Мы былі — вадой не разьліеш, сябравалі. Але гэта толькі сяброўства. Саша мне дапамагаў, але ён усім дапамагаў, гэта такі чалавек быў залаты. І, ведаючы яго, не веру, што ён мог такое з сабой зрабіць», — сказала Аліна.

Аліна на фота злева

Паводле яе, Аляксандар Арлоў нічога не казаў ёй пра праблемы на службе. «Казаў, усё добра, засталося да траўня даслужыць — і вернецца».

Грошы, шнары і дзедаўшчына

Але маці салдата Вольга Шаўко згадала сама меней тры падазроныя факты. Першы: незадоўга да смерці сын некалькі разоў званіў ёй і прасіў выслаць грошы. «Апошні раз 20 рублёў, раней 50, яшчэ раней 100. І куды ён гэтыя грошы падзеў за два тыдні?».

Другі падазроны факт: улетку Аляксандар Арлоў прыяжджаў дамоў у адпачынак, і сястра заўважыла ў яго на руцэ шнары. «Дачка спытала, што за шнары, ці не спрабаваў ён парэзаць сабе вены? Запэўніў, што не, але адкуль шнары, так і не распавёў. Сказаў толькі, што ніколі нас адных ня кіне», — згадала маці салдата.

Маці салдата на апошнім развітанні

І трэці факт, паводле Вольгі Шаўко. У чэрвені больш як на тыдзень, да свята незалежнасці Беларусі, якое адзначаюць 3 ліпеня, Аляксандра Арлова з саслужыўцамі адвозілі ў Мінск, яны рыхтаваліся да вайсковага параду. «Як прыехаў, сказаў, што да таго, у Слоніме, было нармальна, а там дзедаўшчына пачалася. Не сказаў хто, салдаты ці сяржанты, але сказаў, што пачалося такое».

Паводле Вольгі Шаўко, падчас апошняй размовы з сынам па тэлефоне 5 верасня ён быў у нармальным псіхалагічным стане і толькі прасіў прыслаць дакументы, якія дапамогуць камісавацца з войска, пра што ён даўно марыў. «Каб сястра Лена зняла ксеракопію, што не можа працаваць, бо ў дэкрэце, і тады яны мусяць яго камісаваць. Бо ў нас малодшая дачка, Святлана, ёй 12, трэба яе даглядаць. А я працую даяркай, засталася бяз мужа. Яму гэтак юрыст параіў, бо Саша не хацеў у войску заставацца. Сказала, што толькі вось у панядзелак адправіла дакументы. А ў аўторак пасля шасці гэта адбылося…»

Падазронымі падаюцца маці салдата і дэталі самагубства сына: што паўвісеў у пятлі, дастаючы да падлогі нагамі, што не зачыніў дзвярэй, што неяк здолеў зрабіць моцны крук, які прычапіў да бэлькі, што ніхто не чуў, як ён ламаў замок на дзвярах у капцёрку. «Не мог ён, ня веру і не паверу».

Што кажуць вайскоўцы?

Камандзір батальёна падпалкоўнік Рыгор Будкевіч сказаў, што Аляксандар Арлоў лічыўся ў гэтак званай «групе рызыкі» — групе салдат, да якіх псіхолагі маюць большую ўвагу, чым да астатніх.

«На пачатку службы былі ў яго кансультацыі ў псіхолага, так, але потым не скардзіўся і служыў добра. У адпачынак яго адпусцілі, вярнуўся і не скардзіўся ні на што. У чэрвені, як памёр ягоны айчым, дык камандзір узводу асабіста яго прывозіў на пахаванне і адвёз назад», — сказаў камбат.

Камандзір узводу, дзе служыў Аляксандар Арлоў.

Паводле камбата, у групу рызыкі ўключаюць прызыўнікоў з сацыяльна «праблемных» сем’яў, хто рос без бацькі. Бацька Аляксандра Арлова жыве ва Ўкраіне, Вольга Шаўко вярнулася адтуль на радзіму 15 гадоў таму з сынам і дачкой і тут стварыла новую сям’ю. Муж Вольгі Шаўко памёр на пачатку лета.

Ці скардзіўся салдат на дзедаўшчыну? Паводле падпалкоўніка Мікалая Рашчынскага, намесніка камандзіра часткі па ідэалагічнай працы, «ад шарагоўца Арлова скаргаў на дзедаўшчыну не было, абстаноўка ва ўзводзе была нармальная». А пра выпадак з салдатам Коржычам, якога летась знайшлі мёртвым у Печах, паводле падпалкоўніка, у іхнай частцы добра ведаюць не толькі афіцэры, але і ўсе шарагоўцы. «Калі б што было, паскардзіўся б».

Пры гэтым падпалкоўнік дадаў, што цяпер вядзецца ўсебаковая праверка становішча ў частцы. «Праверка ўсё пакажа. Калі вырашаць, што ёсць вінаватыя, дык пакараюць. Але вінаватых. А агулам усё войска пэцкаць не трэба».

Яшчэ адным суразмоўцам быў капітан, які камандуе ўзводам, дзе служыў Аляксандар Арлоў. Паводле капітана, салдат моцна перажываў смерць айчыма, на пахаванне якога ездзіў у чэрвені. «Пасля гэтага замкнуўся ў сабе?» — «Ды ён і раней быў сам сабой», — коратка сказаў камандзір узводу.

Спадарыня Галя, якая стала жыве ў Менску, але цяпер адпачывае ў Красным, на радзіме, распавяла, што Аляксандар Арлоў навучаўся ў царкоўнай школе ў Карэлічах і там чытаў дзецям-навучэнцам Біблію. «Ды так добра чытаў і тлумачыў! Унучка маёй хроснай яго потым пазнала, як прыходзіў, і кажа: гэты ж дзядзя як святар. Можа, сапраўды быў бы святар? Шкада, залатога чалавека згубілі».

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце