weather 11° Маладзечна
weather 11° Вілейка
weather 18° Смаргонь
weather 11° Ашмяны
weather 15° Валожын
weather 11° Мядзел
weather 18° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4436
1 долар 2.0884
100 рас.руб. 3.1453
12.09.2018 15:04 ,

Хачу, каб у дачкі была прыгожая мама: жыхарка Маладзечна распавяла, як за два гады скінула сорак кілаграмаў

Маленькая Мілана часта робіць матулі кампліменты. Фота Аксаны Ярашонак.

Да паўнаты Дыяна Прывалінская была схільная з дзяцінства. Кругленькую аднакласніцу часам дражнілі ў школе. Вельмі выдзялялася яна сярод танклявых дзяўчынак-аднагодак.

Але ў дзяцінстве Дыяна асабліва на хвалявалася з-за сваёй фігуры. У роднай вёсцы Нястанішкі, што на Смаргоншчыне, бацькі трымалі вялікую гаспадарку. Яйкі, малако, свініна – усё было сваё і такое смачнае. Ці варта сабе ў гэтым адмаўляць?

Маладая мама насіла шасцідзясяты памер

А вага ўсё расла. Адразу пасля школы дзяўчына важыла прыкладна 67 кілаграмаў пры росце 164. У 2011 годзе на трэцім курсе гандлёва-эканамічнага каледжа ў Маладзечне, дзе яна вучылася, была ўжо 90 кілаграмаў.

Выйшла замуж, нарадзіла дачку Мілану. Лішнія кілаграмы не сыходзілі нават ад клопатаў маладой мамы. Спачатку вага па-ранейшаму стаяла на лічбе 90. А потым пачала паўзці ўверх. Дапаўзла да 104.

У свае дваццаць з невялікім хвосцікам Дыяна насіла адзенне 58 і 60 памераў. Знешне лішнія кілаграмы дадавалі пяць-шэсць гадоў да сапраўднага ўзросту маладой жанчыны.

– Канешне, мне было вельмі нязручна ў такой вазе. Увесь час моцна пацела. А тут яшчэ дачка падрасла, пачала бегаць. Я прабягу за ёй два крокі – і задышка пачынае даймаць, – прыгадвае Дыяна.

Дачка па кілаграмах абганяла маму

Аднойчы мая субяседніца вырашыла набыць сабе што-небудзь новенькае з адзення. Пайшла па крамах і зразумела: купіць тое, што падабаецца, з-за асаблівасці фігуры не зможа. Прыйдзецца купляць тое, што падыходзіць – рэчы для жанчын-пенсіянерак.

Якраз падчас таго паходу за абноўкамі Дыяна зразумела: трэба худзець. Матывавалі і словы бацькі, які казаў, што дачка па кілаграмах хутка абгоніць маму, якая таксама далёка не худзенькая. І сапраўды, маміна адзенне ўжо пачало падыходзіць Дыяне, а штаны нават падціскалі.

Муж быў супраць, каб Дыяна худзела. Казаў, што жонка са сваімі ста кілаграмамі яго задавальняе.

З панядзелка…

– Гэта быў 2014 год, восень. Я прачнулася ў панядзелак і сказала сабе «Пачынаю правільна харчавацца», – расказвае гераіня.

Крыху пачытала ў розных крыніцах артыкулы і склала для сябе прыблізны план. Да 12 гадзін дня ела ўсё, што хацела. Раніца не абыходзілася без салодкага, не адмаўлялася таксама і ад вясковых прысмакаў, што прывозілі бацькі. Ела яйкі, свініну.

Вось такой Дыяна прыйшла днямі ў рэдакцыю «Рэгіянальнай газеты». Фота Аксаны Ярашонак.

Адзінае – перастала смажыць прадукты. Запякала ежу або гатавала яе на пары. Макарону пачала есці раз на тыдзень і толькі цвёрдых гатункаў. Першая палова дня заканчвалася паўнавартасным абедам з першай стравай, мясам або рыбай з гарнірам, салатай.

А вось пасля 12 абмяжоўвала сябе. На вячэру – варанае нятлустае мяса без гарніру або тварог з яблыкамі. Пасля 18:00 не ела зусім. Магла дазволіць адзін яблык, а таксама чай або каву без цукру. На доўгі час зусім адмовілася ад алкаголю. Гатавала самыя простыя стравы, бо падчас жыцця ў вёсцы не прывыкла да экзотыкі.

Правільнае харчаванне – гэта дорага

Прызнаецца, што за два гады былі зрывы. Тады наясіся салодкага ўвечары – а раніцай устаеш на вагі і бачыш – плюс.

Па словах Дыяны, такое харчаванне вымагала затрат часу і грошай:

– Калі хочаш зэканоміць, то будзеш набываць танную макарону. А я купляла дарагую, цвёрдых гатункаў. З мяса курыцы брала грудку, даражэйшую за сцягно, але менш каларыйную. Ды і тварог кожны вечар купляць, таксама адчувальна для кашалька. І часу шмат ішло. Асобна гатавала для дачкі, асобна – для мужа і асобна – для сябе.

За першы месяц – мінус дзесяць кілаграмаў

У першы месяц правільнага харчавання Дыяна адразу скінула дзесяць кілаграмаў.

– Гэта так класна, калі аднойчы ранкам ты ўстаеш на вагі і бачыш лічбу 90 з хвосцікам замест ста! – не хавае эмоцый Дыяна.

Далей справа пайшла не так хутка. Але кожны месяц два-тры кілаграмы стабільна сыходзілі. Лішнія сорак кілаграмаў Дыяна скідала на працягу двух гадоў. Сёння яна важыць 67 кілаграмаў, аднак самая нізка вага за гэтыя гады – 64.

Знаёмыя пачалі прасіць парады, а муж – раўнаваць

Як рэагавалі родныя і сябры на такія перамены? Бацька Дыяны прызнаўся, што сумняваўся ў дачцэ, а цяпер захапляецца яе сілай волі. Знаёмыя, якія даўно не бачылі маю субяседніцу, здзіўляюцца: «Няўжо гэта ты?!».

Дыяна сёння і два гады таму. Калаж «Рэгіянальнай газеты..»

Сяброўкі, якія маюць падобныя праблемы, звяртаюцца да Дыяны па дапамогу. Тая з задавальненнем дзеліцца досведам свайго пахудзення. Але ў сябровак пакуль не атрымалася дасягнуць такіх вынікаў.

Маленькая Мілана не ўпускала магчымасці, каб сказаць маме, што яна вельмі прыгожая. А муж? Ён, на думку субяседніцы, пачаў раўнаваць, хаця, па словах Дыяны, падстаў яна не давала. Муж так і не зразумеў, для каго жонка худзее, калі яго яна задавальняла са сваімі 104 кілаграмамі. Сёння Дыяна з мужам у разводзе, аднак падтрымліваюць добрыя адносіны.

Мілана: люблю пельмені, гамбургеры, боршч

Спортам для пахудзення мая субяседніца не займалася. Неяк паспрабавала схадзіць у трэнажорную залу, але ёй не спадабалася. Цяпер для свайго задавальнення два разы на тыдзень ходзіць гуляць у валейбол, які любіць яшчэ са школы.

На шляху да прыгожай фігуры. Калаж забяспечаны Дыянай Прывалінскай.

Канешне, цяпер стала цяжэй прытрымлівацца здаровага харчавання. Кожны дзень Дыяна працуе да шасці гадзін. Таму вячэрае пазней, чым трэба. Але абірае нізкакаларыйныя прадукты.

– Гляджу на дачку і бачу, што яна таксама, як і я, схільная да паўнаты, – кажа маладая мама. – Есць не вельмі добра, але кругленькая.

Тут да размовы далучаецца маленькая Мілана і кажа, што есць яна вельмі добра. Любіць і кашы салодзенькія, і бульбу-фры, і боршч, і бургеры, і пельмені, і свойскія смажаныя яйкі ад бабулі з дзядулем. Пакуль мама не стрымлівае дзяўчынку ў харчаванні. Аднак не хоча, каб Мілана сутыкнулася ў будучым з праблемай лішняй вагі.

Стымулы – дачка і «Рэгіянальная газета»

Дыяна прызнаецца, што настроеная па-ранейшаму сачыць за фігурай. Кажа, што прыемна лавіць на сабе зацікаўленыя мужчынскія позіркі і купляць тое адзенне, якое падабаецца. Галоўны ж стымул пахудзення – дачка Мілана. Хочацца, каб у дзяўчынкі была прыгожая мама.

– А яшчэ адным стымулам для мяне стане публікацыя ў вашай газеце, – прызнаецца Дыяна. – Раз ужо расказала чытачам усяго рэгіёна, як жадала пахудзець і што для гэтага зрабіла, то цяпер буду проста абавязаная па-ранейшаму сачыць за сабой.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце