weather -3° Маладзечна
weather -3° Вілейка
weather -3° Смаргонь
weather -3° Ашмяны
weather -4° Валожын
weather -3° Мядзел
weather -3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.399
1 долар 2.1061
100 рас.руб. 3.1953
14.09.2018 11:55 ,

Сямейны капітал: што такое і як атрымаць

Такая падзея, як нараджэнне дзіцяці, толькі на першы погляд здаецца справай прыватнай і датычнай канкрэтнай сям’і. Дзяржава не менш за бацькоў зацікаўленая ў нараджэнні новых грамадзян і самымі рознымі спосабамі заахвочвае сем'і да шматдзетнасці. Адным з такіх заахвочванняў з’яўляецца сямейны капітал — матэрыяльная дапамога, якая прызначаецца сем’ям у сувязі з нараджэннем (усынаўленнем/удачарэннем) трэцяга альбо любога наступнага дзіцяці ў перыяд з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года. Паколькі сямейны капітал быў уведзены адносна нядаўна і тэрміны праграмы разлічаныя на абмежаваны перыяд, то галоўныя вынікі гэтага віду дапамогі будуць бачныя толькі ў доўгатэрміновай перспектыве. Тым не менш, разабрацца з тым, што дадзеная дапамога сабой уяўляе і як яе атрымаць, можна ўжо сёння.

Што ж такое сямейны капітал і як яго атрымаць?

Сямейны капітал — адзін з відаў дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі шматдзетных сем’яў. Ён быў уведзены 1 студзеня 2018 года і прызначаецца сем’ям у сувязі з нараджэннем (усынаўленнем/удачарэннем) трэцяга альбо любога наступнага дзіцяці ў перыяд ад 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года.

Гэта значыць, што прэтэндаваць на сямейны капітал можа толькі тая сям’я, у складзе якой у канкрэтна вызначаны перыяд з’явіцца трэцяе альбо любое наступнае дзіця. Калі ж, напрыклад, сям’я на момант 1 студзеня 2015 года ўжо мела траіх непаўнагадовых дзяцей, то яна можа прэтэндаваць на атрыманне сямейнага капіталу толькі пры ўмове нараджэння наступнага дзіцяці.

Якія асноўныя ўмовы для прызначэння сямейнага капіталу?

Неабходнымі ўмовамі для атрымання сямейнага капіталу з’яўляюцца:

  • нараджэнне трэцяга альбо кожнага наступнага дзіцяці ў перыяд ад 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года
  • наяўнасць у сям’і не менш за 3 непаўнагадовых дзяцей (з улікам дзіцяці, якое нарадзілася пасля 1 студзеня 2015 года).
  • беларускае грамадзянства аднаго з бацькоў
  • пастаяннае пражыванне бацькоў і дзяцей, якія ўлічваюцца ў складзе сям’і, на тэрыторыі Беларусі

Важна і тое, што права на атрыманне сямейнага капіталу маюць як поўныя, так і няпоўныя сем’і. У выпадку, калі бацькі пражываюць асобна, то пры афармленні сямейнага капіталу непаўнагадовыя дзеці залічваюцца да сям’і таго з бацькоў, у каго яны знаходзяцца на выхаванні. Пры гэтым, калі дзеці былі ўлічаныя ў адной сям’і, пры назначэнні сямейнага капіталу ў іншай яны ўжо не ўлічваюцца.

Памер дапамогі і спосаб выплаты

Матэрыяльная дапамога з’яўляецца аднаразовай і складае 10 тысяч долараў. Гэтыя сродкі паступаюць на дэпазітны рахунак «Беларусбанка». З іх да таго часу, пакуль дзіцяці, у сувязі з нараджэннем якога быў прызначаны сямейны капітал, не споўніцца 18 год, налічваюцца працэнты.

Як аформіць

Для таго, каб рэалізаваць права на прызначэнне сямейнага капіталу, неабходна на працягу 6 месяцаў пасля нараджэння (усынаўлення, удачарэння) трэцяга альбо наступных дзяцей падаць у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы адпаведны пакет дакументаў і цягам месяца чакаць вынікаў разгляду. З пералікам дакументаў і правіламі падачы можна азнаёміцца тут.

На чыё імя заводзіцца рахунак

 Калі сям’я поўная, то рахунак на сямейны капітал заводзіцца на імя маці. У выпадку, калі сям’я няпоўная альбо маці не з’яўляецца грамадзянкай Беларусі, рахунак заводзіцца на імя бацькі.

Калі можна скарыстацца

Скарыстацца назапашанымі сродкамі можна толькі пасля таго, як дзіця, у сувязі з нараджэннем якога быў прызначаны сямейны капітал, дасягае 18 год. Датэрмінова скарыстацца дапамогай можна толькі ў выключных, прадугледжаных заканадаўствам, выпадках і толькі на атрыманне медыцынскіх паслуг.

Пры гэтым для таго, каб атрымаць права на распараджэнне сямейным капіталам, неабходна на працягу 3-х год пасля таго, як дзіцяці, у сувязі з нараджэннем якога быў прызначаны сямейны капітал, споўніцца 18 год, звярнуцца у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы з адпаведнай заявай. Калі ў гэты перыяд заява не паступіць, то грошы будуць вернутыя ў дзяржаўны бюджэт.

Таксама ёсць абмежаванні ў тэрмінах, за якія трэба патраціць назапашаныя сродкі. Калі на працягу 5 год з дня падачы заявы сродкі не будуць выкарыстаныя, то яны вяртаюцца ў бюджэт.

На што можа быць патрачаны сямейны капітал?

Сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаныя толькі на тэрыторыі Беларусі і ў безнаяўным парадку. Пералік мэтаў, на якія могуць быць патрачаныя назапашаныя сродкі, дастаткова канкрэтны і ўключае ў сябе:

-атрыманне адукацыі

-паляпшэнне жыллёвых умоваў

-атрыманне медыцынскіх і сацыяльных паслуг

-фарміраванне назапашвальнай пенсіі маці (мачахі) у поўнай сям’і, аднаго з бацькоў у няпоўнай

Ні на якія іншыя мэты, акрамя пералічаных, патраціць сямейны капітал нельга.

Хто мае права на распараджэнне сямейным капіталам

Нягледзячы на тое, што права на атрыманне сямейнага капіталу ўзнікае ў сувязі з нараджэннем канкрэтнага дзіцяці, права на распараджэнне яго сродкамі належыць усім членам сям’і.

Таму, калі ў сям’і прынята рашэнне, што распараджацца сродкамі сямейнага капіталу будзе нехта адзін, то для рэалізацыі гэтага рашэння спатрэбіцца натарыяльна завераная згода ўсіх членаў сям’і.

Калі ж здарылася сітуацыя, што ў сям’і не прыйшлі да згоды, то сямейны капітал дзеліцца паміж усімі ў роўных долях.

Ці могуць быць выкарыстаны сродкі сямейнага капіталу датэрмінова?

Так, сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны датэрмінова (у поўным аб’ёме альбо часткова), але толькі на аказанне некаторых медыцынскіх паслуг і толькі ў дзяржаўных медыцынскіх установах Беларусі.

Пры гэтым, калі сродкі сямейнага капіталу былі выкарыстаныя датэрмінова, то астатнім членам сям’і асобныя долі сямейнага капіталу не вылучаюцца.

Дзе можна азнаёміцца з нарматыўнымі прававымі актамі па тэме

З формамі дакументаў і нарматыўнымі прававымі актамі, датычнымі парадку прызначэння і выдачы сямейнага капіталу, можна пазнаёміцца на афіцыйным сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Ганна Валодзіна

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце