weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 3° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 2° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.395
1 долар 2.1102
100 рас.руб. 3.1973
16.09.2018 15:20 ,

“Дарогі – проста жах!” – Маладзечанка расказала пра першае ўражанне ад В’етнама

Фота Pixabay.

Раней мы расказалі, чаму Ганна Мажуць трапіла ў В’етнам і як вырашыла цалкам змяніць жыццё. Прадоўжым серыю і падзелімся першымі ўражаннямі дзяўчыны ад гэтай авантуры.

Яшчэ да прылёту дзяўчына зразумела – лёгка не будзе. За працоўную візу адказваў наймальнік, таму загадзя Ганна яе не рабіла. Ведала, па прылёце атрымае ў аэрапорце. Каб зрабіць гэта ў В’етнаме, патрэбны пацвярджальны ліст ад дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі. Яны дазваляюць прыехаць у краіну для працы.

Чаму Ганна насілася з чамаданамі па аэрапорце

Ганне здалося, што в’етнамцы – людзі неарганізаваныя. Бегала па аэрапорце і шукала, дзе раздрукаваць дакументы. Наймальнік прыслаў іх занадта позна, а з тэлефона прымаць не хацелі. “Быццам в’етнамцы не разумеюць слова “своечасова”. Робяць, калі ім зручна. Праклінала і AISEC, і В’етнам, пакуль насілася з чамаданамі”.

Нарэшце, дзяўчына прызямлілася ў паўночнай сталіцы В’етнама – Ханоі. А там – прыкладна плюс сорак. Беларусь пакідала ў лістападзе, кажа Ганна, ужо снег ляжаў.

Яе сустрэла супрацоўніца AISEC, якая не ведала, як на аўтобусе даехаць ад аэрапорта да цэнтра горада. Тым больш, ад пэўнай станцыі ў цэнтры да Хайфона, у якім Ганна мелася працаваць.

Перш за ўсё па прыездзе дзяўчыне далі жыллё і аўтаматычны байк “Ямаха”. Навучылі на ім ездзіць. Гэта аказалася і простай, і страшнай справай. Правы яна не атрымлівала.

Байк Ганны «Ямаха».

“Паўкраіны ездзіць без правоў”

– Транспарт у В’етнаме – жудасная рэч, у Беларусі значна лепшы. Паўкраіны ездзіць без правоў. Байкаў больш, чым машын, у шэсць-сем разоў. Мець аўто нязручна, дзяржнумар дарагі. Машына і абслугоўванне таксама. Астатнія людзі або на старых роварах ездзяць, або пешшу. Прычым у веласіпедаў няма ліхтароў, людзі не паказваюць, куды паварочваюць. Ці паказваюць, але едуць прама.

Па словах Ганны, штодзень памірае прыкладна пяцьдзясят байкераў. Яны не выконваюць элементарныя правілы бяспекі. Вялікі штраф можна атрымаць за язду без шлема. І за выключаныя ўвечары фары. Могуць нават адабраць транспарт. Але парушаюць амаль усе.

– Адчуванне, што правілаў няма ўвогуле. У іх існуе некалькі глабальных правілаў. Напрыклад, чый транспарт большы, той і галоўны на дарозе. Калі едзе па сустрэчнай грузавік, трэба саступіць. Едзеш – глядзі наперад. Твая праблема знаходзіцца там. Што ззаду, павінна хваляваць таго, хто за табой. Таму в’етнамцы часта не глядзяць у люстэрка задняга віду.

Спальны раён, дзе жыве Ганна, Прукса Таун Ан Дзон, Хайфон

В’етнамцы пастаянна сігналяць

Нават калі набліжаюцца да павароту і не бачаць нікога, в’етнамцы будуць сігналіць. Сігналяць не таму, каб нехта сышоў з дарогі, а папярэджваюць:  “я еду тут”. Нават калі чалавек цябе не бачыць, пачуе.

Пры арэндзе байка трэба правяраць клаксон і фары. У Ганны першы не працаваў.

– Вялікая праблема – стаць на дарозе. Калі нешта здарылася з байкам, адразу пачынаюць свістаць, сігналіць з усіх бакоў. А вось да жанчын за рулём адносяцца роўна. Іх дзеці ў школу ездзяць на мапедах. І гэта страшна. Здаецца, усе водзяць аднолькава не па правілах.

Дарога ў В’етнаме адна, падзеленая на дзве паласы для машын і вялікую трасу для двух-трох байкаў адначасова. Байкер заязджаць на іншую паласу не можа. Гэта тычыцца дарог, па якіх ездзяць грузавікі.

На астатніх кіроўцы едуць разам. За рулём машыны трэба заўсёды сігналіць падчас руху, каб байкеры расступаліся.

Першы час Ганна вельмі хвалявалася. Тыдзень на працу яе вазілі, потым паспрабавала сама. Чэхі Тэрэза і Джон, з якімі пасялілі дзяўчыну, паказвалі ёй дарогу да школ. Ганна працавала адразу ў трох, у розных частках Хайфона, ездзіць даводзілася шмат.

– Чэхі дапамагалі, тлумачылі, чакалі, калі я паварочвала. Запамінала дарогу, бо арыенціраў не было. Лічыла, колькі мастоў трэба праехаць…

Аўтобусы не стаяць на прыпынках

Аўтобусы ў В’етнаме не спыняюцца, каб пастаяць на прыпынках. Зніжаюць хуткасць, адкрываюць дзверы, затрымліваюцца на пару секунд. Спецыяльнай паласы для аўтобусаў няма. Мала прыпынкаў, дзе ёсць дах.

– У Піцеры таксама ёсць такія прыпынкі. Вісіць нейкі значок, заўважыў яго – адгадаў прыпынак, – параўноўвае Ганна. – Ведаеце, як яны дарогу пераходзяць? Я пераходзіла і малілася кожны раз. Ніхто не прапускае. Пешаходных пераходаў амаль няма. Галоўнае – ісці павольна, каб цябе аб’ехалі.

Прастору ад будынка да дарогі займаюць шматлікія кафетэрыі. Тэрасы там не будуюць. Ставяць на вуліцы стол і стул – і гэта кафэ. Яшчэ там могуць паркавацца байкі.

Усе гэтыя кафетэрыі не працуюць у абед ад 12 да 16 гадзін, асабліва ў маленькіх гарадах. Зачыняюцца і крамы на ўскраінах – у в’етнамцаў перапынак на сон.

Вадаспад ля Ва Банг Пагада

Хто прыбірае горад

Смецце ў Хайфоне збірае не машына, а жанчына з вялізнай зялёнай каляскай. Яго збіраюць увечары ў пакеты, выстаўляць бліжэй да дарогі. Прыбіральшчыца падымае смецце з абочын і штурхае каляску рукамі. Ідзе па бакавой паласе.

Тое, што не выставiлі, паляць. Хто заўгодна прама перад парогам можа развесцi вогнiшча, і ніхто за гэта не штрафуе.

Маладзечанка звольнілася з радыёстанцыі і паехала працаваць у В’етнам.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце