weather 8° Маладзечна
weather 8° Вілейка
weather 8° Смаргонь
weather 8° Ашмяны
weather 7° Валожын
weather 8° Мядзел
weather 8° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.45
1 долар 2.0788
100 рас.руб. 3.1389
16.09.2018 10:50 ,

«Людзі пачварныя, якія прыносяць толькі страту». Што пісала смаргонская раённая газета пра дармаедаў у 1960-х гадах

У дармаеды маглі запісаць, калі маеш кароў і працуеш на ўласнай гаспадарцы. Фота yuga.ru.

Прапаную чытачам пазнаёміцца з матэрыяламі смаргонскай «раёнкі» 1960-х, дзе аўтары бязлітасна выкрывалі «дармаедаў».

Міліцыя, суд і пракуратура правялі «вечар»

«Трутням не месца сярод нас» – так называлася публікацыя аўтара В. Святлова, змешчаная ў газеце «Перамога» ад 1 чэрвеня 1961 года.

«Гарадскі Савет сумесна  з пракуратурай, судом і міліцыяй правёў на мінулым тыдні вечар. Мэта вечара – растлумачыць новыя законы аб барацьбе з п’янствам і дармаедствам.

З дакладам «Барацьба супраць дармаедства і п’янства – барацьба за высокую арганізацыю працы»  выступіў начальнік аддзела міліцыі т. Лазерка. Дакладчык расказаў і на канкрэтных прыкладах паказаў слаўныя справы працаўнікоў горада і вёскі, якія сваёй працай ствараюць багацце нашай Радзімы і ўносяць дастойны ўклад у датэрміновае выкананне сямігодкі.

Тав. Лазерка назваў і імёны тых, хто вядзе паразітычны лад жыцця, – п’яніц Сяргея Карэянскага, Пятра Еўсеенкі, Мікалая Бяляева, самагоншчыкаў Вольгі Сінкевіч, Зінаіды Родзька, дармаедаў Вікенція Янчуковіча, Пятра Альхімовіча, Часлава Курчэўскага і іншых.

На вечары выступіў народны суддзя Маёраў. Ён зачытаў указы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Выступілі пракурор раёна т. Комлеў, пенсіянер т. Балыш.

Прысутныя аднадушна адобрылі новыя ўказы і папярэдзілі ўсіх тых, хто яшчэ недастойна вядзе сябе ў грамадстве».

Дармаедка – «кроў з малаком», што даглядае ўласную гаспадарку

Пра вішнёўскіх дармаедаў у гэтым жа нумары піша А. Краўцоў:

«Юзэфа Цыбоўская – маладая дзяўчына, як кажуць, кроў з малаком. Ёй бы паказваць прыклад у працы іншым. Але дзе там! Юзэфа сядзіць дома, даглядае ўласную гаспадарку.

— Не для таго я хадзіла дзесяць гадоў у школу,  – гаворыць яна, – каб зараз працаваць у калгасе.

Што і казаць, дзіўнае разважанне!

Не жадае працаваць на калгасных палетках і яе брат Станіслаў. Сумесна з сястрой яны займаюцца спекуляцыяй. Не так даўно іх затрымалі ў вёсцы Галоднічы з 11 кілаграмамі дражджэй, якія хацелі перапрадаць.

Таварыскі суд разгледзеў іх справу. Спекулянты атрымалі па заслугах, але вываду для сябе не зрабілі. Юзэфа і Станіслаў Цыбоўскія па-ранейшаму не жадаюць працаваць у калгасе.

Дружна працуюць хлебаробы сельгасарцелі імя ХХ партз’езда. А Юзэфа і Станіслаў шукаюць лёгкіх шляхоў».

Пра караедаў-дармаедаў

Працягваецца тэма ў нумары за 3 чэрвеня 1961 года матэрыялам  «Грош цана такім людзям». В. Калюк піша:

«Воддаль ад вёскі Падбярозы Сольскага сельсавета, акружанай дрэвамі, стаіць асабняк. Хата як хата, нічога зайздроснага. І гаспадары яе – калгаснікі сельскагаспадарчай арцелі імя Кірава – нічым знешне не адрозніваюцца ад іншых людзей.

– А што тут, калгасная піларама ўстаноўлена? – такое пытанне задае кожны, хто ўпершыню трапляе да гэтага дома.

– Ніякай рамы няма, – адказваюць суседзі. – Жыве ў гэтай хаце Якім Ігнатавіч Шумкоўскі, а ён – вельмі «любіць» лес.

Сапраўды, ля дома Шумкоўскага больш лесу, чым на калгасным будаўнічым двары. Тут і дошкі розных гатункаў, і дрэва, і жэрдкі, і г.д. Адкуль жа ўзялося такое багацце? Справа ў тым, што Шумкоўскі працуе калгасным лесніком.

Выкарыстоўваючы такую пасаду, ён, як кажуць, запасаецца. Да сваёй хаты ляснік навазіў столькі лесу, што яго ўпаўне хопіць на добрую даміну. Але гэта не ўсё. Ляснік «забыўся», што недалёка ад возера ляжыць яшчэ немалая колькасць нарэзанага ім лесу.

Як жа крадзе Шумкоўскі? Выпісаў, скажам, калгаснік кубаметр-другі лесу і накіравалі яго да лесніка. А Шумкоўскі так абмерае драўніну, што і сучок палічыць за будаўнічы матэрыял. Так ён робіць незнаёмым. Затое сваім сябрам або родзічам ляснік намерае колькі трэба.

Многія хлебаробы скардзіліся на Шумкоўскага. Але не звяртаюць на гэтага караеда- дармаеда ўвагі ні праўленне калгаса, ні сельскі Савет. Лесніку ўсё з рук сыходзіць.

Дармаеды бываюць розныя. Адны жывуць (маладзейшыя) з бацькоўскага мазаля, другія вылоўліваюць неабходны кавалачак з дапамогай спекуляцыі, трэція (накшталт Шумкоўскага) выкарыстоўваюць службовае становішча. А ёсць і такія, што жывуць за кошт крыніц, вядомых толькі ім.

Да такога тыпу адносіцца калгаснік гэтай жа арцелі Міхаіл Іосіфавіч Сташкевіч з вёскі Дэгісі. У адрозненне ад Шумкоўскага гэты нідзе не працуе. Яму, бачыце, падавай кіруючую пасаду. Больш усяго па душы Сташкевічу быць палявым вартаўніком. Тут прыволле: навокал зеляніна, духмяны пах кветак. Пад уражаннем гэтага любіць Сташкевіч зазірнуць у бутэльку. І тады ён прыглядаецца, чыя карова хвастом жыта закранула, каб забраць яе, а затым сарваць з гаспадара магарыч. І бывае, што Сташкевіч за дзень так нахлябаецца сівухі, што пасля не памятае, куды ідзе.

Добра ведаюць у Сольскім сельсавеце Тэлесфора Тышко з Кудзішак. Гэта дармаед з дармаедаў. У яго тры дамы, на два ёсць лесу, і, да таго ж, чатыры каровы. Ні сам гаспадар, ні яго жонка Марыя Пятроўна працаваць нават не думаюць. Між тым, яны карыстаюцца ўсімі выгодамі ў калгасе.

Якую карысць прыносяць чалавецтву гэтыя людзі? Прама скажам, ніякай. Дармаеды прысвойваюць сабе ўсё, што дрэнна ляжыць, абкрадаюць грамадства. Узамен жа яны нічога не даюць.

Дармаеды – гэта людзі пачварныя, яны прыносяць толькі страту. Новы Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР прымушае задумацца тых, хто не працуе, а есць», – піша аўтар Калюк.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце