weather 10° Маладзечна
weather 10° Вілейка
weather 12° Смаргонь
weather 10° Ашмяны
weather 10° Валожын
weather 10° Мядзел
weather 12° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
19.09.2018 15:00 ,

Кнігу выдаў дзякуючы сынам і жонцы: кампазітар і выкладчык Маладзечанскага музкаледжа імя Агінскага – пра паэзію, музыку, сям’ю

У гэтым кабінеце Леанід Алейнік працуе ад 1980 года. Псіхолагам, якія кажуць, што працу трэба мяняць раз на некалькі год, не верыць. Фота Аксаны ЯРАШОНАК.

Днямі ў адным са сталічных выдавецтваў выйшла кніга  «Ружа край дубровы» выкладчыка Маладзечанскага музкаледжа імя Агінскага кампазітара Леаніда Алейніка. Пад вокладкай, упрыгожанай вышыванкай, – 20 песень кампазітара на словы розных паэтаў.

«Не ведаю, колькі каштавала выданне кнігі»

Паэты розныя – Агнія Барто, Максім Багдановіч, Андрэй Дзяменцьеў, Іаган Вольфганг Гётэ.

– Паэзіяй захапляўся заўсёды. Чытаў «Литературную газету», «Огонек», – распавядае выкладчык.

У каледжы Леанід Алейнік працуе ад 1980 года. Ад гэтага часу супрацоўнічаў з мастацкімі калектывамі. Шмат песень ствараў для іх. Урэшце вырашыў сабраць усё зробленае. А сыны настоялі, каб выдаў кнігу. І нават матэрыяльна да гэтай справы далучыліся. Да сённяшняга дня не ведаю, колькі каштавала выдаць кнігу, прызнаецца Леанід.

Назвай кнігі стала назва песні, напісанай Леанідам Алейнікам на вершы Вольфганга Гётэ. Фота Аксаны Ярашонак.

Сыноў у Алейнікаў трое. Музыкантамі, як бацькі, яны не сталі. Аднак усе скончылі музычную школу пры каледжы. Жонка Леаніда –  Галіна – таксама музыкант. Муж выкладае баян і акардэон, яна – тэорыю музыкі.

Галіна са свайго боку далучылася да выдання кнігі. Некалькі разоў вычытвала матэрыял. Правіла ўсе коскі, ноты. Сам аўтар, па яго словах, ленаваўся гэта рабіць.

Сыны музыкантамі не сталі, але музыку любяць

– Мы з жонкай не навязвалі сынам выбар прафесіі, – кажа Леанід Алейнік. – Старэйшы, Віталь, скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных зносін, вучыўся таксама ў Варшаве і Кракаве, дыпломную працу абараняў у Мілане. Доўгі час працаваў у Маскве менеджарам у банкаўскай сферы. Цяпер вярнуўся на радзіму.

Сярэдні, Юры, скончыў Вышэйшую эканамічную школу ў Маскве. Малодшы, Мікалай, пачынаў вучыцца ў Вільні ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, аднак выйграў конкурс Дома дружбы ў Мінску і паехаў вывучаць юрыспрудэнцыю ў Маскву.

Хоць ні адзін з сыноў не стаў музыкантам, музыку любяць усе. Разам ездзяць на фестывалі беларускай музыкі. Юры дапамагае музыкантам ладзіць канцэрты, добра знаёмы з Лявонам Вольскім, Зміцерам Вайцюшкевічам, музыкамі з гурта «Нейра дзюбель».

– Мы з жонкай ганарымся сваімі сынамі, – прызнаецца мой субяседнік. – Нездарма ўсё жыццё прысвяцілі таму, што далі дзецям адукацыю ў прэстыжных ВНУ. Цешыць бацьку і тое, што браты сябруюць паміж сабой і што яны – сапраўдныя патрыёты Беларусі.

Сам Леанід Алейнік страціў брата ў 1981 годзе. Брат вучыўся ў інстытуце замежных моў. Тады лепшых студэнтаў узнагародзілі палётам у Ленінград. Самалёт загарэўся. Выжылі толькі нямногія з тых, хто быў у хваставой частцы. Брат Леаніда загінуў.

Любоў да музыкі – ад бацькоў

Бацькі будучага музыканта паходзілі з вёскі Бродня на Барысаўшчыне. У 1955 годзе вяскоўцаў сталі высяляць, бо на месцы вёскі будавалі палігон для танкаў у Печах. Каб запоўніць паперы на высяленне, трэба было ехаць у Маскву. Бацька Леаніда Мікалай Алейнік паехаў туды і за ўсіх вяскоўцаў запоўніў паперы, бо ён быў адзін з нямногіх, хто ўмеў добра чытаць і пісаць. Так сям’я апынулася ў Жодзіне, дзе праз год нарадзіўся Леанід.

Жодзіна — родны горад Леаніда Алейніка.

Па словах майго суразмоўцы, бацькі вельмі любілі музыку. Бацька добра спяваў, падчас службы ў войску іграў на мандаліне.

А маці Любоў так любіла музыку, што маладой дзяўчынай нават набыла гармонік і сама навучылася іграць.

– Грошай у вяскоўцаў не было, з натуральнай гаспадаркі жылі, – расказвае Леанід. – Дык маці, каб на гармонік грошай сабраць, хадзіла ў лес, збірала ягады і грыбы, а пасля за 16 кіламетраў насіла іх у Барысаў прадаваць. Набыла тульскі гармонік, па слыху навучылася іграць. Часта клікалі на вяселлі.

«Купім новы ровар, толькі вучыся»

Да гармоніка сын пачаў дакранацца ў гады чатыры. Мама, напяваючы, паказвала тое-сёе. Праз пару год дзеці-аднагодкі ўжо крычалі пад акном: «Лёня, пайграй!».

У год сем-восем бацькі аддалі сына ў музычную школу. Ездзіць трэба было кіламетраў каля шасці. Набылі ровар. Аднак неяк падчас заняткаў яго скралі. Хлопчык баяўся вяртацца дамоў, быў гатовы, што бацькі пачнуць лаяцца з-за ровара. Але яны сказалі: купім новы, ты толькі вучыся. Так разам з васьмю класамі ў звычайнай школе Леанід скончыў і музычную ў педагога Анатоля Анохіна.

– Прыйшоў час прафесію абіраць. Выкладчык з музычнай школы раіў паступаць у музвучылішча. Казаў «інжынераў пад кожным плотам хапае, а добрых музыкаў няма», – прыгадвае Леанід.

А дырэктар школы хацеў, каб вучань ішоў у дзявяты клас, бо вучыўся выдатна, нават дакументы адразу не аддаваў.

Ажаніўся з самай прыгожай студэнткай Маладзечанскага музвучылішча

Пра вучобу ў Мінскім музвучылішчы, а пасля – у кансерваторыі ў Леаніда Алейніка засталіся яркія ўспаміны. Тады займацца музыкай было прэстыжна, кажа ён. Недалёка ад музвучылішча была кавярня, дзе ладзілі вяселлі. У вучылішчы замаўлялі музыкантаў. Навучэнцы вялі спіс, трэба было доўга чакаць сваёй чаргі, каб у нейкую суботу пайграць на вяселлі і крыху падзарабіць.

У кансерваторыі Леанід быў камандзірам студэнцкага атрада. Будучыя музыканты ездзілі працаваць у Карэлію:

– Ведаеце, што рабілі піяністы і струннікі? Лазілі па слупах і цягнулі лінію электраперадач. Карэлія запомнілася белымі начамі, азёрамі, рыбалкай.

Калі ў 1980-м годзе Леанід Алейнік скончыў кансерваторыю, прапаноўвалі працу ў абласных цэнтрах, але выпускнік абраў Маладзечна. І з Мінскам побач, а там – і да бацькоў у Жодзіна недалёка.

У гэтым будынку Леанид Алейник працуе амаль сорак год. Фота з архіва «Рэгіянальнай газеты».

У Маладзечанскім музвучылішчы пазнаёміўся са студэнткай чацвертага курса Галінай. Праз год згулялі вяселле. «Жонка самай прыгожай студэнткай у вучылішчы была», кажа Леанід.

За шмат гадоў працы склаліся прыязныя адносіны ў калектыве. Амаль 40 год Леанід працуе пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі. Лічыць яго высокім прафесіяналам, чалавекам, які шмат зрабіў для каледжа. Прыемна тое, што і дырэктар, і яго намеснікі любяць беларускую мову і культуру.

Музыку любяць, але вучыцца не жадаюць

Адно засмучае кампазітара. Здаецца, моладзь сёння так любіць музыку, а прафесійную музычную адукацыю атрымліваць не хоча. З цяжкасцю сёння набіраюць навучэнцаў на некаторыя аддзяленні ў музкаледж. Чаму?

Леанід мяркуе, магчыма, з-за таго, што вучоба музыцы – напружаная праца. Ды і інструменты каштуюць дорага. Для многіх, лепш машыну набыць.

І ўсё ж музыкант перакананы: прыйдзе час, народ трохі пабагацее, зажыве лепш –  і нарэшце павернецца да прыгожага: мастацтва, музыкі, літаратуры.

Леанід Алейнік аб’ездзіў амаль усе краіны ў Еўропе. Заўважыў, што там пры заможным жыцці людзі не адмаўляюцца ад духоўнага.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце