weather -6° Маладзечна
weather -6° Вілейка
weather -3° Смаргонь
weather -6° Ашмяны
weather -5° Валожын
weather -6° Мядзел
weather -3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4132
1 долар 2.1262
100 рас.руб. 3.1849
22.09.2018 18:00 ,

“Малпа ўкусіла мяне за палец”. – Маладзечанка расказала пра непрыемныя моманты падчас падарожжа

Працягваем серыю публікацый пра падарожжа Ганны Мажуць у В’етнам. У гэтым нумары раскажам пра асаблівасці в’етнамскага жыцця.

Раней мы расказалі, чаму Ганна Мажуць трапіла ў В’етнам і як вырашыла цалкам змяніць жыццё.

Таксама падзяліліся першымі ўражаннямі дзяўчыны ад гэтай авантуры.

Цяпер паведамім пра асаблівасці в’етнамскага жыцця.

Працоўную візу Ганне рабілі на тры месяцы, кантракт быў паўгадавы. Візу спатрэбілася абнавіць, і дзяўчына на тыдзень паляцела ў сталіцу Малайзіі – Куала-Лумпур.

Па словах гераіні, гэта мусульманская краіна выглядае як Нью-Ёрк, толькі з пальмамі. Да бляску чысты горад, “каменныя джунглі” з вялікім паркам і сучаснай архітэктурай. Ёсць падземнае і надземнае метро, монарэйка. “Над галавой у цябе ўсё лётае, думаеш, божа, горад будучыні”.

Ледзь не захварэла на шаленства

Падчас паездкі Ганна наведала індуісцкі храм Бату Кейвс. Там некалькі пячор. У адной – статуі міфалагічных багоў, па другой ходзяць паўліны. У трэцяй жыве манах, які выконвае мясцовыя абрады. Усюды бегаюць малпы – гэта месца ў народзе называюць Храмам Малпаў. Жывёлы забіраюць у людзей ваду і яду.

– Набыла статуэтку індуісцкага бога Ганешы, яе запакавалі. Іду і адчуваю – пакет за нешта зачапіўся. Гляджу, малпа трымае. Кажу “аддай, маё”, ёй усё роўна. Скача мне на галаву яшчэ адна малпа. Пакет ужо раздзёрты, статуэтку ў каробцы ў руцэ трымаю. Жывёла пачынае вырываць з рукі. Падбягае трэцяя малпа, чапляецца за нагу. Размаўляю ўжо з усімі жывёламі. Разумею, паехала адна, дапамагчы няма каму, натоўп здымае відэа здарэння.

Чарговая малпа кінулася Ганне на руку. Ганешу яна трымала ўжо без упакоўкі. Малпа ўкусіла дзяўчыну за палец, каб тая адпусціла. Усе жывёлы адразу кінуліся на дрэва, глядзець, што скрала сяброўка.

– У мяне кроў льецца, адначасова паліваю руку вадой і здымаю зладзеек на відэа. Малпа зразумела, што гэта не ежа, скінула з дрэва. Я падняла. Але малпа заўважыла, што я зноў трымаю нешта ў руках, скочыла ўніз. І вось бягу ад яе і разумею, што малпа больш хуткая. Кінула ваду, каб адцягнуць увагу.

Цэлы дзень Ганна гуляла. Увечары ля адміністрацыйнай стойкі ў гатэлі апрацавала руку. Супрацоўнік здзівіўся, чаму дзяўчына не звярнулася па медыцынскую дапамогу. А калі шаленства?

Прышчэпка ад яго каштавала 150 долараў. Грошай не было, і назаўтра Ганна ехала ў В’етнам.

Страхавая доўга не магла знайсці бальніцу, якая б прымала аплату з іх рахунку. Ноччу дзяўчына пайшла ў бальніцу ў кітайскім квартале, доктар прапісаў антыбіётыкі, сказаў, што вакцыну рабіць позна. Няма сімптомаў – лячыцца не трэба.

Пасля здарэння ў Ганны на тры месяцы абвастрыліся хранічныя хваробы, але яна працягвала працаваць. Страхоўка пакрыла расходы за выпадак з малпай, аплаціла першы візіт да доктара. Але “хроніку” Ганна лячыла за свой кошт.

Медыцына ўсюды платная

Медыцына ў В’етнаме платная. Таму па кансультацыю ходзяць у аптэкі. Не прадаюць таблеткі ва ўпакоўцы – паштучна кладуць у пакет. Так прыносілі Ганне таблеткі, калі яна захварэла. Не ведала нават, што прымае. Таму калі ездзіла ў бальніцу, прасіла квіток з назвамі на англійскай, каб паглядзець лекі ў інтэрнэце.

– Там антыбіётыкі ядуць, як цукеркі. Па пяць-шэсць відаў таблетак прапісваюць прымаць адначасова. Мне трохмесячны курс церпінкода назначылі, у аснове якога апіят – наркатычнае рэчыва. Няма спрэяў для горла. Палошчуць рот мясцовымі травамі і каранямі, я ў іх не разбіраюся. Ад кашлю папулярныя ледзяшы.

Ці праўда, што в’етнамцы ядуць сабак

Ежа ў жыхароў В’етнама таксама адрозніваецца. Набыць прадукты можна ў супермаркетах. Часцей там закупляюцца тыя, хто трымае маленькія крамы. Шмат ежы прадаюць “з зямлі”. Рынак – усюды на вуліцах, у пераходах, ля стадыёнаў. У кафэ і супермаркетах выстаўленыя цэны, у крамах і на вулічных прадуктах іх няма.

Прадукты на рынках Ганна амаль не набывала – перашкаджаў моўны бар’ер. З в’етнамцамі заўсёды трэба таргавацца.

– Набываеш у адным месцы звязку бананаў за рубель, праз тыдзень яна каштуе два, потым тры, незразумела. Набыла сонечныя акуляры за восем рублёў, якія першапачаткова каштавалі трыццаць. Для беласкурых людзей цэны адразу ўзлятаюць.

Па словах дзяўчыны, танней есці ў кафэ, чым гатаваць дома. Талерка супу ці лапшы з гароднінай і мясам каштуе два з паловай рублі. Порцыі ў тры разы большыя за нашыя.

У меню кафэ Ганна сустракала морапрадукты, слімакоў, горных коз, змей, катоў, сабак і нават лапкі пеўняў. У апошніх в’етнамцы высока цэняць лапкі і гузку. Далікатэс – яйка качкі з зародкам унутры.

– Спачатку не зразумела, што гэта мёртвая качка, па смаку – звычайнае яйка. Толькі потым даведалася. Спрабаваць кошак і сабак пакуль маральна не гатовая.

Для ежы в’етнамцы разводзяць спецыяльную пароду сабак, ядуць толькі маладых.

Падчас абеду сядзяць на дыванах

За сталом в’етнамцы ядуць толькі ў прыдарожных кафэ ці ў рэстаранах. У кафэ вельмі нізкія крэслы і сталы.

Дома мясцовыя жыхары падчас ежы сядзяць на бамбукавых дыванах. На адным – мужчыны. Яны могуць піць і курыць з вялікіх бонгаў (спецыяльная прылада для курэння) – цыгарэты не ў ходзе. На другім – жанчыны з дзецьмі. Жаночы пол не курыць зусім. Ганна расказала, з ёй месяц жыла дзяўчына з Галандыі, якая спрабавала знайсці цыгарэты. Глядзелі, як на ненармальную.

Калі табе 27, замуж не выйдзеш

– Знаёмая жалілася на в’етнамскіх хлопцаў, яны хочуць усё кантраляваць. Кажа, як добра, што замужам за амерыканцам, нармальнага мужчыну знайшла.

Большасць мясцовых упэўненыя: калі дзяўчыне споўнілася 27 гадоў, а яна не замужам, то добрага мужчыну не знойдзе. Ствараць сям’ю з маладых гадоў – даўняя традыцыя В’етнама.

Усе суседзі будуць цікавіцца ў бацькоў, чаму дачка не замужам. “Грамадства вельмі цісне. Хлопцы казалі, што на другім спатканні дзяўчына пытаецца, калі яе пад вянец пазавуць. Маўляў, я цябе пачакаю, колькі табе трэба, год, два, мне яшчэ 24, магу. Але ў 26 прыцісну да сценкі”.

Па словах Ганны, у В’етнаме ўвогуле нельга жыць з мужчынам да шлюбу. Але палова з іх адбываецца “па залёце”.

– Мне расказвалі пра жудасную традыцыю, якая існуе ў аддаленых паўночных вёсках. Першым у сям’і павінны нарадзіцца хлопчык, калі дзяўчынка – робяць аборт. Але і сярод сваіх знаёмых у Хайфоне я сустрэла толькі дзве сям’і, дзе першай была дзяўчынка.

Таццяна КАСЬЯН.

Фота забяспечаныя Ганнай МАЖУЦЬ.

Працяг чытайце праз тыдзень.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце