weather -3° Маладзечна
weather -3° Вілейка
weather -1° Смаргонь
weather -3° Ашмяны
weather -2° Валожын
weather -3° Мядзел
weather -1° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
23.09.2018 09:31 ,

Як жылі ў лазні і елі нямецкую вячэру. Успаміны жыхара Вілейшчыны пра Першую і Другую сусветныя войны

Падчас Першай сусветнай вайны Аляксандр Керанскі наведваў мясціны рэгіёна. На здымку - ён пад Крэва. Фота з архіва "РГ".

Прапаную чытачам успаміны свайго аднавяскоўца Мікалая Варановіча, запісаныя ў вёсцы Касічы Рускасельскага сельсавета Вілейскага раёна 17 жніўня 1976 года.

Аб прыгодах на Першай сусветнай

«Гэта было ўлетку 1915 года. Мяне і маіх аднагодак з нашай вёскі ўзялі рускія і адправілі пад Ліду капаць акопы. Напэўна, спадзяваліся, што давядзецца адступаць. Праз дзень  Ілюк Варановіч (гэта твой дзед) уцёк адтуль, бо ў яго жонка маладая, Наста, засталася дома з дзецьмі.

А нам давялося праз нейкі час адступіць, бо немец ужо блізка падышоў. Мы неяк дабраліся да Маладзечна, а там ужо немцы. Пайшлі мы пяшком да мястэчка Маркава. Адтуль накіраваліся на Гануту.

Ідзём па лесе і трапляем да вогнішча. А там немцы вячэру вараць у кацялку з салам. Неяк на польска-беларускай мове тлумачым, што мы тутэйшыя і заблукалі. Яны па-польску запрашаюць нас прысесці на вячэру і крыху пачакаць. Селі мы, а потым я пайшоў да ракі, каб вады набраць. Бачу, што бліскучая драцінка праз раку нацягнутая. Мы  ўжо  блізка ад сваёй вёскі, а дома дрот заўсёды спатрэбіцца. Адламаў я кавалак дроту і скруціў яго на руку ў скрутку. Прыходжу да вогнішча. Нашы сядзяць, а немцаў няма.

– А дзе немцы? – пытаюся

– Пайшлі некуды. А што ты прынёс

– Во дрот вісеў на кустах, дык кавалак адламаў. Дома спатрэбіцца.

– Ты ж яго не вешаў. Чаго ўзяў чужое!? Кідай ты хутчэй дрот, бо немцы, як убачаць, што ты ім сувязь парваў, дык цябе заб’юць і нас расстраляюць. Яны, відаць, спужаліся, што ў іх сувязь знікла і ўцяклі.

– А што з вячэрай рабіць будзем? Сала ўжо зварылася і хлеб нейкі ёсць.

– Што ўжо будзе, тое будзе. Хай Бог нас грэшных беражэ. Будзем вячэраць і без немцаў.

Мы згаладалыя, як тыя сабакі, хуценька накінуліся на тое сала, з’елі яго ды падаліся дамоў праз Гануту. Пашанцавала нам, што немцы не вярнуліся.

Прыйшлі дамоў. А праз нейкі час мяне забралі ў Рускую армію. Павучылі трохі ў Сімбірску ды адправілі на фронт у Румынію. Там былі чатыры нашы рускія корпусы ў цэнтры, а па баках – румынскія войскі, нашы саюзнікі.

Наступаем ціха без бою, а немцаў усё няма і няма. А пасля даведаліся, што ззаду нас румыны немцам свае пазіцыі здалі. Дык мы тады двое сутак уцякалі, каб не трапіць у палон. Выйшлі з акружэння, і фронт стабілізаваўся. Немцы спрабавалі нас адкінуць, а мы – іх. А пасля спыніліся ў акопах. Толькі крыху пастраляем мы іх , а яны нас, і ўсё.

Бывала, радавы салдат ходзіць, дык па ім ніхто не страляе, а як афіцэр высуне галаву, дык і заб’юць. Таксама забівалі і цывільных, бо хто з грамадзянскіх пойдзе на перадавую, як не начальства. Такая была вайна.

Аднойчы да нас на фронт прыехаў Аляксандр Керанскі. Тады мы даведаліся ад яго, што рэвалюцыя адбылася. Некаторыя афіцэры, якія баяліся салдат, паўцякалі ў другія вайсковыя часці.

У Першую сусветную вайну Касічы згарэлі. Мая жонка Вольга жыла ў лазні. Пасля той вайны я ўжо ў сярэдзіне вёскі не стаў будавацца, а на краі, на волі. Навазіў дрэва, зрубіў хату з сасновых бярвенняў. Сыноў у мяне было чацвёра Сашка, Коля, Іван, Толя і дачка Клаўдзя. Пасля Другой вайны кожнаму сыну дапамагаў будавацца.

Падчас Другой сусветнай выратавалі немцы

У сакавіку 1944-га немцы з украінцамі-самахоўцамі правялі карную аперацыю супраць жыхароў вёскі Касічы. Спалілі вёску і забралі некалькі чалавек. Прычынай стала забойства днём раней чатырох немцаў з гарнізона ў Нарочы.

Партызаны тады развязалі бой у нашай вёсцы. Дык вось нашых жыхароў расстрэльвалі не столькі немцы, колькі ўкраінцы. Яны ж застрэлілі Пескавых Юліся з жонкай Вольгай.

За мяне заступіўся нямецкі афіцэр, які сказаў мне, каб я ішоў і раскідаў абгарэлыя бярвенні з вуліцы, каб машына магла праехаць. Я сцягнуў тыя бярвенні і пытаюся ў афіцэра: «Куды мне ісці?»— «Ідзі за вёску і прыхавайся» — адказаў ён.

Я пайшоў у лазню, а там людзей шмат і нават самагонка гоніцца. «Не, мы тут не будзем» – вырашылі мы з жонкай і пайшлі ў зрубчык хавацца. Але ўсё роўна нас знайшлі.

Мяне і Валодзю Юркава Дземідовіча ўзялі і завезлі ў Вілейку, у турму. Адтуль праз пару месяцаў як невінаватых завезлі на станцыю Параф’янава на працу. Прымусілі нас араць поле, засяваць яго, а потым з немцам кароў пасціць. Двое нас і немец.

Яшчэ адзін работнік быў з-пад Смаленска. Ён быў сапраўдны п’яніца. Нап’ецца і спіць. Адзін раз ён убачыў, як немцы пераганялі самагон у спірт. Дык падышоў да апарата і дзве чаркі выпіў, пакуль не паваліўся. А немцы з яго смяюцца.

У ліпені 1944 года мужчын пабралі ў чырвонае войска. Мяне і маіх аднагодак не бралі, бо каля 60 гадоў мелі. Мікалай Тодарчыкаў Барыс стаў фінансавым агентам у Рускасельскім сельсавеце. Ён сказаў мне і  маім аднагодкам Паўлюку, Валодзю Юркавым Дземідовічам, што трэба ісці ў Куранецкі раённы ваенкамат. Будуць забіраць у армію. Мы прыйшлі ў Куранец, але ў ваенкамат не ідзём. Я пайшоў у разведку. Сустрэў каля ваенкамата аднагодка з Заброддзя, а ён мне кажа: «Хто туды зайдзіць, дык і бяруць. Але наш год у армію не прызываюць. Я іду дамоў. Думаю, а чаго тады мне ісці. Павесткі мне няма. А наказ праз Мікалая – гэта не дакумент. Я сказаў сваім равеснікам з Касічоў: «Вы, як хочаце, а я пайду дамоў». І яны пайшлі за мной. А Мікалай Тодарчыкаў, як пайшоў у ваенкамат, дык на Урал, на завод,  завезлі. Дадому ён чамусьці не вярнуўся. Бабнік ён быў.  Можа да нейкай бабы прыбіўся ці з нейкай бабай некуды ўцёк. Тады пасля вайны мужчын не хапала».

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце