weather 10° Маладзечна
weather 10° Вілейка
weather 12° Смаргонь
weather 10° Ашмяны
weather 10° Валожын
weather 10° Мядзел
weather 12° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
24.09.2018 20:02 ,

Дамашні матч ХК «Дынама-Маладзечна» скончыўся разгромным лікам (Фота)

На дамашняй пляцоўцы 22 верасня хакейны клуб “Дынама-Маладзечна” правёў матч супраць моладзевай зборнай Беларусі да 20 гадоў.

З разгромным лікам 9:0 маладзечанскія “зубры” абыгралі “Беларусь U-20”.

Клюшка лётала ў паветры

З першых хвілін матча стала зразумела, што гаспадары настроеныя рашуча. І хаця сапернікі змагаюцца, як могуць, у першым перыядзе лік адкрывае нападаючы Павел Печур – 1:0. Праз пяць хвілін нападаючы з каманды зборнай Павел Ажгірэй атрымлівае штраф за штуршок саперніка.

За атаку рукамі караюць абаронцу “Дынама” Алега Гарошку. Восем хвілін да канца першага перыяда, напружаны момант і… Гульня працягваецца. Захара Палішчука з каманды сапернікаў “Зуброў” штрафуюць за гульню высока паднятай клюшкай.

Праз некалькі хвілін Гарошка забівае другі гол.

Гульцам “U-20” не шанцуе. Дзмітры Саўрыцкі і Аляксандр Шкрабаў з прамежкам у хвіліну атрымліваюць штрафы. Клюшка аднаго з хакеістаў натуральна лётае ў паветры.

Першы перыяд гульцы заканчваюць з лікам 3:0. Апошні за гэтыя 20 хвілін гол забівае Аляксей Яфіменка.

Чатыры галы за перыяд

З падачы Андрэя Бялевіча чацвёртую шайбу ў вароты сапернікаў у першыя хвіліны адпраўляе гулец каманды “зуброў” Артур Гаўрус.

Другі перыяд абяцае быць насычаным і для хакеістаў, і для балельшчыкаў. З трыбун далятаюць радасныя “Бела-сінія, наперад!”, “Пераможа сёння “Дынама”. Чаканні спраўджваюцца – пяты і шосты галы забівае “дынамавец” Вячаслаў Грэцкі. Адзін з іх нават у меншасці.

А вось абаронца “бела-сініх” Багдан Зазон атрымлівае штраф.

У камандзе зборнай – змена варатара. Гарошку другі раз за матч штрафуюць – цяпер за затрымку саперніка рукамі. Таксама другі раз шайба Яфіменка ляціць у вароты “чырвона-белых”. З лікам 7:0 “зубры” і U-20 ідуць чакаць наступны перыяд.

У прамежках паміж перыядамі праводзяць конкурсы для заўзятараў на прызы хакейнага клуба. Лепшым дораць квіткі на наступны матч. Выдаюць абанементы тым, хто іх замовіў ці набыў.

Хутка сапернікі трэці раз сустракаюцца на лёдзе. Чарговую шайбу “дорыць” зборнай Вячаслаў Лісічкін. Кучкіна караюць за ўдар апанента клюшкай. Таксама штрафуюць гульца U-20. Апошні гол матча забівае Журня. З лікам 9:0 заканчваецца гульня.

11 верасня “дынамаўцы” абыгралі зборную з лікам 7:0. Напомнім, у жніўні каманды «абмяняліся» трэнерамі. U-20 стаў вучыць былы трэнер “зуброў” Дзмітры Краўчанка. Да  “бела-сініх” прыйшоў Юры Файкоў.

“Галоўнае – гнуць сваю лінію”

– На дадзены момант, нам цяжка гуляць з моцнымі камандамі. Трэба чымсьці ахвяраваць. Або падладжвацца пад кожную каманду, або наладжваць свае ўзаемадзеяння. Цяпер нашы думкі і падрыхтоўка не дазваляюць змагацца на роўных, – пракаментаваў матч галоўны трэнер U20 Дзмітры Краўчанка. – Але і ў гэтай гульні былі станоўчыя моманты. Мінімальныя, непрыкметныя. За кошт таго, што гуляем з моцнымі сапернікамі, будзем расці. Спачатку адзін перыяд выйграем, потым два, усю гульню. Галоўнае – гнуць сваю лінію і не гібець. З кожнага мінуса можна зрабіць плюс.

Па словах галоўнага трэнера ХК “Дынама-Маладзечна” Юрыя Файкова, каманда U20 выдатна пачала гульню.

– Дзякуй Віталю Бялінскаму, падцягнуў. Наогул, трэнер найграе свае задумкі, не бачу трагедыі ў выніках. Што тычыцца “Дынама-Маладзечна”, два апошнія матчы з “Юнацтвам” і “Шахцёрам” гулялі добра. Але была галявая засуха ў нападаючых. Сёння папрасілі іх прачуць гульню, злавіць моманты, пагаварылі спакойна, хлопцы пагадзіліся. У “Дынама” нядаўна была пяціматчавая выязная серыя. Спадзяюся, дома дапамогуць і сцены, будзем рыхтавацца да хатніх матчаў.

Раней “Дынама-Маладзечна” было фарм-клубам мінскага “Дынама”. Ад 2 мая – гэта асобная структура, заснавальнікам якой з’яўляецца Мінскі абласны выканаўчы камітэт, каманда належыць вобласці. Сімволіку і назву на гэты сезон захавалі.

Фота забяспечаныя прэс-службай ХК «Дынама-Маладзечна».

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце