weather -3° Маладзечна
weather -3° Вілейка
weather -1° Смаргонь
weather -3° Ашмяны
weather -2° Валожын
weather -3° Мядзел
weather -1° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
25.09.2018 14:43 ,

«Не суньце пальцы тарантулу ў норку». Буйныя павукі дабраліся да Рэчыцы

Фота wikipedia.org.

​Весткі пра сустрэчу з тарантуламі прыходзяць з розных куткоў Гомельскай вобласці. Іх бачылі ў Светлагорскім раёне. У Лельчыцкім раёне аднаго злавілі ў хаце каля дзіцячай калыскі.

У Рэчыцы тарантул дабраўся да 5-га паверху

Яраслаў, жыхар Рэчыцы, заўважыў тарантула ў пад’езьдзе шматпавярховага дому на вуліцы Навумава.

«Раней чуў, што буйных павукоў бачылі ў вёсках нашага раёну. Але ў горадзе? На пятым паверсе?» — зьдзівіўся малады чалавек.

Яшчэ дзесяць гадоў таму тарантулы былі дзівам для паўднёвых раёнаў Беларусі. Хутчэй за ўсё, прыйшлі яны з стэпаў і лесастэпаў Украіны. Цяпер на Палессі іх бачаць усё часцей.

Тарантулы звычайна сядзяць у норах і чакаюць на што-кольвек пажыўнае. Выбягаюць яны адтуль на вібрацыю ці калі прамільгне цень. Павукі гэтыя палахлівыя і блізарукія.

Ці варта баяцца?

На біялагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсытэта імя Францішка Скарыны кажуць, што асцерагацца тарантулаў варта людзям, схільным да алергічных рэакцыяў. Здароваму чалавеку ўкус тарантула балючы, але не смяротны.

Навукоўцы кажуць, што тарантулы могуць поўзаць па вертыкальных сценах, таму не дзіва, што іх бачылі на пятым паверсе.

Адмыслоўцы зазначаюць, што павук першым не нападае, бо «не ўспрымае чалавека як кармавы аб’ект». Каб тарантул укусіў чалавека, «трэба моцна пастарацца». Напрыклад, дражніць, засоўваць пальцы ў норку.

Людзі баяцца тарантулаў, бо гэты від павукоў пакуль нязвыклы для Беларусі. А тарантулы, адчуўшы пагрозу, яшчэ болей палохаюць — становяцца на заднія лапы. Навукоўцы ж заўважаюць, што звычайныя павукі бываюць і большых памераў, але яны ўжо звыклыя, таму і не страшныя.

Чаму тарантулы ідуць да людзей?

Тарантулы абследуюць тэрыторыю вакол сваіх норак, шукаюць корму. У падʼездзе шматпавярховага дома яны могуць знайсці мух, прусакоў, цвыркуноў, павукоў меншых памераў. Людзі ж ім не цікавыя.

Што рабіць, сустрэўшы тарантула?

  • Не пужацца.
  • Не кранаць рукамі.
  • Тарантулаву нару можна пабурыць рыдлёўкай, каб павук сышоў у іншае месца.
  • У кватэры тарантула можна венікам загнаць у слоік і вынесці вонкі.

Навукоўцы просяць не забіваць тарантулаў.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце