weather -5° Маладзечна
weather -5° Вілейка
weather -4° Смаргонь
weather -5° Ашмяны
weather -5° Валожын
weather -5° Мядзел
weather -4° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4033
1 долар 2.1241
100 рас.руб. 3.1913
04.10.2018 16:15 ,

ВІДЭАРЭПАРТАЖ. Дакраніся да гісторыі і спраўдзі жаданне: чаму варта наведаць музей у Маладзечанскай санаторнай школе-інтэрнаце

Ад 2007 года ў Маладзечанскай санаторнай школе-інтэрнаце працуе этнаграфічны музей, якім кіруе педагог Ігар Шкаруба. Шматлікія экспанаты збіралі з дапамогай педагогаў, вучняў і бацькоў.

У самога Ігара Мікалаевіча цікавасць да гісторыі і краязнаўства з дзіцячых гадоў:

– Справа ў тым, што ў дзіцячыя гады я заўсёды цікавіўся гісторыяй, яна мяне захапляла. У свой час, калі я навучаўся яшчэ ва ўніверсітэце – я заканчваў філалагічны факультэт, – ездзілі мы на раскопкі. Мне цікава было на раскопках, паглядзець гэтую вось старажытнасць.

Экспанаты збіраюцца паступова. Нешта  кіраўнік музея прывозіць ад цешчы з Валожыншчыны, нешта прыносяць сябры, нешта набывае ў людзей сталага веку.

Самыя частыя наведнікі музея – вучні школы-інтэрната, якія прызджаюць сюды вучыцца і папраўляць здароўе з розных куткоў Міншчыны. Дзеці на доўгі час адрываюцца ад сям’і, пазбаўляюцца бацькоўскай пяшчоты, а ў музеі пачуваюць сябе, як дома. Часта пытаюцца, ці можна зайсці яшчэ.

– Для дзяцей гэта вельмі цікава. Канешне, дзеці рознага ўзросту па-рознаму ставяцца да старых рэчаў. Але усё ж такі большая частка з цікаўнасцю слухае, калі гэтая рэч была створана. Звычайна, як распачынаю гутарку пра музей, заўжды прывожу словы Рыгора Шырмы, які ў свой час сказаў, што песня – гэта душа народа, а душу немагчыма забіць. Бо яна не памірае. Усё, што зроблена, – зроблена рукамі і з душой чалавека. Калі б была магчымасць гэтым рэчам загаварыць, колькі б яны расказалі! – кажа Ігар Шкаруба.

Юныя наведнікі любяць пасядзець на музейным ложку, а ў гэты час Ігар Мікалаевіч распавядае ім пра арнамент на дыване і на посцілцы. У музеі дазваляецца амаль усё ўсё: нават мацаць экспанаты рукамі і гушкаць калыску з немаўляткам. Хлопцы з цікавасцю разглядаюць штых-нажы часоў Напалеона, каменнае ядро 15 стагоддзя. Увагу дзяўчат кіраўнік музея звяртае на дзяжу. На яе, па народным звычаі, садзілі дзяўчыну перад вяселлем толькі тады, калі тая была цнатлівай.

– Я заўжды ім кажу пра лапаць. Выкарыстоўваю пры сваім расповедзе народную педагогіку. Кажу, што ёсць прымаўка «за пераборкі даюць аборкі». І пытаюся, пра каго так кажуць. Яны спачатку не ведаюць. Пытаю, што такое «аборкі»? Тлумачу, што аборкі – гэта вяровачкі, якімі завязвалі лапці. А прыказка датычылася дзяўчат, якія былі пераборлівымі. Адным не падабаўся, што хлопец лысы, другім – што ў яго нос даўгі… – расказаў Ігар Шкаруба.

Старажытная Біблія ў драўлянай вокладцы, куфар, акамянелы рог старажытнай жывёлы, жорны, абразы, рушнікі, амулеты стараабрадца… Разглядаць экспанаты можна бясконца. Каб усё гэта пабачыць, трэба проста звязацца з адміністрацыяй школы.

Калі трапіце ў музей, не забудзьцеся пра цагліну з маладзечанскага замка 14 стагоддзя з адбіткам далоні старажытнага майстра. Па словах кіраўніка, яна валодае містычнымі ўласцівасцямі. Трэба пакласці на цагліну сваю далонь і загадаць жаданне, яно абавязкова здзейсніцца. Мы дакрануліся да чароўнай цагліны. І калі жаданне спраўдзіцца, абавязкова вернемся сюды яшчэ.

УНП 600128662

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце