weather 11° Маладзечна
weather 11° Вілейка
weather 8° Смаргонь
weather 11° Ашмяны
weather 7° Валожын
weather 11° Мядзел
weather 8° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4279
1 долар 2.1098
100 рас.руб. 3.2157
06.10.2018 07:15 ,

«Памятаю элегантны выгляд, харызму і падораную ёй чырвоную рукавічку». Выпускнікі ільянскай школы розных часоў – пра настаўніцу Розу Шэрую

У Ільянскай сярэдняй школе Роза Шэрая працавала ад пачатку 1970-х гадоў і да нядаўняга часу.

Выкладала беларускую і рускую мову і літаратуру, выяўленчае мастацтва. Была педагогам-арганізатарам, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Кіравала школьным музеем «Вілейшчына літаратурная», які не без яе ўдзелу стаў народным.

За сваю дзейнасць настаўніца мае шмат узнагарод. А яе вучні паспяхова выступалі і  перамагалі на рэспубліканскіх алімпіядах па беларускай мове.

Пра настаўніцу і чалавека Розу Шэрую можна напісаць шмат. Але перад прафесійным святам мы вырашылі даць слова былым вучням ільянскай школы.

Дызайнер Вераніка Газава, Санкт-Пецярбург:

Ёсць людзі, сустрэўшы якіх, хочацца слухаць іх кожнае слова, назіраць за кожным рухам. Гэта ўласціва толькі глыбокаму чалавеку. Роза Канстанцінаўна якраз такая. Інтэлегентная жанчына з неверагоднай харызмай. Яе манеры, гаворка, элегантны выгляд – стыль, адным словам.

Памятаю нашы заняткі ў пастаянна халодным музеі, цёплыя сустрэчы з пісьменнікамі. І тую чырвоную рукавічку, якую яна падарыла мне як сімвал добрага сэрца.

Роза Шэрая (з кнігай) знаёміць з музеем «Вілейшчына літаратурная» паэтаў Міколу Шабовіча і Дзмітрыя Пятровіча. Фота Васіля Шэрага.

Супрацоўніца авіякампаніі Наталля Вайтовіч (Светагор), Радашкавічы:

Класным кіраўніком да нас Роза Канстанцінаўна прыйшла ў шостым класе. Узяла наш клас у вожыкавыя рукавіцы і ўсіх вывела ў людзі. Яна змагла выхаваць у нас павагу да старэйшых і любоў да людзей. На яе ўрокі мы ішлі з радасцю, бо заўсёды было цікава і насычана.

Яна магла даць правільныя парады і дапамагала ў нялёгкіх для нас, вучняў, сітуацыях. Праз дзесяць год у душы толькі цёплыя ўспаміны пра час, праведзены побач з ёй.

Сярод вучняў. На адной са шматлікіх сустрэч з пісьменнікамі. Фота Васіля Шэрага.

Выкладчыца музыкі Антаніна Галубовіч (Крывела), Чысць:

– У нашым класе Роза Канстанцінаўна два гады вяла беларускую мову і літаратуру, а таксама выяўленчае мастацтва. Гэта чалавек сапраўды ўлюбёны ў сваю прафесію, вельмі таленавіты. Пра такіх людзей кажуць: педагог ад бога.

Прыгадваю, як Роза Канстанцінаўна кіравала музеем «Вілейшчына літаратурная». Мы – юныя экскурсаводы, падрыхтаваныя ёй, – неаднаразова самі праводзілі ў музеі экскурсіі перад сваімі аднакласнікамі, вучнямі пачатковай школы і высокімі гасцямі.

У школе з вучнямі.Фота ok.ru.

Для школьнага музея гэта настаўніца зрабіла шмат. Колькі сябе памятаю, паралельна з настаўніцкай дзейнасцю яна ўвесь час займалася музеем. Нездарма ён атрымаў званне «народны».

Пра Розу Канстанцінаўну можна гаварыць шмат. Асабіста я памятаю яе як добрую, спагадлівую, заўсёды з усмешкай. Вельмі ўсцешаная, што ў маім жыцці быў гэты цудоўны педагог.

Студэнтка Анастасія Хаванская, Ілья:

– У мяне заўсёды было адчуванне, што Роза Канстанцінаўна ведае асабіста ўсіх сучасных беларускіх пісьменнікаў. Памятаю, як падчас вучобы мы бегалі да яе ў музей з просьбай дапамагчы ў напісанні сачыненняў або праверыць арфаграфічныя памылкі ў пісьмовых працах па рускай ці беларускай мовах. Яна дружалюбная і неверагодна таленавітая настаўніца.

Прадпрымальнік Раман Альшук, Мінск:

– У мяне Роза Канстанцінаўна пакінула ўражанне вельмі захопленага сваёй справай настаўніка. Яна валодае ўнікальным дарам – запаліць цікавасць вучняў да свайго прадмета. Умее супакоіць увесь клас, не прымяняючы агрэсіўных мер уздзеяння. Яна сама натхнёная і натхняе вучняў.

Я не заўсёды ў школьныя гады цікавіўся рознымі нацыянальнымі каштоўнасцямі, літаратурай, краязнаўствам. Але калі Роза Канстанцінаўна была побач, пачынала цікава распавядаць нешта, то падсвядома нараджалася цікавасць і жаданне даведацца больш.

Ведаю, што яна піша вершы. Неаднаразова чытала іх нам. Роза Канстанцінаўна – цудоўны настаўнік, які запомніўся сваёй душэўнасцю, лаяльнасцю і вернасцю справе.

Роза Шэрая ў ільянскай школе на сустрэчы з прафесарам Адамам Мальдзсам. Фота Васіля Шэрага.

Педагог Таццяна Буслаўская (Камінская), Ілья:

Роза Канстанцінаўна — гэта той чалавек, з якім звязаны самыя яркія асацыяцыі майго школьнага дзяцінства.Выкладала ў нас выяўленчае мастацтва, сусветную мастацкую культуру. Працавалі разам  ў дзевяностыя гады над стварэннем музея «Вілейшчына літаратурная».

Ветлівая, тактоўная, справядлівая, аптымістычная – эпітаты можна падбіраць бясконца. І слоў гэтых не хопіць, каб выказаць падзяку шаноўнай Роза Канстанцінаўне за яе мудрыя ўрокі жыцця, якімі яна шчодра дзялілася з намі, вучнямі.

Генрых Кутас, намеснік дырэктара магазіна, Чысць:

– Роза Канстанцінаўна выкладала ў мяне беларускую мову і літаратуру два гады, калі я з абадоўскай васьмігодкі перайшоў у ільянскую дзесяцігодку. Якой яна была настаўніцай? Дэмакратычнай, апантанай да таго, чым займалася. Увесь час была ў нейкіх справах: мова, літаратура, музей, краязнаўства.

На ўроках у яе было лёгка. Вучні хадзілі з жаданнем. Можна сказаць пра дамашнюю, спакойную абстаноўку на ўроках.

Юны экскурсавод Ягор Моўчан, падрыхтаваны Розай Шэрай, у школьным народным музеі «Вілейшчына літаратурная» праводзіць экскурсію для наведнікаў. Фота з архіва «РГ».

Дысцыпліна таксама заўсёды была. Але Роза Канстанцінаўна – не з тых настаўнікаў, што парадку і цішыні ў класе дамагаліся крыкам. Умела аб’яднаць, зацікавіць клас. На ўроках не абыходзілася без яе пачуцця гумару, што, дарэчы, уласціва ўсёй сям’і Шэрых.

У 1988 годзе я, дзевяцікласнік ільянскай школы, падрыхтаваны ў асноўным Розай Канстанцінаўнай, заняў другое месца на рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове.

Гэта настаўніца, якая сама была ўвесь час з агеньчыкам у вачах і магла запаліць сваіх вучняў.

Васіль і Роза Шэрыя. Фота ok.ru.

Доктар-педыятар Дзмітры Мікуцкі, Гродна:

– Думаю, што гэта самы добры настаўнік, якога я сустракаў. Яна ў мяне з анёлам беларускай літаратуры асацыюецца. Заўсёды было прыемна ў суботу зайсці да Розы Канстанцінаўны ў музей. Хаця здавалася б, субота і музей – паняцці несупастаўляльныя. Але там заўсёды стаяў такі прыемны своеасаблівы пах.

Самы вялікі плюс Розы Канстанцінаўны – яна ніколі не прымушала нешта рабіць. Яна заўсёды давала выбраць. Нават самы слабенькі вучань мог расказаць вялікі верш перад якой-небудзь дэлегацыяй. Яна заўсёды вельмі старалася не падзяляць дзяцей.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце