weather -1° Маладзечна
weather -1° Вілейка
weather -0° Смаргонь
weather -1° Ашмяны
weather -1° Валожын
weather -1° Мядзел
weather -0° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
07.10.2018 10:30 ,

За што жанчыну ў Крэве называлі Матрошкай. З гісторыі крэўскіх мянушак. Працяг

Крэўскае вяселле пачатку 20 стагоддзя. Фота забяспечанае аўтарам.

Калі ў імя дзіцяці бацькі ўкладаюць тое, што яны хацелі б у ім бачыць, то ў мянушцы часта адлюстроўваецца тое, што з дзіцяці выйшла. Немаўля маглі назваць у гонар святога, дзень памяці якога прыпадаў на дзень нараджэння дзіцяці.

Такім чынам малое нібы набывала сабе на ўсё жыццё свайго нябеснага заступніка. Маглі таксама даць імя каго-небудзь з продкаў або знаёмых, чые справы і паводзіны былі б прыкладам для таго, хто нарадзіўся. У наш час дыяпазон крыніц для выбару імя яшчэ больш пашырыўся: дзяцей пачалі называць у гонар папулярных артыстаў, палітыкаў і нават герояў серыялаў.

Чаму Пыпкавы?

Прычын, па якіх чалавек атрымлівае тую ці іншую мянушку, таксама мноства. Нярэдка яна з’яўляецца па якой-небудзь адметнасці, што вылучае таго з шэрагу іншых. Няхай гэта будзе нейкая асаблівасць знешняга выгляду, якісьці фізічны недахоп, нейкі прадмет адзення ці нешта іншае, што адрознівае асобу ад тых, хто яе акружае.

Да прыкладу, рэдка выпускаў чалавек з зубоў сваю “пыпку”  – люльку для курэння – дык не толькі яму, а ўсёй яго сям’і дасталася мянушка Пыпка, Пыпкавы.

Іншы ж быў надзвычай рослым, ці, як у нас кажуць, цыбатым, дык пачаў называцца Цымбулём, а яго жонка – Цымбуліхай.

Хлопчыка, які малым быў вельмі плаксівым і вечна “дзёр горла”, назвалі Гарлачом. Жанчыну, сваімі павадкамі і характарам падобную да коткі, Коткай і клікалі.

Садзіў чалавек і спажываў многа бобу,  яго так і празвалі Бабом, а яго нашчадкаў клікалі Бабамі ці Бабовымі. Відаць, падобнае паходжанне “другога прозвішча” і ў Гарбузоў.

Груцавы называліся так, бо часта елі груцу – кашу з ячменных круп. Мянушкі Барада, Сівая, Кругленькі таксама гавораць самі за сябе.

Мянушка, атрыманая ў дзяцінстве, часам суправаджала ўсё жыццё

А вось паходжанне мянушак Сядун, Седуновы растлумачыць не кожны. Мне было вядома, што чалавек, якога так звалі, за “польскім часам” за свае палітычныя погляды быў вязнем Бярозы-Картузскай, інакш кажучы, “сядзеў”. І вось ад гэтага слова, на маю думку, і ўтварылася мянушка.

Аказалася, я памыляўся: таго звалі Сядуном і да турмы. Як растлумачылі старажылы, мянушка пайшла ад слова, якім раней называлі дзіця, што вельмі позна пайшло хадзіць. Мянушка, атрыманая ў дзяцінстве, не толькі суправаджала чалавека ўсё жыццё, але і перадалася яго нашчадкам.

Не Салдат, а Салдацік

Мноства варыянтаў тлумачэння можа выклікаць мянушка Салдацік. Аказваецца, што атрымаў яе чалавек за тое, што доўгі час, вярнуўшыся з першай сусветнай, хадзіў у салдацкай вопратцы. Быў ён невялікага росту, таму звалі яго не проста Салдатам, а Салдацікам. І дзяцей яго клікалі Салдацікавымі. Такім чынам, у Крэве пазней пад такой мянушкай хадзіла некалькі сем’яў.

Бывае, што чыясьці адметнасць перадаецца ў мянушцы не наўпрост, а праз своеасаблівую стылістычную перапрацоўку. Да прыкладу, адну жанчыну па прычыне вялікай колькасці дачок называюць Матрошкай.

Пра Антоську Няменькага і Мішаньку Сляпенькага

Часта мянушкі даюцца па нейкіх фізічных недахопах, уласцівых таму ці іншаму чалавеку. Цікава, што для нашай мясцовасці такая з’ява была не вельмі характэрнай. Лічылася грэшным засяроджваць увагу на чалавечых хібах, тым больш, даваць людзям з імі крыўдныя прозвішчы.

Відаць, па гэтай прычыне, калі і з’яўляліся падобныя мянушкі, то ўжываліся яны, найчасцей, у спагадлівай памяншальнай форме, каб не пакрыўдзіць чалавека. Нават сапраўдныя імёны пры іх ставіліся ў той жа форме. Да прыкладу, жылі ў Крэве калісьці Антоська Няменькі і Мішанька Сляпенькі, а прозвішчы іх былі зусім іншымі.

Хаця вядомыя выпадкі і адваротнага. Адна жанчына мела дэфект мовы і не выгаворвала гук “к” – замест слова “карова” казала “арова”. Дык яе Аровай так і называлі да канца жыцця. Фізічныя недахопы леглі ў аснову мянушак Шлэп-Нага, Камбала. Чалавека, які быў калісьці паранены, звалі Паламаным.

Спецыфічны дэфект мовы, калі замест гука “л” кажуць “р” паспрыяў, відаць, стварэнню мянушкі Дырда. Але часцей атрымоўваецца наадварот, замест “р” вымаўляюць альбо “л”, альбо “г” выбухны. У Крэве гэта вылілася ў мянушку Гыба. Так вымаўлялася адным хлопчыкам слова “рыба”.

Невыразны, але такі забаўны дзіцячы лепет таксама часта з’яўляецца падставай для ўтварэння мянушак. Адна з іх – Абей, Абеевы – з сугучным французскім словам, якое абазначае “пчала”, нічога агульнага не мае. Проста, гаспадар той мянушкі ў дзяцінстве такім чынам называў вераб’я.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце