weather 11° Маладзечна
weather 11° Вілейка
weather 8° Смаргонь
weather 11° Ашмяны
weather 7° Валожын
weather 11° Мядзел
weather 8° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4279
1 долар 2.1098
100 рас.руб. 3.2157
09.10.2018 09:21 ,

“Няма італьянскіх ботаў – перажыву”. Маладзечанка пра тое, як гэта – гадаваць траіх дзяцей, аплачваць крэдыт і будаваць дом

Настасся знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Разам з мужам яны даглядаюць траіх дзетак, аплачваюць крэдыт, будуюць дом. Ці хапае грошай маладым і як яны размяркоўваюць бюджэт?

Настасся знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, даглядае траіх дзетак. Старэйшай дачцэ амаль тры гады, аднаму сыну – 1,6, другому – тры месяцы. Муж працуе на Беларускай чыгунцы. Яго заробак – 900 рублёў, жонка атрымлівае дапамогу на дзяцей – 1081,12.

Сямейны бюджэт маладыя плануюць разам. Загадзя прадумваюць, колькі і на што патраціць.

Краму наведваюць штодзень, трацяць прыкладна 25 рублёў. З ежы сям’я набывае самае неабходнае: макарону, курыцу, фарш, малочныя прадукты, кілбасу, хлеб. Малодшаму сыну – сухую сумесь, старэйшым сыну і дачцэ – садавіну.

Безумоўна, грошы ідуць і на падгузнікі для малых. Атрымалася трохі зэканоміць – сям’я прывезла іх з Польшчы. Ездзяць туды раз у тры месяцы. Падгузнікі набылі за 15 рублёў. Ад колькасці штук у пачку кошт не залежыць. І 42, і 60 штук прапануюць за 15 рублёў. Па два-тры пачкі ў месяц ідзе кожнаму з сыноў. Дачцэ падгузнікі ўжо не патрэбныя.

Адзенне таксама набываюць таннае. Часам з рук ці ў сэкандзе. Няма італьянскіх ботаў, ну і няхай, перажыву, кажа Настасся. Касметыку яна купляе не кожны месяц, калі-нікалі аддае на туш сем рублёў ці на гель-лак для пазногцяў пяць. Манікюр робіць сама. Гэта не тыя расходы, якія неабходныя, лічыць Настасся.

На дызельнае паліва для машыны ідзе каля 100 рублёў, якая кожны дзень на хаду. У гэтым месяцы на абслугоўванне аўто патрацілі 150. Таксама набылі гуму: адно кола каштуе 95-100 рублёў.

На інтэрнэт сыходзіць каля 17, камунальныя паслугі і мабільная сувязь таксама каштуюць.

Узялі крэдыт на пакупку дома

Па словах Настассі, грошай не хапае катастрафічна. Сёлета сям’я ўзяла крэдыт і набыла драўляны дом пад Маладзечнам. Крэдыт няльготны, бо на момант яго атрымання было двое дзяцей. Разлічаны ён на 20 гадоў. Цяпер плацяць па 300 рублёў. Кожны месяц на тое, каб дабудаваць дом, выдаткоўваюць каля 500.

Будоўля прыватнага дома адымае сродкі, трэба плаціць за матэрыял, дакументы, штампы. Напрыклад, шэсць рублёў каштуе мяшок цэменту. Даставіць 20 тон пяску – 150 рублёў.

“Камуналку” там пакуль не аплачваюць, але грошы сыходзяць на аплату электрычнасці і вываз смецця. Гэта прыкладна 14 рублёў.

У час будоўлі маладыя жывуць у маці Настассі.

– У бацькоў матэрыяльнай дапамогі не просім, спрабуем усё самі. Але камунальныя плацяжы маці бярэ на сябе, пакуль ідзе будоўля.

Агулам на крэдыт, ежу, харчаванне для малодшага, памперсы, інтэрнэт і мабільную сувязь ідзе прыкладна 1000 рублёў.

Дапамагае зэканоміць уласны агарод

У кіно і па тэатрах маладыя не ходзяць. Святы адзначаюць, але без фанатызму – у вузкім сямейным коле.

На Каляды і дні нараджэння дзецям абавязкова дораць цацкі. Калі-нікалі і проста купляем, як жа іх не папесціць, дзеліцца Настасся.

“Чыстымі” застаецца прыкладна 200 рублёў. Іх размяркоўвае муж.

Вельмі дапамагае ўласны агарод і сад. Самі вырасцілі бульбу, буракі, моркву, сёлета добры ўраджай яблыкаў, вінаграду… Кансервацыю няма куды ставіць, прызнаецца Настасся. З садавіны і гародніны рабілі павідла, сокі, кампоты, салаты. Ставілі агуркі і памідоры.

Для малодшага сына рабілі пюрэ з гародніны. У краме яно занадта дарагое – больш за рубель каштуе стограмовы слоік.

Фота аўтара.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце