weather 7° Маладзечна
weather 7° Вілейка
weather 13° Смаргонь
weather 7° Ашмяны
weather 10° Валожын
weather 7° Мядзел
weather 13° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
09.10.2018 09:44 ,

У курортным пасёлу Нарач адкрыюць мастацкую галерэю твораў Васіля Шаранговіча

image description

11 кастрычніка  а 15-й гадзіне ў Цэнтры культуры і вольнага часу ў курортным пасёлку Нарач па вуліцы Ленінская, 23  ўрачыста адкрыюць мастацкую галерэю твораў Народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча, знакамітага айчыннага графіка, ураджэнца Мядзельшчыны.

Галерэю Васіля Шаранговіча, ганаровага грамадзяніна Мядзельскай раёна, стварылі па ініцыятыве і пры фінансавай падтрымцы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і Мядзельскага раённага выканаўчага камітэта.

Васіль Шаранговіч – выдатны майстар станковай і кніжнай графікі з адметным творчым почыркам, адзін з самых вядомых і прызнаных беларускіх мастакоў.

Творы Васіля Шаранговіча знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, музеях Янкі Купалы і Якуба Коласа, Міністэрстве культуры Расіі, зборах Беларускага саюза мастакоў і Саюза мастакоў Расіі, мемарыяльным комплексе «Хатынь», у прыватных калекцыях Італіі, ЗША, Германіі, Тайваня. Цяпер атрымліваць асалоду ад знаёмства з творчасцю славутага земляка могуць і аматары мастацтва на яго малой радзіме.

Агульная плошча галерэі складае 210 квадратных метраў, у экспазіцыі прадстаўлена 130 работ майстра, сярод якіх ілюстрацыі да твораў класікаў беларускай і сусветнай літаратуры, станковыя работы, акварэлі і малюнкі, якія пранізвае шчымлівая любоў да роднай зямлі, аднавяскоўцаў. У работах мастака апяваецца магутны, стваральны дух беларусаў, зямная прыгажосць і бясконцая вера ў новы, лепшы дзень.

Значнае месца ў творчасці Васіля Шаранговіча займаюць пейзажы, галоўным чынам мядзельскія. Мастак пісаў пераважна знаёмае яму з дзяцінства асяроддзе, адлюстраваўшы яго непаўторную своеасаблівасць: велічны спакой пагоркаў, бязмежную стыхію азёр, глыбіню неба, падкрэсленую манументальнымі аблокамі, таямнічае мігценне начнога неба.

Нарадзіўся Васіль Шаранговіч ў 1939 годзе ў вёсцы Качаны Мядзельскага раёна. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Шмат гадоў узначальваў Беларускую  дзяржаўную акадэмію мастацтваў, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва. З’яўляецца Народным мастаком Беларусі, прафесарам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаным дзеячам мастацтваў Польшчы, акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце