weather 10° Маладзечна
weather 10° Вілейка
weather 12° Смаргонь
weather 10° Ашмяны
weather 10° Валожын
weather 10° Мядзел
weather 12° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
10.10.2018 16:34 ,

У 20 гадоў – 20 краін і 20 тысяч кіламетраў. Маладзечанка падзялілася досведам жаночага аўтаспыну

Маладзечанка Вольга Гірс праехала спынам каля 20 тысяч кіламетраў. І спыняцца на гэтым не збіраецца...

Вольга Гірс жыве ў Выверах. Вучыцца на дзённым аддзяленні ў Мінску на ландшафтнага дызайнера. У ВНУ ездзіць аўтаспынам, гэта займае прыкладна гадзіну. На цягніку з населенага пункта дабірацца на сорак хвілін даўжэй.

Ідэя падарожнічаць спынам з’явілася ў дзяўчыны два з паловай гады таму. У той час у Мінску зладзілі сустрэчу з вандроўнікам Віктарам Аспідавым, які праехаў такім чынам 84 краіны. На ёй апынулася і Вольга. Падчас сустрэчы падарожнік прапанаваў гасцям паехаць з ім спынам у Гомель.

– Вырашыла, чаму не. З таго часу пайшло-паехала, – прыгадвае дзяўчына.

Этамп нагадаў фільм “Амелі”

Спачатку Вольга ездзіла па Беларусі, потым – па Еўропе. Летась была ў Германіі, Галандыі, Бельгіі, Францыі, Іспаніі і Партугаліі. Сёлета наведала Грузію. У 20 гадоў Вольга праехала прыкладна 20 тысяч кіламетраў і наведала 20 краін.

Па словах падарожніцы, больш за ўсё спадабалася ў Нідэрландах. Мясцовыя – адкрытыя людзі, без стэрэатыпаў і загонаў, часта падбіраюць на дарозе.

– У Гаазе нават пажыла б. Там вельмі атмасферна: брусчатка, утульныя вуліцы, класныя людзі, ёсць выхад да мора. Увогуле, мора не люблю, але здорава сядзець увечары на пірсе, глядзець на ваду, – успамінае Вольга.

Спадабаўся і Этамп, што пад Парыжам. Там нібы апынаешся ў французскім фільме “Амелі”.

А вось Парыжам дзяўчына не захапляецца: брудна, шматлюдна, дакучлівыя прадаўцы.

Каб чытаць Булгакава, вывучыў рускую

У Берліне ў метро пазнаёмілася з музыкантам, які запрасіў на вечарынку. У вялізным катэджы сабралася каля 40 чалавек з Германіі, Нідэрландаў, Польшчы, Францыі… Там пазнаёміліся з галандцам-паліглотам.

– Кажа, я тут размаўляю на галандскай, польскай, нямецкай і ў канцы дадае на чыста рускай “ну, і па-руску трохі магу”. Любіў Булгакава, падумаў, чаму б не пачытаць у арыгінале. Цяпер чытае, – смяецца Вольга. – Наконт рускай. Злавілі машыну ў Іспаніі. Спрабуем патлумачыць на англійскай, куды нам. А з мовай у Іспаніі дрэнна. І кіроўца нечакана пытаецца: “А на рускай вы не можаце?”

Пра Беларусь у краінах далей Нідэрландаў некаторыя не чулі зусім. Калі Вольга казала, адкуль яна, лічылі, што з Бельгіі.

У паездках захапляюць людзі

У кожнага чалавека – сваё выхаванне, традыцыі, аднолькавых няма.

– Часта кажуць, што ты была ў Барселоне і не паглядзела тое і тое. Для мяне гэта не галоўнае. Здаецца, “я быў у Луўры, стаяў на Эйфелевай вежы” – робяць для галачкі.

Знаёміцца дапамагаў і каўчсёрфінг.

Каўчсёрфінг – адна з найбуйнейшых гасцявых сетак, выглядае як анлайн-сэрвіс. Карыстальнікі прапануюць бясплатны начлег падчас падарожжаў і арганізуюць сумесныя вандроўкі.

У Іспаніі і Партугаліі з каўчам былі накладкі. У першай краіне праблемы і са спынам. Па чатыры-пяць гадзін даводзілася стаяць на дарозе.

– Самае цікавае, усе ўсміхаюцца, махаюць і праязджаюць міма. Быў дзіўны выпадак. Стопілі ля запраўкі, падышла жанчына з сабачкам, сказала, што спын – цікавы спосаб падарожжа, пагутарылі з ёй. Але калі даведалася, што едзем у адзін горад, пажадала поспехаў і сышла.

Колькі каштуе Еўропа

У Еўропе за месяц Вольга патраціла каля 200 еўра. Пераважна на ежу, якую набывала ў крамах.

Грузія за два тыдні абышлася ў 200 долараў, але дзяўчына ні ў чым сабе не адмаўляла. Па яе словах, калі на рынку пыталася, колькі каштуе садавіна, часта адказвалі: “Для вас бясплатна”.

– Цяжкавата, мяняеш некалькі машын, кожны спрабуе пачаставаць. Кажам, што паелі, а яны “вы здолееце, вы моцныя, паехалі ў рэстаран”.

Дзяўчыне прасцей ездзіць спынам

Часцей падбіраюць мужчыны. Вольга думае, гэта звязанае з тым, што сярод іх больш кіроўцаў. Сродкаў аховы яна не бярэ. Толькі аднойчы ў спадарожніцы быў балончык. Лічыць, што чалавек падобны да магніта: пра што думае, тое і прыцягвае.

– Дзяўчыне прасцей ездзіць спынам. Уявіце, еду, стаіць нейкі мужчына. Тысячу разоў падумаю перад тым, як падабраць. А жанчыну заўсёды пасаджу ў машыну.

“Працуеш? Не, вучуся”

Заляцанняў вандроўніца не заўважыла. Кажа, адразу бачна, калі едзеш з заплечнікам на 60 літраў, што ты “не такая”. А падчас дарогі да вучобы людзі ў першыя хвіліны размовы ўсё правільна разумеюць. Іншае бывае рэдка.

Неяк спыніўся легкавік. У той час Вольга ехала ў БДУ – раней вучылася на другой спецыяльнасці. У дзяўчыны спыталіся, ці працуе. Яна не зразумела, адказала: “Не, вучуся. На хіміка-ядзершчыка”. Кіроўцы і з’ехалі.

Зімой стопіць прасцей. Холадна, кіроўцы шкадуюць. У дождж таксама.

Бацькі ўжо прывыклі

Бацькі ведаюць, што дачка ездзіць спынам. Пасля паездкі ў Гомель Вольга ім патэлефанавала і расказала пра досвед.

– Яны такія: “Ну, ты ж больш так не будзеш”. Кажу: “Напэўна… Напэўна буду”.

Наступная паездка была ў Піцер. Вольга збіралася ехаць з аднагрупніцай, але бацькоў гэта не супакойвала, здавалася дзіўным. Цяпер ім больш-менш спакойна.

– Неяк брат калыша на руках дачку і кажа: “Спі, вырасцеш, будзеш з цёцяй Воляй спынам ездзіць”. Выходзіць яго жонка з качалкай і словамі: “Толькі праз мой труп”. Думаю, так бы і я ставілася да сваёй дачкі. Зразумею, як перажываюць бацькі, толькі калі ў самой будуць дзеці.

Хоча ў Паўднёвую Карэю і Японію

У наступным годзе Вольга збіраецца ў Арменію і Азербайджан. Марыць пабываць у Паўднёвай Карэі і Японіі. Там абсалютна іншыя культура, менталітэт.

Быў час, чытала японскую літаратуру, дзеліцца Вольга. Апісваюць пейзаж, а ў галаве ўжо карцінка. Хочаш з’ездзіць, паглядзець. Яна марыць пабачыць квітнеючую сакуру. Але на Японію і Карэю трэба больш часу. А падчас вучобы застаецца толькі месяц канікулаў.

Дзяўчына мяркуе, пакуль маладая, ёсць свабодны час, жаданне, чаму не. Магчыма, потым атрымаецца сумяшчаць падарожжы з працай. Бо праект па дызайне можна рабіць у любым пункце свету.

Фота забяспечаныя Вольгай Гірс.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце