weather -1° Маладзечна
weather -1° Вілейка
weather -0° Смаргонь
weather -1° Ашмяны
weather -1° Валожын
weather -1° Мядзел
weather -0° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
10.10.2018 16:15 ,

У выпадку аварыі на атамнай станцыі ў Астраўцы эвакуююць шэсць тысяч жыхароў Літвы

Беларуская АЭС у Астраўцы Фота Shutterstock.

Як перадае партал delfi.lt, у выпадку аварыі на Беларускай АЭС плануецца эвакуяваць шэсць тысяч чалавек, якія жывуць у 30-кіламэтровай зоне вакол АЭС. Гэта прадугледжана ў абноўленым «Плане абароны насельніцтва на выпадак інцыдэнту на БелАЭС».

«Мы запланавалі эвакуацыю прыкладна шасці тысяч жыхароў», — сказаў на прэсавай канферэнцыі прадстаўнік дэпартаменту супрацьпажарнай аховы і выратавання Эдгарас Гяда.

Ён падкрэсліў, што жыхары будуць эвакуявацца з найбольш небяспечнай 30-кіламэтровай зоны толькі ў самым крайнім выпадку — калі здарыцца буйная аварыя ці ў выпадку неспрыяльных мэтэаралагічных умоў, калі вецер будзе дзьмуць з усходу на захад.

8-20 кастрычніка ў Беларусі будуць працаваць экспэрты МАГАТЭ па ацэнцы гатоўнасці да надзвычайных сітуацый на атамных электрастанцыях (EPREV), каб вызначыць узровень гатоўнасці станцыі да ядзерных або радыёлагічных надзвычайных сітуацый.

Беларусь паабяцала аператыўна папярэдзіць Латвію ў выпадку ядзернай аварыі

Беларуская АЭС будуецца пад Астраўцом за кошт крэдыту Расіі. Крэдытная лінія на суму да дзесяці мільярдаў долараў на будаўніцтва БелАЭС адкрытая да 2035 года.

Для Беларускай АЭС выбралі праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі з выкарыстаннем рэактара ВВЭР-1200.

Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе сёлета. Увод у эксплюатацыю першага энергаблока заплянавалі на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га. Першы блок Беларускай АЭС практычна цалкам укамплектаваны супрацоўнікамі, другі — на 50%. Цяпер на Беларускай АЭС працуюць 1 353 чалавекі, з іх каля 900 — аператыўны персанал.

Літва не раз ставіла пад сумнеў выбар для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі, якая ўсяго за 50 кіламэтраў ад Вільні. Краіна не верыць у надзейнасць стрэс-тэстаў станцыі, пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах і заклікае не купляць электраэнергію з БелАЭС. У гэтым іх падтрымлівае прэзідэнт Эстоніі.

Улады і чыноўнікі Беларусі няспешна рэагуюць на паведамленні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэнні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасля таго, як звесткі пра іх з’яўляюцца ў СМІ — так, пра падзенне корпуса рэактара расказалі толькі пасля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі.

У той жа час беларускія чыноўнікі настойліва патрабавалі ад Літвы тлумачэнняў па афіцыйных звестках аб здарэннях на закрыцці Ігналінскай АЭС.

 

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце