weather 10° Маладзечна
weather 10° Вілейка
weather 12° Смаргонь
weather 10° Ашмяны
weather 10° Валожын
weather 10° Мядзел
weather 12° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
11.10.2018 12:15 ,

Ён бачыў яе толькі ў сне, а сустрэліся праз 50 гадоў. Неверагодная гісторыя кахання Джона з Канады і Таццяны з Маладзечна

Ілюстрацыйны здымак.

Усе падзеі, што адбываюцца ў нашым жыцці, нават самыя нязначныя, узаемазвязаныя самым дзіўным чынам. У гэты свет мы прыходзім з пэўным запасам ведаў, з вызначанай картай жыцця. Яна можа мяняцца толькі ў залежнасці ад таго, як мы будзем сябе паводзіць. Пры правільным праходжанні ўрокаў – будзем рухацца наперад, пры няправільных паводзінах – нас будзе адкідваць назад.

Уявіце такую гісторыю. Дзесяцігадоваму хлопчыку Джону з Канады сняцца дзіўныя сны, ён усё занатоўвае ў дзённіку. Сны пра дзяўчынку, якая нарадзілася ў Савецкім Саюзе. Ён ведае дату, калі яна нарадзілася, яе імя – Таня і тое, што яна будзе яго жонкай.

Доўгія гады ён думае пра гэту маленькую дзяўчынку, часта бачыць яе ў сне і рысуе карціны таго, як яна выглядае.

Хлопчык расказвае пра гэта сябрам і паказвае ім свае рысункі. Яны смяюцца і думаюць, што ён вар’ят.

У той час у Савецкім Саюзе сямігадовая дзяўчынка Таня думае пра сябе, пра таго, за каго хацела б выйсці замуж. Ёй здаецца, што ён абавязкова павінны быць старэйшы за яе на 10 гадоў і што ён жыве дзесьці вельмі далёка.

Гісторыя знаёмства маладзечанкі і канадца

Нядаўна мая знаёмая, маладзечанка Таццяна, расказала мне гісторыю знаёмства са сваім мужам, у якую нават цяжка паверыць. Яна, маючы няўдалы першы шлюб, жыла доўгі час з сынам і бацькамі. Неяк вырашыла зайсці на сайт знаёмстваў і пакінула там свае дадзеныя. Праз нейкі час адгукнуўся мужчына з Канады, Джон. З ім завязалася перапіска, якая з цягам часу перарасла ў шлюб, які зарэгістравалі летась 21 чэрвеня.

– Калі першы раз убачыла яго, – пры сустрэчы расказвае Таццяна, – то ў мяне нешта ёкнула ў сэрцы, і я зразумела, што гэта той чалавек, якога доўга чакала. Мне здалося, што мы былі знаёмыя заўсёды. Гэткае ж адчуванне было і ў Джона. Але ён адчуў гэта нашмат раней, яшчэ пры размовах па скайпе. Таму вырашыў неадкладна ехаць у Беларусь.

Джона дома сябры палічылі не зусім пры розуме, калі выпраўляецца за трыдзевяць зямель за нейкай там жанчынай.

– Калі паведаміў сваім сябрам, што еду у Беларусь, – тыя здзіўлена паглядзелі на мяне і сказалі, што я з глузду з’ехаў. Яны думалі, што больш не ўбачаць мяне, казалі, што апынуся адразу ў канаве, якія там уздоўж дарогі, як толькі выйду з самалёта, – з усмешкай расказвае Джон. – Але адразу па прыездзе толькі штраф атрымаў за перавышэнне хуткасці. І яшчэ б адзін атрымаў, але спыніў міліцыянер з веданнем англійскай мовы. І мы паразумеліся.

Дзіўна, але яго сябры з Канады да гэтага часу думаюць, што і цяпер існуе Савецкі Саюз, што Беларусь – гэта частка Расіі.

Таня і Таццяна – адно і тое ж імя

Першы раз Джон прыляцеў у Маладзечна спецыяльна для таго, каб узяць шлюб. Ён прабыў тут пяць месяцаў.

– У гэты мой прыезд, ужо пасля таго, як ўзялі шлюб, у нейкі момант я даведаўся, што Таццяна і Таня – гэта адно і тое ж імя. Хаця ў Канадзе – гэта розныя, працягвае свой расповед Джон. – Я ж пазнаёміўся з Таццянай, у яе пашпарце яна таксама запісаная як Таццяна, а дома чую, як яе клічуць Таня.

І тут мне ўспомніліся сны, якія сніліся ў дзяцінстве. Я не мог не запісаць іх тады, бо ўсё так рэальна паўставала і не адпускала на працягу некалькіх гадоў. Адразу пасля вяртання ў Канаду я прадаваў бацькоўскі дом, знайшоў тыя запісы і хуценька выслаў Таццяне.

Падарунак на Каляды

– Гэта табе падарунак на Каляды, – напісаў Джон.

Таня, атрымаўшы такое пасланне, была проста ў шоку.

– Я, убачыўшы гэтыя лісткі паперы, была настолькі ўражаная і здзіўленая, што не магла доўга прыйсці да сябе, – расказвае Таццяна. – Самы першы датаваны 12 снежня 1965 года, калі Джону было 10 гадоў. Ён піша, што яму прысніўся сон, што менавіта ў гэты дзень у Савецкім Саюзе нарадзілася дзяўчынка па імені Таня, якая стане яго жонкай.

Менавіта ў гэты дзень, 12 снежня 1965 года, нарадзілася я.

Пазней, у лістападзе 1969 года, з’яўляецца такі запіс у яго дзённіку: “У мяне было шмат сноў пра Таню. Цяпер ёй павінна быць чатыры гадкі”.

Калі тады Джон расказаў пра свае сны сябру, той сказаў, што ён ненармальны.

У 19 гадоў ён звычайным алоўкам зноў рысуе мару жыцця – дзяўчынку Таню з коскамі з Савецкага Саюза. Побач з рысункам подпіс: “Мая салодкая дзяўчынка Таня з Савецкага Саюза, год – 74, Джон”.

Калі Таццяна паказала сваю дзіцячую фатаграфію, то яго рысунак і яе фота настолькі супалі, што гэта проста цуд.

– Я дзіву даюся, як так магло атрымацца. У мяне якраз на той час былі такія коскі, была любімая блузка з каўнерыкам і жабо, мяне завуць Таня і тады я жыла ў Савецкім Саюзе, працягвае расповед Таццяна.

Каб паверыць, што гэта праўда, мы вырашылі праверыць Джона. Але ён пераканаў нас і паказаў адзін з рысункаў, які нарысаваны на паперы, што выкарыстоўваюць, калі робяць энцэфалаграму мозга. Бацька яго працаваў доктарам, таму сын скарыстаў некаторыя лісткі для сваіх мэт. Бачна, што лісткі выцвілыя ад часу, што гэта не падстава, а сапраўды запісы таго часу.

Адзін запіс выклікае вялікае засмучэнне ў 17-гадовага юнака. Ён піша, што дзяўчынка Таня з Савецкага Саюза будзе яго жонкай, але як жа ён знойдзе яе?

У 1980 годзе Тані якраз было 15 гадоў, і яна ўжо была прыгожай паненкай. А Джону 25. Параўнайце рысунак і фотаздымак.

Таццяна з’язджае на сталае жыхарства ў Канаду

Напрыканцы нашай размовы Джон сказаў:

– Шмат гадоў прайшло з таго часу, перш чым мы сустрэлі адзін аднаго. І якое шчасце, што мы цяпер разам. Я спецыяльна сваімі рукамі пабудаваў дыхтоўны дом, у якім мы будзем жыць у Канадзе.

Шкада, што цудоўная жанчына, выдатны музычны педагог з’язджае. Але, відаць, лёс мае свае планы наконт яе далейшага жыцця.

Няхай гэтай закаханай пары шчасціць у жыцці. Сусвет дапамог ім сустрэцца.

Якую выснову тут можна зрабіць: мы яшчэ шмат чаго не ведаем пра гэты свет. Але з кожным разам заслона прыадкрываецца ўсё больш і больш.

А яшчэ: загадвайце жаданні – і яны абавязкова збудуцца. І калі тваё жаданне моцнае, то ўвесь Сусвет прыйдзе табе на дапамогу, каб яно споўнілася, бо ў нашым свеце няма нічога немагчымага.

Таццяна і Джон.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце