weather -6° Маладзечна
weather -6° Вілейка
weather -3° Смаргонь
weather -6° Ашмяны
weather -5° Валожын
weather -6° Мядзел
weather -3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4132
1 долар 2.1262
100 рас.руб. 3.1849
12.10.2018 16:00 ,

Як Антон Матолька вучыў маладзечанцаў пісаць петыцыі

Антон Матолька і прадстаўнік інтэрнэт-праекта «Зручны горад» Уладзімір Кавалкін, якія дапамагаюць людзям правільна звяртацца да дзяржаўных органаў, 7 кастрычніка прыязджалі ў Маладзечна. Удзельнікаў сустрэчы навучылі складаць петыцыі па алгарытмах.

На прыкладах разабралі, як прыдумваць кампанію па зборы подпісаў і прасоўваць яе.

Па словах Антона Матолькі, петыцыі добрыя публічнасцю. Калі дакумент збірае шмат подпісаў, гэта значыць, праблема хвалюе не аднаго чалавека. Адказ чыноўнікаў могуць пабачыць усе. І калі не з першай, то з пятай спробы вашу праблему вырашаць.

– У людзей без досведу напісання петыцый узнікаюць аднолькавыя праблемы. Напрыклад, як правільна напісаць зварот. Людзі часта адчуваюць сябе “белымі варонамі”. Ці баяцца рэакцыі ўлад, – падзяліўся досведам Уладзімір Кавалкін.

Сэнс у тым, каб дадаць петыцыю на сайт і сабраць як мага больш электронных подпісаў. Пасля гэтага  накіраваць яе ў пэўны дзяржаўны орган. І чакаць рашэння праблемы.

Як напісаць петыцыю

Спачатку трэба структураваць праблему. Не спрабаваць у адзін абзац дадаць усё, што не задавальняе. Неабходна разумець прычынна-выніковую сувязь. На дарогах ямы – гэта праблема сістэмная. Нейкі набор праблем вядзе да яе. Падумайце, якіх.

Часам людзі падмяняюць праблему рашэннем. Праблема – адсутнасць чагосьці, ваша бяда. Уявіце, дарога разбітая. Праблема не ў гэтым. А вось тое, што падвеска ў вашай машыне падчас паездкі ламаецца, ужо бяда, якая тычыцца многіх кіроўцаў. Разабраліся, што праблема з падвескай, а не з дарогай? Цяпер маеце набор варыянтаў. Напрыклад, можаце набыць іншую машыну ці ездзіць па другой дарозе.

Калі пішаце чыноўнікам, што хочаце дарогу, – гэта проста “хацелка”. А зламаныя дыскі, пагнутая падвеска, траўматызм, ДТЗ зразумелыя ўсім. Іх і апісвайце ў петыцыі.

Зрабіце з праблем патрабаванні

Намалюйце праблему ў выглядзе дрэва прычын праблемы. Большыя галінкі – канкрэтная сітуацыя, якую хочаце вырашыць. Меншыя – падпраблемы, якія вядуць да ўзнікнення сітуацыі.

Разгледзім прыклад. Ёсць чыгуначная станцыя. Праз поле – аўтобусны прыпынак. Злева ад станцыі ляжыць дарога, але яна толькі для аўто, тратуара няма. Каб дайсці ад станцыі да прыпынку, людзі вымушаныя ісці больш за сто метраў па полі. Дарогі праз яго няма.

Глабальная праблема – людзям нязручна дабірацца па гразі ад цягніка да прыпынку. Да яе прывяла адсутнасць тратуара. З-за праблемы можна атрымаць траўму, папсаваць абутак. На чалавека могуць напасці дзікія жывёлы.

Другая праблема – людзі чакаюць аўтобус пад дажджом і ветрам. Бо прыпынак не крыты. З-за праблемы можна захварэць, папсаваць адзенне.

Атрымаўся набор праблем. Цяпер іх трэба перафармуляваць у патрабаванні. А потым скласці тэкст звароту.

Спачатку вызначыце мэту звароту. Напрыклад, павялічыць задаволенасць людзей, якія робяць перасадку з цягніка на аўтобус. Далей знайдзіце адрасата – дзяржарганізацыі, адказныя за прыпынак і дарогу.

Сфармулюйце патрабаванні кшталту “просім зрабіць пешаходную дарогу ад станцыі да прыпынку, таму што (магчымыя захворванні, да прыкладу). Ці  перанесці яе да станцыі. Просім зрабіць крыты прыпынак, таму што…”.

Складаем тэкст петыцыі

  1. У пачатку тэксту петыцыі пазначце, на чыё становішча хочаце паўплываць. У нашай сітуацыі – “для пасажыраў цягніка, якім трэба дабірацца да прыпынку”.
  2. Потым указваеце патрабаванні. “Неабходная зручная дарога для перамяшчэння ад чыгуначнай станцыі да прыпынку. Пры гэтым трэба забяспечыць камфортнае чаканне транспарту. Месца перасадкі павінна ўключаць пешаходную дарожку і крыты аўтобусны прыпынак”.
  3. Аргументуйце, навошта гэта рабіць. “Гэта дазволіць паменшыць траўматызм, знізіць захворванні з-за ўмоў надвор’я (дождж, снег, вецер), захаваць адзенне і абутак людзей”.
  4. Пакажыце, як праблема выглядае сёння і параўнайце з тым, што можа быць. “У адрозненне ад дарогі, якая цяпер праходзіць праз поле, і адсутнасці крытага прыпынку, заасфальтаваная дарога і дах над прыпынкам дазволяць пасажырам камфортна дабірацца да працы”.
  5. Далей звярніцеся да тых органаў, якія могуць дапамагчы. Да прыкладу, просім гарадскі аўтапарк зрабіць крыты прыпынак ці перанесці яго да чыгуначнай станцыі. А ДРБУ просім пракласці заасфальтаваную дарогу праз поле да аўтобуснага прыпынку.

У петыцыю можна дадаць факты, якія пацвярджаюць актуальнасць праблемы. Гэта могуць быць фотаздымкі, графікі, карты.

Ваша петыцыя гатовая. Цяпер яе можна адправіць на сайт Petitions.by, збіраць подпісы і чакаць рэакцыі дзяржорганаў.

Фота Ігара Палынскага.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце