weather -1° Маладзечна
weather -1° Вілейка
weather 5° Смаргонь
weather -1° Ашмяны
weather 4° Валожын
weather -1° Мядзел
weather 5° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.425
1 долар 2.1472
100 рас.руб. 3.162
16.10.2018 10:10 ,

“На Каляды запрагу воз і па вёсках паедзем!”. Вясковы актывізм: як маладзечанка адраджае сядзібу прадзеда

Калі Вольга ўвайшла ў дом, дзе збіраецца зрабіць аграсядзібу, адразу заплакала. Тут столькі працы, што нават губляешся. Далучыцца гатовыя валанцёры – але ці здужаюць давесці справу да канца?

Вольга Трубач усё лета паведамляла на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”, як працуюць валанцёры на сядзібе яе прадзеда Міхалюка ў вёсцы Любкі Вілейскага раёна. Жанчына запрасіла ўсіх ахвотных дапамагчы з рамонтам узамен на начлег, ежу і добра праведзены час. Далучылася 20 чалавек. Трэба было пачысціць старыя рэчы, навесці парадак у двары, зняць шпалеры, якія былі наклееныя ў восем слаёў.

Вясной яна плануе аформіць з дома аграсядзібу і распачаць працу у гэтым накірунку. Як гэта – захапіць сваёй марай іншых людзей, задумаць зарабляць у вёсцы і знаходзіць сілы даводзіць нават складаную справу да канца? Пра гэта жанчына расказала карэспандэнту “РГ”.

Як рашылася

– Гэта хата прадзеда па мамінай лініі была мне дарагая заўсёды. Дзяцінства праходзіла там. Калі памёр дзед, а бабулю Валянціну забралі да сябе, усё роўна прыязджалі ў Любкі.

Мне пастаянна сніўся адзін і той жа сон. Што ў тым доме вывальваюцца вокны. Я хаджу, зачыняю, а яны ўсё роўна вылазяць з аканіц. Вокнам больш за сто год, як і дому. Толькі на кухні мянялі недзе ў 60-я гады. Вось сёлета як пачалі рамонт, то больш не сніцца.

Задума адрадзіць сядзібу вітала не адзін год. Летась, калі была ў гарах, раптам зразумела, што павінна гэта зрабіць. Адтуль напісала сёстрам, Іры і Тані. Пасля яны сказалі, што гэта штуршок для іх, і бацькі далучыліся.

Будзе інтэрактыўны музей

Планую ўжо ў сярэдзіне наступнага лета, што нешта будзе. А да вясны аформіць аграсядзібу. Месца, дзе людзі будуць начаваць, – гэта адна справа. А мне яшчэ важна зрабіць экспазіцыю. Пабудоў некалькі: ток, пуня, стайня, свіран, дрывотня, паветка. Там шмат рэчаў, прыладаў, якія проста ляжаць раскіданыя. Хачу іх раскласці, запісаць, для чаго яны.

Ёсць мясцовы жыхар, які мае шмат менавіта мясцовай інфармацыі. Хачу ўсё гэта занатаваць. Я яшчэ ў працэсе, як гэта зрабіць. Але хачу, каб атрымалася экскурсія, прычым інтэрактыўная. Каб гэтыя рэчы можна было памацаць, паспрабаваць.

Напрыклад, стаіць стогадовы варштат. Гэта драўляны станок без аніводнага цвіка. На ім выразалі мэблю. Напрыклад, наш ложак майстравалі якраз на ім. Гасцям буду дазваляць спрабаваць майстраваць, але акуратна.

У нас ёсць воз, які доўга не выкарыстоўвалі ў гаспадарцы. Навучуся запрагаць каня, на Каляды запрагу воз і па вёсках паедзем калядаваць!

Валанцёры не толькі працавалі, але і адпачывалі падчас летніка ў Любках.

Не хачу, каб гэта пераўтварылася ў гасцініцу, дзе можна толькі пажыць. Зраблю пляцоўку, дзе буду ладзіць тэматычныя мерапрыемствы, выставы выцінанкі, ноч танцаў. Для групы дзяцей – інтэрактыўны музей, навучанне танцам, гульні. Запрашу бабуляў, гэта ж жывая гісторыя. Я запісваю іх, каб успаміны не знікалі.

У двары расце дуб. Увесь двор дае адчуванне, што гэта месца сілы. Прычым не толькі для мяне, для гасцей таксама. І яны таксама гэта адчуваюць.

Іншыя сядзібы – канкурэнты?

Была ў сядзібе ў Навасадах. У гаспадара больш ухіл на сучаснае мастацтва і творчае самавыяўленне. Крыху іншая тэматыка, таму не лічу, што мы канкурэнты. У мяне ўхіл на этнаграфію і традыцыі, а ў яго – паказаць кіно, запрасіць музыкаў. А чаму б не быць партнёрамі? Пагасцілі ў нас – накіроўваюцца ў Навасады.

Ёсць яшчэ аграсядзіба, дзе ладзяць байдарачныя туры. Спусціліся адтуль на байдарках да нас, паабедалі і далей адпачываць. Буду імкнуцца рабіць сваю максімальна адметнай. Напрыклад, у Любках ёсць традыцыя ладзіць абрад “Цыганы”. Калі на чацверты дзень вяселля мясцовыя пераапраналіся. Мужчыны ў жанчын, жанчыны ў мужчын. Сажай абмазваліся, фарбавалі чырвоным алоўкам шчокі і гулялі. Каб адпачынак тут меў краязнаўчую, нават гістарычную нотку.

Што рабіць з гасцямі, якія прыехалі “пабухаць”

Магчыма, раз пушчу такіх людзей. Пагляджу на свой стан, стан сядзібы. Вызначуся досведам. Ёсць такая практыка, калі сям’я прыязджае на месяц-два пажыць.

У плябанскі музей традыцыйнай культуры прыязджаюць класамі. Чаму б да мяне не прыязджаць так? Можна ў двары зрабіць палатачны лагер. На тэрыторыі могуць размясціцца, напэўна, два класы.

Дапамагаюць не толькі валанцёры

Ёсць людзі, якія гатовыя дапамагчы грашыма. Запусціла на платформе “Талака” краўдфандынг. З тых грошай, што збяром, думаем зрабіць каналізацыю, замяніць бэлькі. З аднаго боку караед завёўся. Рабочыя рукі трэба аплаціць. У доме ёсць такое памяшканне – істопка. Кажуць, там ванну зрабіць. А не, яе пакінем, толькі дзверы выражам. Яны будуць весці ў прыбудову, якую і зраблю для прыбіральні.

Бізнес у мяне стаіць на другім месцы. Спачатку трэба зрабіць справу. Хаця я шмат вандравала і бачыла, напрыклад, у Эстоніі, як паспяховы марскі музеі адначасова з’яўляецца і месцам для жыцця.. Не думаю, што яны спачатку глабальны бізнес-план бамбілі. Само склалася.

Галоўнае – гэта мэта, зарад. І ён запальвае іншых.

Як змагла запаліць сваёй марай

Часам, калі пералічвалі грошы, дадавалі, што гэта ж не для мяне, для ўсіх. Некаторыя прыязджалі і працавалі. Часам было, што не зайшло – дзякуй, што паспрабаваў. Любкі – дагледжаная вёска. Платы робяць, ліштвы падфарбоўваюць. Атмасфера такая, што хочацца тут быць.

Вяскоўцы мне прыносяць абрусы – зрабілі з іх выставу, развесілі, і падчас танцавальнага летніка “Любкі-фэст” госці іх разглядалі як экспанаты ў музеі.

Ладзіла паказ дакументальнага фільма “Перазімаваць”, запрасіла мясцовых бабуль. Адна так расчулілася, аж заплакала.

Для сельсавета, я думаю, таксама важна, што тут нешта адбываецца. Вяскоўцам больш не хапае мерапрыемстваў, іх душа хутчэй адгукаецца на святы.

Што тут будзе ўжо хутка

З тых васьмі слаёў шпалераў выразалі невялікі кавалак, каб пакінуць у рамцы. Бабуля Валянціна не вельмі зразумела, для чаго пакінулі сцены голымі. Але яе вельмі цешыць, што тут наводзяць парадак.

У доме ўжо працуе печка. Гэта проста наступны ўзровень, можна збірацца зімой. Хочам зрабіць Дзяды. Ведаю, што бабулі па-ранейшаму чакаюць ад нас канцэрт, а не назіранне за майстар-класамі. То за мной доўг!

Калі зраблю дом, напэўна, зноў буду плакаць, ужо ад радасці. Я веру, што мае продкі ўсё гэта бачаць і радуюцца. Бо я часам знаходжу рэчы – то грамату, то малюска, якога Міхалюк прывёз з Амерыкі. Адчуваю, што ён назірае, задаволены, і сувязь узмацняецца. Людзі жывуць, пакуль пра іх памятаюць. Узнаўляецца кантакт з продкамі, які ні за якія грошы не купіш.

Падтрымаць кампанію Волі Трубач на «Талацэ» можна тут.

Са сцен знялі восем слаёў шпалераў.

Сцяна ўжо без шпалерай. Бабуля ўсё перажывала, што сцяна застаецца «голай».

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце