weather -1° Маладзечна
weather -1° Вілейка
weather 2° Смаргонь
weather -1° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather -1° Мядзел
weather 2° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.395
1 долар 2.1102
100 рас.руб. 3.1973
23.10.2018 12:45 ,

“Тое, што паказваюць пра турму па тэлевізары, няпраўда”. – Жыхар Смаргоні расказаў, як уплываюць на чалавека сем гадоў зняволення

"– Маці вельмі перажывала, што тут скажаш. Першыя дні ў турме прайшлі ў страху. Усё новае, незразумелае. Са слоў бывалых зразумеў, што за кратамі свае паняцці. Напрыклад, менш гаварыць і больш слухаць".

У турму Руслан Цыбоўскі трапіў у 20 гадоў. Тады ён заканчваў трэці курс вілейскага ліцэя, вучыўся на майстра сельгасвытворчасці. Апошні экзамен хлопцу здаць ужо не дазволілі.

Трагедыя здарылася ў пятнічны ліпеньскі вечар сем гадоў таму. Руслан з сябрамі ў бары на Смаргоншчыне адзначалі канец працоўнага тыдня – хлопец сумяшчаў вучобу з працай сталяра. Менавіта тут ён пасварыўся са сваім знаёмым, 33-гадовым А. Па словах Руслана, той стаў абражаць яго сваякоў. Пачалася бойка. Калі ўдзельнікаў разнялі, А. ад’ехаў ад бара на ровары і працягваў абражаць здалёк.

Руслан вырашыў “патлумачыць”, што да чаго, і пайшоў да яго дадому. А. выходзіць адмовіўся. Тады Руслан разбіў шкло і залез у дом. Убачыў, што А. стаіць з нажом у руках. Як той нож апынуўся ў яго, Руслан не памятае. Удар – і нож трапіў А. у жывот.

Калі Руслан прыйшоў да сябе, пайшоў да суседа, каб выклікаць “хуткую”.

Руслан атрымаў сем гадоў і тры месяцы ўзмоцненага рэжыму за замах на забойства. Па словах хлопца, да гэтага ў яго не было нават штрафаў.

Шлях блатнога абіраюць адзінкі

– Маці вельмі перажывала, што тут скажаш. Першыя дні ў турме прайшлі ў страху. Усё новае, незразумелае. Са слоў бывалых зразумеў, што за кратамі свае паняцці. Напрыклад, менш гаварыць і больш слухаць, – расказвае Руслан.

Перад тым, як падняцца ў лагер, асуджаны трапляе ў каранцін – невялікі барак для адаптацыі. Знаходзіцца там каля двух тыдняў.

Спачатку Руслан апынуўся ў выпраўленчай калоніі №22, што ў Івацэвічах. У каранціне чалавека просяць падпісаць дакумент аб прыняцці абавязкаў ад адміністрацыі.

– Паставіў там подпіс – ты “вязаная галава”. Гэта значыць, табе навязалі абавязкі. Шмат чаго з-за іх не можаш рабіць у крымінальным свеце. Але падпісваюць многія, бо гэта дае паблажку – можаш атрымаць умоўна-датэрміновае вызваленне.

Паход у сталовую абавязковы

Пасля Руслана перавялі ў мужчынскую выпраўленчую калонію №17, што ў Шклове. Там даседзеў  “да званка”. Па словах хлопца, у турме адчуваў сябе ўпэўнена.

У Шклове зона дзеліцца на дзве часткі. Жылая, дзе знаходзяцца 17 баракаў, і вытворчая, куды асуджаныя ходзяць на працу.

Пад’ём – у шэсць раніцы. Памыцца паспяваюць не ўсе – каля ста чалавек у адным бараку. Потым ідуць на зарадку, пасля – строем у сталовую. Туды паход абавязковы. Пасля сняданку зняволеных выводзяць на праверку, глядзяць, ці не адсутнічае хто. У чаканні кантралёраў у бараках застаюцца дзяжурныя – вязні, якія ў гэты дзень па графіку павінны прыбіраць памяшканне. Затым ідуць на працу. Перад ёй пераапранаюцца, п’юць чай, кураць. Руслан працаваў сталяром-станочнікам, рабіў дошкі для падлогі, плінтусы. У вытворчай зоне былі таксама швейны і абутковы цэхі. У 11 гадзін – абед. Кормяць “баландай” – так называюць рэдкую кашу з самых танных круп.

На святы ляпілі тарты

Прадукты можна набыць у мясцовай краме. Грошы забароненыя, але безнаяўны разлік дазволены. У кожнага асуджанага ёсць рахунак, на які сваякі могуць дасылаць грошы.

Колькасць пакупак залежыць ад рэжыму. На агульным можна набыць тавар на восем базавых велічынь, на ўзмоцненым – на пяць. Трэба не мець іскаў, каб “атаварыцца па поўнай”. У краме Руслан звычайна набываў цыгарэты, тварог, малако, кефір, кілбасы, кансервы, грэчку, ролтан, чай. Кашы і макарону варылі ў бараку,  у спецыяльным пакоі для прыёму ежы. Там былі разеткі, электрачайнікі і кіпяцільнікі. У краме і санчастцы абслугоўваюць жанчыны. Яны заўсёды прыходзяць на працу ў суправаджэнні афіцэра.

На святы ў краме набывалі чай, каржы і згушчонку, каву, маргарын ці масла, ляпілі тарты. Збіраліся кампаніяй па пяць-сем чалавек. Адзначалі Новы год, дні нараджэння – свае і блізкіх.

Асуджаныя працуюць прыкладна да трох, зноў ідуць на праверку, вяртаюцца ў баракі.

– Тое, што паказваюць па тэлевізары, няпраўда. У фільмах больш жахліва ўсё.

Глядзелі навінкі фільмаў

У жылой зоне, акрамя баракаў і крамы, ёсць клуб. Там праводзяць лекцыі, размовы са зняволенымі. Напрыклад, на тэмы шкоды наркотыкаў і алкаголю, адаптацыі ў турме. У клубе ёсць кінатэатр, дзе паказваюць новыя фільмы.

– Глядзелі “Фарсаж”, фільмы па коміксах Марвэл накшталт “Чорнай пантэры”. Круцілі па выхадных.

Паглядзець фільмы можна і ў пакоі выхаваўчай работы, якая ёсць у кожным атрадзе. Там жа – кнігі. Руслан любіў чытаць гістарычныя. А яшчэ ў вольны час займаўся на трэнажорах у спартзале, хадзіў на стадыён. У спартзалу можна трапіць толькі тады, калі не маеш парушэнняў.

Акрамя працы, вязні могуць атрымаць прафесію швачкі, сталяра. “Корачку” станочніка Руслан здабыў яшчэ ў Івацэвічах.

У апошнія два гады сябры не пісалі

Перадачы павінны быць у празрыстых упакоўках, кава і чай – у пакетах, цукеркі – без абгортак. У іншым выпадку тару пратыкаюць, каб убачыць, што ўнутры. Можна прывозіць прадукты, якія доўга не псуюцца. Нельга – кісламалочныя, іх набываюць у краме. Дазволеныя тры пасылкі ў год.

А яшчэ былі па два доўгія спатканні на год, калі сваякі прыязджалі на тры дні. Тады яны жылі ў пакоі падоўжаных спатканняў. І тры – па чатыры гадзіны. Падчас іх зняволены размаўляе з блізкімі праз шкло. Тэлефонны званок – тры разы на месяц. А вось лісты можна пісаць без  абмежаванняў.

Першыя тры гады Руслан часта дасылаў канверты блізкім. З кожным разам сябры адказвалі  ўсё радзей. Апошнія два гады перасталі пісаць зусім.

– Забылі, – усміхаецца з горыччу хлопец. – Больш за ўсё не хапала свабоды, канешне. Але і сустрэч з сябрамі і блізкімі, не хапала размоў з жанчынамі. Проста пасядзець і пагаварыць. Летам цягнула на возера ці рэчку, адпачыць душой.

Дапамагаў справіцца з нудой… кот

Жывёлы ў турме забароненыя, але Руслан упэўнены – яны заўсёды былі, ёсць і будуць. У суседнім цэху акацілася кошка, гаспадар раздаваў кацянят.

– Мне трапіўся рыжанькі. Назваў Пуза, ён балдзеў, калі жывот часалі. Трымаў кацяня ў кутку, са сталовай кожны раз прыносіў ежу, кілбасой з пасылак частаваў. Нічога для яго не шкадаваў. Колькі было небяспечных момантаў: ідзе рэйд, які адлоўлівае катоў. Усё, думаю, развітваюся з Пузам.

Кот пражыў так два гады. Потым адзін з сяброў Руслана выйшаў на волю, хлопец аддаў ката яму.

Жыццё пасля зняволення ёсць

Руслан вярнуўся туды, адкуль сышоў сем гадоў таму, жыве з маці і братам.

З тымі, з кім сядзеў, падтрымлівае сувязь, піша лісты. Плануе з часам дасылаць ім грошы. І, па яго словах, робіць усё магчымае, каб не патрапіць у турму зноў, закон больш не парушае.

– Самае цяжкае – прайсці гэты шлях правільна. “Не ссучыцца” і застацца самім сабой. Каб быў другі шанец – злачынства б не паўтарыў, прайшоў міма. Цяпер па-іншаму гляджу на рэальнасць, абдумваю ўсё, перш чым зрабіць. Абмежаваў круг зносінаў, звёў да мінімуму. Звычак адтуль не прывёз, на жаргоне спрабую не размаўляць, чыфір не п’ю. Займаюся спортам. Пацярпелага бачыў з невялікай адлегласці. Зразумеў, што ён мяне дагэтуль баіцца. Ды і на здароўе, я яго чапаць не збіраюся. Ужо хапіла.

Пасля турмы ўладкавацца на працу складана. Па словах Руслана, у сур’ёзныя арганізацыі – немагчыма. Нават грузчыкам не ўзялі. Але працу ён усё ж такі знайшоў – на пілараме.

Руслан прызнаецца, што стаўленне сваякоў да яго не змянілася. А вось сяброў амаль не засталося.

– Знаёмыя быццам не памянялі адносіны, не ведаю яшчэ. Не заўсёды атрымліваецца з-за працы толкам пагутарыць. У вочы ўсміхаюцца, а як за спінай, не ведаю,  – расказвае Руслан. – Цяпер буду імкнуцца да лепшага, да стварэння сваёй сям’і – вельмі хочацца. Ёсць жыццё і пасля заключэння, калі не здавацца і не апускаць рукі.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце