weather -1° Маладзечна
weather -1° Вілейка
weather 2° Смаргонь
weather -1° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather -1° Мядзел
weather 2° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.395
1 долар 2.1102
100 рас.руб. 3.1973
30.10.2018 23:27 ,

За адарваны гузік муж стукнуў мяне чаравікам па твары: у Маладзечне паказалі спектакль пра хатні гвалт

Артысты на сцэне.

- Мяне 26 год б'е муж... - Мяне згвалтавалі чацвёра мужчын, а ў паліцыі не прынялі заяву...

30 кастрычніка са сцэны Мінскага абласнога драматычнага тэатра ў Маладзечне гучалі нявыдуманыя гісторыі сямі жанчын, якія перажылі хатні гвалт. Тут паказалі спектакль «Сем».

Пра гвалт у Савецкім Саюзе і мусульманскіх краінах

Спектакль — дакументальны тэатральны твор, заснаваны на інтэрв’ю з жанчынамі. Гераіні — з розных краін, з хатнім гвалтам сутыкнуліся па розных прычынах.

Мухтар Май з Пакістана згвалтавалі чацвёра мужчын. Так яны адпомсцілі за абразу гонару іх сям’і. Трагічная гісторыя Мухтар, дзякуючы журналістам, стала вядомай у свеце.

Фарыдзе Азізі і яе дзецям пагражалі ў родным Афганістане, бо Фарыда змагалася супраць прыніжэння жанчын у краіне. Яна вымушаная была прасіць палітычнага сховішча. Цяпер жыве ў ЗША.

На праграмцы размясцілі здымак адной з гераінь — Мухтар Май.

У Марыны Пісклаковай-Паркер з СССР было шчаслівае дзяцінства, любыя бацькі, сваякі, бабуля, дзядуля. Дзяўчынка думала, што так і павінна быць, так ва ўсіх. Але стаўшы дарослай, зразумела, што ў сем’ях далёка не заўсёды так. Многія жанчыны цярпяць гвалт і не кажуць пра тое. Бо ў Савецкім Саюзе такія размовы былі непрынятыя.

Кожная з сямі жанчын прысвяціла сябе барацьбе з гвалтам. У 1993 годзе, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, Марына Пісклавая-Паркер адкрыла першы ў Расіі тэлефон даверу для пацярпелых ад хатняга гвалту, які пасля стаў цэнтрам «Анна». За час існавання цэнтра ў яго звярнуліся сто тысяч расіянак.

У фае тэатра арганізатары прывезлі тэматычныя выставы: віртуальную і рэальную.

Інэс Маккормак з Паўночнай Ірландыі ад 1960-х гадоў з’яўляецца актывісткай, што змагаецца за правы жанчын на працу і сацыяльную справядлівасць. А пачалося ўсё з таго, што яна, пратэстантка, супраць волі сваякоў зрабіла неверагоднае: выйшла замуж за каталіка.

Ігралі дырэктар палаца культуры і тэлевядучая

Гісторыю кожнай з сямі жанчын чытальнікі распавядалі са сцэны. Прычым большасць з іх не акцёры па прафесіі. І гэта яшчэ адна задума спектакля: далучыць да пастаноўкі абсалютна розных людзей.

Шчымлівыя гісторыі жанчын  распавядалі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама Алена Сакалоўская, фіндырэктар аднаго з таварыстваў Віктар Бірыч, старшыня Маладзечанскай раённай арганізацыі «Беларускі фонд міру» Святлана Чыжыкава, дырэктар цэнтра «Стымул да поспеху» Андрэй Максіменка, дырэктар Маладзечанскага палаца культуры Святлана Сарока.

Пасля спектакля Святлана Бароўская падарыла кветкі сваёй маме, што прысутнічала ў зале.

Спецыяльна для ўдзелу ў пастаноўцы ў родны горад прыехала ўраджэнка Маладзечна, тэлевядучая Святлана Бароўская.

Алег Чэчанеў.

Першапачаткова не планавалі задзейнічаць прафесійных акцёраў. Аднак дырэктар Мінскага абласнога драмтэатра Юры Крывенькі параіў рэжысёру, Івану Пінігіну, усё ж далучыць да пастаноўкі вядучых майстроў сцэны Алега Чэчэнева і Ірыну Камышаву.

Ірына Камышава чытала гісторыю Мухтар Май з Пакістана.

Дырэктар тэатра: ніхто не застрахаваны ад гвалту

— Прыемна, што для спектакля абралі наш горад. «Сем» паказвалі ў Мінску, у Брэсце, у іншых абласных гарадах. Маладзечна стаў першым раённым цэнтрам, дзе паставілі спектакль, — распавёў «Рэгіянальнай газеце» Юры Крывенькі. — Лічу, што сённяшняя пастаноўка датычыцца кожнага з нас. Ніхто не застрахаваны ад сітуацыі гвалту, ад сустрэчы з людзьмі з нечалавечымі паводзінамі.

Сярод гледачоў была большасць жанчын. Аднак, як мне расказалі заўсёдныя наведнікі, так бывае незалежна ад тэмы спектакля.

Па словах дырэктара, у праекце задзейнічаныя розныя людзі: медыкі, праваахоўнікі, прадстаўнікі сацыяльных службаў.

Даведка «Рэгіянальнай газеты»

Паказ спектакля «Сем» у Беларусі ладзіць Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у рамках інфармацыйнай кампаніі «Не маўчы! Спыні гвалт у сям’і!». Аўтар праекта і прадюсар п’есы Хеда Краус Шорген — актрыса, пісьменніца, кансультант са Швецыі. За гэты праект яна мае прэстыжныя ўзнагароды.

Фота аўтара.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце