weather -5° Маладзечна
weather -5° Вілейка
weather -3° Смаргонь
weather -5° Ашмяны
weather -4° Валожын
weather -5° Мядзел
weather -3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
11.11.2018 17:16 ,

Сямігадовая мадэль з Вілейкі скарыла сталічны подыум

Віляйчанка Ксюша Арцімовіч на сталічным подыуме.

7 лістапада жыхарка Вілейкі, сямігадовая Ксенія Арцімовіч, выхаванка танцавальнага калектыву "Фарсаж" паўдзельнічала ў мерапрыемствах Тыдня беларускай моды ў Мінску.

Пра гэта карэспандэнту «Рэгіянальнай газеты» расказала педагог Ксеніі, кіраўнік «Фарсажу» Алеся Раздзялоўская:

— Нас запрасіла дырэктар мадэльнага агенцтва «Школа прыгажосці  k&s models agecy» Крысціна Шчасная. Летась мы сталі прызёрамі конкурсу «Горад шчасця» і атрымалі сертыфікат на паездку ў Грэцыю. Аднак аплочвалася толькі частка тура, астатнюю суму бацькі вілейскіх дзетак «не пацягнулі». Таму ніхто не паехаў.

Крысціна Шчасная тады была ў журы. Яна запомніла вілейскі танцавальны калектыў і запрасіла дяцей і педагога на Тыдзень беларускай моды. Запрашалі ўсіх ахвотных дзяцей. Але ўдзел у такіх праектах патрабуе часу і грошай: трэба часта ездзіць на прымеркі і рэпетыцыі.

У выніку пагадзіліся толькі бацькі Ксюшы. Яны вельмі хацелі ажыццявіць мару дачкі — паспрабаваць сябе ў ролі мадэлі.

— На паказе была прамая трансляцыя, шмат СМІ, фатографы, — прыгадвае Алеся. — Эмоцыі зашкальвалі. Вакол прыгожае адзенне: ад спартыўных касцюмаў з бітамі да сукенак з дыядэмамі.

Ксюша прадстаўляла калекцыю «Нефармат» мінскага дызайнера Анастасіі Фальковіч. Адзенне ў калекцыі — спакойных пяшчотных колераў.

— Было шмат цяжкасцей, нават для мяне, — прызнаецца Алеся. — Я харэограф, а не трэнер мадэляў. У танцы вучыш тэхніцы рухаў, сінхроннасці. У дэфіле — усё крыху па-іншаму. Прыйшлося вучыцца і мне. Тут вельмі важна трымаць спіну, не падымаючы плячэй, ісці правільна, лёгка перастаўляючы ногі ў рытм. На твары — абавязковая упэўненасць і ўсмешка. Плюс пазіцыі для фотасесіі.

Фінальнае фота. Ксюша — чацвёртая злева.

Ксюша са сваёй настаўніцай танцаў ездзілі на заняткі да Крысціны Шчаснай. Яна паказала, як і над чым працаваць. Далей займаліся ўжо самі ў Вілейцы: і педагог, і мама дзяўчынкі. Алеся ўдзячная бацькам Ксюшы за цярпенне і ўзаемаразуменне.

На подыуме.

— Самой Ксюшы было цяжка, — кажа Алеся. — То пра спіну забывалася, то пра тое, як прыгожа ісці. Але на самім мерапрыемстве Ксюшка засяродзілася і выступіла дастойна. Былі дзеці, якія займаюцца некалькі год, а мы першы раз, ды яшчэ за такія кароткія тэрміны. Ксюшу заўважылі, адзначылі яе старанне, уважлівасць, упэўненасць.

1 снежня юную вілейскую мадэль запрасілі ў Львоў дэманстраваць адзенне ўкраінскіх дызайнераў. Але мама вырашыла, што дзяўчынка пакуль маленькая для такога мерапрыемства. Да таго ж не варта прапускаць школу.

— Ці стане Ксюша мадэллю, я не ведаю. Але гэтае маерапрыемства дакладна запомніцца ёй на ўсё жыццё. А я пачынаю думаць над тым, што трэба пачаць выкладаць дэфіле. Танцы і дэфіле вельмі добра ўзаемадапаўняюцца. Вось каб яшчэ і вілейскі дызайнер знайшоўся! — падзялілася сваімі планамі Алеся.

Фотаздымкі забяспечаныя Алесяй Раздзялоўскай.

 

 

 

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце