weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 4° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 3° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 4° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4253
1 долар 2.1329
100 рас.руб. 3.1894
17.11.2018 12:45 ,

Як захаваць бульбу, не нашкодзіўшы здароўю і экалогіі: Маладзечанка заняла другое месца на абласным конкурсе даследчыкаў

Віталь Васільеў і Алеся Кандрукевіч за доследамі. Фота Аксаны Ярашонак.

На стале ў лабаранцкай кабінета біялогіі – колбы, мікраскоп і безліч маленькіх слоікаў з невядомымі вадкасцямі. Тут працуюць настаўнік біялогіі Віталь Васільеў і яго вучаніца, адзінаццацікласніца маладзечанскай сярэдняй школы №14 Алеся Кандрукевіч.

Што такое фенолы і дзе яны хаваюцца

Настаўнік з вучаніцай доўга працавалі нездарма. На абласным конкурсе юных даследчыкаў, што ладзіў Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі, даследаванне Алесі заняло другое месца.

– Некалькі год таму я заўважыў, што любы даклад ці рэферат Алеся рабіла як сур’ёзную навуковую працу. Яна заўсёды захапляла сваім выступленнем клас, гэта значыць, умее трымаць аўдыторыю, – распавядае пра сваю вучаніцу настаўнік біялогіі.

Таму ў пачатку дзясятага класа Віталь Аляксандравіч і прапанаваў Алесі заняцца навуковай дзейнасцю. Тэму выбралі наступную «Фенольныя злучэнні раслін як сродак павелічэння тэрміну захоўвання бульбы».

Калі сказаць прасцей, настаўнік з вучаніцай пра дапамозе доследаў высвятлялі, з дапамогай якіх раслін можна экалагічна і як мага даўжэй захоўваць бульбу. А фенолы – гэта рэчывы, якія ёсць у многіх раслінах.

Яны засцерагаюць ад шкоднікаў. У чыстым выглядзе фенол – таксічны. Калі ж ён у складзе раслін, то можа прынесці шмат карысці.

Маладзечанка змагла пераканаць журы

Перад выступленнем хвалявалася крыху, кажа Алеся. А потым нават спадабалася. Пасля абароны працы задавалі шмат пытанняў і ўдзельнікі, і сябры журы, большасць з якіх – прафесары сталічных універсітэтаў. Пыталіся пра тое, як праводзіла доследы, як доўга настойвала спіртавыя і водныя экстракты. Экстракты Алеся настойвала дзесяць дзён. Адвары – 15 хвілін.

Нехта з прадстаўнікоў журы засумняваўся, ці можа за 15 хвілін у адвары лісця брусніцаў выдзеліцца фенол. Аднак даследчыца з Маладзечна пераканала, што можа. А раней, на занальным этапе ў Вілейцы, дзяўчына прадэманстравала гэта на практыцы.

– Я рада, што было шмат пытанняў – дзеліцца даследчыца. – Калі людзі пыталіся, значыць, мая праца іх зацікавіла.

З канкурэнтамі пасябравалі

Па словах Алесі і яе кіраўніка, сапернікі ў секцыі «біялогія» былі дасведчаныя, добра падрыхтаваныя. Таму тым больш прыемна, што яе працу так высока адзначылі. З некаторымі канкурэнтамі склаліся прыязныя адносіны. Цяпер дзяўчына кантактуе з імі праз сацыяльныя сеткі. Кажа, што размаўляюць на розныя тэмы. Не толькі пра біялогію.

Што дае ўдзел у такіх конкурсах вучням і педагогам?

– Самаразвіццё, уменне выступаць перад публікай, павышэнне ведаў па школьных прадметах, – адказвае Алеся. – Часта тэмы, з якімі я сутыкаюся ў даследаваннях, мы праходзім па хіміі, біялогіі. Мне гэта асабліва трэба, бо хачу стаць доктарам.

Віталь Аляксандравіч перакананы, што і яму як педагогу, шмат дае даследчая дзейнасць і ўдзел у конкурсах. Гэта карысны досвед, ідэі для далейшых навуковых прац, зносіны з калегамі з усёй Міншчыны. Заўсёды звяртаю ўвагу на тое, якія тэмы цяпер актуальныя ў біялогіі, якія працы перамагаюць, што можна было б лепш зрабіць нам, каб праз год зноў паказаць добры вынік, кажа настаўнік.

Хімічным сродкам – не!

Сваё даследаванне Алеся лічыць вельмі актуальным. Беларусь здаўна лічыцца «бульбяной» краінай, кажа дзяўчына. Аднак, каб захаваць вялікія ўраджаі бульбы, часцей за ўсё карыстаюцца хімічнымі сродкамі, што нядобра ўплывае на здароўе чалавека, на экалогію. У сваім даследаванні я кажу пра тое, што захаваць бульбу можна без хіміі, а пры дапамозе звычайных раслін.

Цэлы год, нават на канікулах, Алеся і яе настаўнік працавалі з рознымі раслінамі. Даследавалі лісце брусніцаў, талакнянку, лісты бадану, лупіны ад цыбулі. Рабілі з іх спіртавыя і водныя экстракты і адвары. Неабходныя зёлкі набывалі ў аптэцы.

Пасля назіралі, як паводзіла сябе апрацаваная бульба пасля апрацоўкі тым ці іншым экстрактам або адварам. Адзначалі, ці дастаткова цвёрдыя клубні, ці запавольваецца на іх з’яўленне парасткаў.

Раскрываем бульбяны сакрэт

А цяпер – увага! Алеся са сваім настаўнікам раскрываюць галоўны бульбяны сакрэт. Што ж рабіць, каб ваша бульба найлепш захавалася да новага ўраджаю без небяспечных хімічных рэчываў?

З усіх раслін бруснічнік зарэкамендаваў сябе найлепш. Фота prostudnet.ru.

Пасля таго, як бульба выкапаная, трэба апырскаць яе астылым адварам з лісця брусніцаў. Менавіта гэта расліна найбольш эфектыўна паказала сябе ў доследах юнай даследчыцы. Потым трэба пачакаць, каб бульба добра прасохла, і скласці яе ў месца для захоўвання.

Сёлетні ўраджай бульбы ў сям’і Алесі захоўваюць менавіта так. 

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце