weather 0° Маладзечна
weather 0° Вілейка
weather 1° Смаргонь
weather 0° Ашмяны
weather -1° Валожын
weather 0° Мядзел
weather 1° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4136
1 долар 2.1204
100 рас.руб. 3.2021
27.11.2018 15:40 ,

Як запраўляцца, каб не пераплачваць за паліва. Маніторым запраўкі Маладзечна

Таіса Пятрова і Аляксей Вяленда. Фота Зоі Хруцкай.

Запраўляўся на 50 літраў, а бак не поўны. Наліваў у каністру 20 літраў, а больш за літр не хапае. Кіроўцы нярэдка скардзяцца, што ім нібыта не даліваюць бензін або дызель. Але хто гэта кантралюе i як гэта праверыць?

Менавіта для гэтага ў горадзе працуюць спецыялісты Iнспекцыі Дзяржстандарта па Мінскай вобласці і гораду Мінску і Цэнтра стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі. Каб літр малака паўсюль быў аднолькавага аб’ёму, метролагі павяраюць меры аб’ёму вадкасцяў, у якiя наліваюць прадаўцы і як вымяраюць дакладнасць. А iнспектары Дзяржаўнага метралагічнага нагляду правяраюць, цi правiльна прадаўцы карыстаюцца сродкамi вымярэнняў.

Павяраць можна вагі, ёмістасці, танометры – любыя сродкi вымярэнняў, якiя ўнесеныя ў рэестр сродкаў вымярэнняў Беларусі. Звярнуцца да спецыялістаў могуць звычайныя грамадзяне – праверыць, ці дакладна працуе танометр, напрыклад. А вось у арганізацыях, якія выкарыстоўваюць сродкi вымярэнняў, ёсць абавязак – рэгулярна іх павяраць.

Начальнік сектара вымярэнняў механічных і геаметрычных велічынь Маладзечанскага цэнтра стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі Аляксей Вяленда.

Рэкамендацыі аўтааматарам ад Дзяржстандарта

  1. Пластыкавая каністра з цягам часу расшыраецца і становіцца раздзьмутай. Куплялі 20-літровую тару, а праз некалькі год яна будзе ўтрымліваць аб’ём каля 21,5 літра. Тым болей, што карыстацца ёй на запраўцы забаронена.
    Кіроўца прыязджае на запраўку, бачыць, што паліва менш. Падымае вэрхал: “Аяяй, не даліваюць”. А ўся справа ў каністры. У яе крыху большы аб’ём на тэмпературнае расшырэнне палiва.

    Канiстра – не сродак дакладнага вымярэння, яна сродак захоўвання палiва. Карыстайцеся толькі металічнымі.

  1. На палiвараздатачных пісталетах у некаторых запраўках ёсць невялічкія акенцы. Праз іх відаць паліва. Аўтааматарам варта глядзець, каб у акенцы не было пузыроў. Бывае, у папярэднiх клiентаў пiсталет нечакана падае з бензабака на зямлю i ламаецца. Адбываецца падсмок паветра. І пузыркі бачныя ў гэтым акенцы. Такая калонка дакладна будзе не даліваць.
  2. Калі хочаце дакладна ўсе 10 літраў, за якія заплацілі, едзьце да таго пісталета, дзе больш машын. Калі калонкай доўга не карысталіся, можа быць падсмок паветра, і вы атрымаеце на некалькі дзясяткаў мілілітраў менш. Калі ж перад вамі нехта заправіўся, смела выбірайце гэту калонку.
  3. Падзел паліва на летняе і зімовае вельмі важны. Калі ў мароз ехаць на летнім, яно можа пачаць парафініцца.

Як дзяржстандарт праводзіць маніторынг

1 лістапада начальнік аддзела дзяржнагляду Маладзечна Інспекцыі Дзяржстандарту па Мінскай вобласці і Мінску Таіса Пятрова правяла маніторынг аўтазаправак па выкананні патрабаванняў аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў.  Разам з ёй працаваў начальнік сектара вымярэнняў механічных і геаметрычных велічынь Маладзечанскага цэнтра стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі Аляксей Вяленда.

Маніторынг быў з правяла з правядзеннем інспекцыйнай паверкі паліўна-раздатачных калонак.

Вырашылі правяраць па прадстаўніку кожнай з чатырох кампаній, што працуюць у Маладзечне – “Юнайтэд компані”, “Беларуснафта”, “Лукойл” і “А 100”.

Першай наведалі станцыю “Юнайтэд компані”. Яна адна ў горадзе, па вуліцы Янкі Купалы. Перад тым як прыступіць да маніторынгу, начальнік сектара вымярэнняў пераапранаецца ў спецыяльны касцюм. Замярае атмасферныя ўмовы. Яны таксама ўплываюць на вымярэнне. Эталонная для вымярэння тэмпература – плюс 20 градусаў. Перад пачаткам маніторынгу на запраўцы “Юнайтэд компані” замералі 13,5 градуса. У залежнасці ад тэмпературы мяняецца шчыльнасць вадкасці i ўмяшчальнасць эталоннага мернiка. Таму спецыялісту патрабавалася рабіць папраўку на ўмовы надвор’я.

Для вымярэння выкарыстоўваецца эталонны мернік. Мы бралі прыладу на 10 літраў. На шкале відаць вынікі вымярэння. Рыска паліва павінна быць у межах допуску – ± 25 мілілітраў.

Эталонны мернік.

На павераную калонку спецыялісты Дзяржстандарту ставяць кляймо аб паверцы. Паміж паверкамі павінны быць інтэрвал не больш за адзін год. Уласнік сродкаў вымярэння сярод іншага павінны забяспечваць своечасовасць паверак.

Калі калонка не ў дозе ці сарваныя пломбы, ёй не маюць права карыстацца.

“Юнайтэд компані”

Начальнік аддзела дзяржнагляду Таіса Пятрова ў гэты час афармляе дакументы. Просіць патлумачыць, як спажыўцам арыентавацца ў нумарацыі пісталетаў. Тут пісталеты маюць нумарацыю толькі ў камп’ютарнай базе. Спажывец жа пры заказе называе калонку і марку патрэбнага паліва.

Каля калонак размешчаныя тумбы. У іх – рэзервуары для захоўвання паліва з лічыльнікам. На лічыльніках павінна стаяць пломба, якую ставяць пасля станоўчых вынiкаў паверак калегі Аляксея Вяленды.

– Сарваўшы пломбу, можна рэгуляваць дозу паліва, – тлумачыць эксперт. – Пломба стаіць за сакавік 2017 года. Пратэрмінаваная. Усе калонкі пламбіруюць адпаведна са схемай. А вось самая важная пломба на расходамеры, таму што гэтым кольцам можна рэгуляваць дозу.

У дадзенай палiвараздатачнай калонцы – поршневая сістэма. Пэўны аб’ём запампаваў – выпампаваў. А кольцам на расходамеры можна мяняць аб’ём камеры. Напрыклад, каб доза на 10 літраў не далівала да 3%.

На палівараздатачных калонках №1 і №4 з 92 бензінам цэласнасць пломбаў была парушаная.

– Калі мы робім, то выстаўляем пэўным чынам, каб немагчыма было скруціць пломбу. Калі іх перамясціць, можна мяняць аб’ём водпуску палiва.  Моцна тут не зменіш, але допуск ужо не пройдзе.

Аляксей Вяленда паказвае кіраўніку АЗС парушаную пломбу. Той адказвае, што пра якое парушэнне можна гаварыць, калі пломба стаіць. Вяленда адказвае, што пломбы ставяць аднолькавым чынам, гэтая ж адрозніваецца. Тым больш, яна пратэрмінаваная і ўжо проста не мае сілы.

Дыск з адтулінамі можна падкруціць і змяціць аб’ём рэзервуара.

– Павяраем раз на тыдзень, кажу шчыра, – расказвае кіраўнік АЗС. – Быў механік, давялося скараціць. Ён сачыў за тэрмінамі.

У мернік заліваем дзесяць літраў і глядзім на шкалу. Дапушчальная пагрэшнасць 0,25% па ніжнім меніску. Іншымі словамі, калі паліва на рысцы  ± 25 мілілітраў на 10 лiтрах, калонка ў зоне дапушчальнай пагрэшнасці. Пры кожнай праверцы пісталета выпрабоўваць яго трэба двойчы. За канчатковы вынік выносяць максімальную пагрэшнасць. Калі адзін раз у норме, а другі не, у справаздачы адлюстроўваюць той вынік, што не ў норме.

Спачатку мернік напаўняюць першай прагонкай – каб змачыць сасуд. Пасля зліву паліва кран мерніка пакідаюць адкрытым на дзве хвіліны, каб сышлі кроплі са сценак.

Вынік правярае Аляксей Вяленда.

На шкалу глядзіць гаспадар АЗС.

Спачатку правяраем 95 бензін на палівараздатачнай калонцы №2. На нязмочаным мерніку, які павінны паказаць крыху менш, паказала ўзровень. Пасля абодва кантрольныя разы паказала розныя рыскі. Гэта кепска – калонка павінна даваць стабільны ўзровень. Калі недалівае, значыць, трэба крыху падрэгуляваць расходамер і давесці да нормы.

Максімальная пагрэшнасць на калонцы №2 па 95 бензіне склала 30 мл ніжэй за нулявую адзнаку мерніка. Замест 10 літраў пісталет заліў 9,970.

Гэтак жа 30 мілілітраў ніжэй нуля паказаў 92 бензін калонкі №4.

На калонцы №1 95 бензін паказаў на 20 мілілітраў менш за нуль. Гэта адпавядае патрабаванням дзяржстандарту.

У выніку маніторынгу АЗС “Юнайтэд компані” ўстанавілі, што сярод 28 сродкаў вымярэння 22 маюць скончаны тэрмін прыдатнасці, парушаныя перыядычнасці паверак, ёсць парушаныя пломбы, быў недаліў у некаторых калонках. Дакладнасць працы палівараздатачных калонак павінны вызначаць кожную змену, але ці выконваюць гэта работнікі, нідзе не фіксуецца.

Са слоў работнікаў, правяраюць раз на тыдзень. Па выніку маніторынгу за парушэнне патрабаванняў Закона “Аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў” запраўцы выдалі рэкамендацыі па выпраўленні парушэнняў.

Юнайтед Компан Молодечно

“Лукойл”

Пасля АЗС “Юнайтэд компані” мы з маніторынгам завіталі на запраўку кампаніі “Лукойл”, размешчанай па вуліцы Віленскай. Маладзечанцы называюць яе той, што “пад мастом”. Адзін з работнікаў праціраў інфармацыйныя шыльды. А аператары кансультаваліся з кіраўніком, які якраз быў на нарадзе ў Мінску.

Набіраем праверачную дозу.

– Раней мернікі выпускалі без пенагасільніка, – расказвае Аляксей Вяленда. – Было вельмі складана набіраць дозу. Цяпер жа пена хутка спадае, і вадкасць выстройваецца на ўзровень рыскі.

Інспекцыйную паверку правялі на калонцы №1, вымяралі 95 бензін.  Пагрэшнаць была ў межах патрабаванняў дзяржстандарту.

36 адзінак сродкаў вымярэння АЗС былі ў здавальняючым стане. Абрэзервавалі 16 калонак па раздачы паліва.

Заўважылі, што ў метраштока тэрмін паверкі скончыўся ў маі, а наступную правялі ў ліпені – пратэрмінавалі на два месяцы.

Акенцы, праз якія можна праверыць, ці ёсць бурбалкі паветра.

Цяперашні менеджар “Лукойла” тлумачыць, што ў час, калі інструмент на паверцы, кампанія прывозіла падменны метрашток з Мінска, якім карыстаюцца ў час паверкі.

Дзяржстандарт парэкамендаваў прадпрыемству сачыць за тэрмінамі паверкі і ў будучым.

“Беларуснафта”

Па дарозе на запраўку па вуліцы Міру правяраючыя дзеляцца меркаваннем: у кампаніі вельмі строгая ўнутраная сістэма праверак. Таму тут недакладнасцяў быць не павінна.

Кожны паліўна-раздатачны пісталет мае свой нумар –  заблытацца немагчыма. Рэзервуары ў добрым стане, пломбы на месцы. Паверку калонак ужо праводзілі сёлета.

Замяралі аб’ём дызельнага паліва на калонцы №21. Пагрэшнасць выйшла ў межах нормы.

На АЗС, як і ў іншых, ёсць газавая калонка. Супрацоўнік станцыі расказаў, што карыстацца ёй самастойна нельга. Кліент спыняецца, да яго падыходзіць аператар. Да пісталета неабходна падабраць перахаднік, таму што розныя машыны маюць розную адтуліну. Небяспечна карыстацца самастойна яшчэ і таму, што можна атрымаць тэрмічны апёк. Сціснуты газ мае вельмі нізкую тэмпературу, небяспечную, калі трапляе на скуру.

Газавая калонка.

Запраўляюць гібрыд.

Падчас маніторынгу запраўляцца прыехаў кіроўца машыны, што працуе на звадкаваным газе. Аператар падзяліўся, што газам запраўляюцца нярэдка. Такія машыны ўсё больш папулярныя сярод маладзечанцаў.

“А 100”

Запраўка “А 100” па Лібава-Роменскай вылучаецца беларускамоўнымі шыльдамі, схемамі і надпісамі. Для каго важнае абслугоўванне па-беларуску, могуць атрымаць яго тут.

На “А 100” правяралі ўзровень 92 паліва на калонцы №2. Пагрэшнасць – у межах дзяржстандарту.

Падчас праверкі Аляксей Вяленда тлумачыў, што сучасныя запраўкі, як тут, абсталяваныя электронным вымяральнікам узроўню паліва. Калі сховішча паліва папаўняюць, ён дакладна вымярае аб’ём. І кожны зліў дакладна фіксуе. Таму колькасць паліва пад пастаянным кантролем.

Вынікі

Падсумоўваючы вынікі маніторынгу, спецыялісты Дзяржстандарта раяць прытрымлівацца рэкамендацый аўтааматарам, каб атрымаць роўна свой аб’ём, за які заплаціў.

Калі ж гаспадары запраўкі не павяраюць сродкі вымярэнняў своечасова, тыя з цягам часу могуць пачынаць падводзіць у дакладнасці.

Праверыць паверку калонак лёгка. На інфармацыйным табло звычайна размешчаная маленькая бліскучая круглая налепка. На ёй відаць месяц і год паверак.

Налепка, што што сведчыць аб сертыфікацыі. Год паверкі 2018.

Глядзіце, ці была паверка цягам апошняга года. Сачыце за пузыркамі паветра. І захоўвайце паліва толькі ў металічных каністрах. Тады вы атрымаеце сваё паліва да апошняй кроплі.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце