weather 0° Маладзечна
weather 0° Вілейка
weather 1° Смаргонь
weather 0° Ашмяны
weather -1° Валожын
weather 0° Мядзел
weather 1° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4136
1 долар 2.1204
100 рас.руб. 3.2021
01.12.2018 12:00 ,

Прайшоў ГУЛАГ, дзе акампаніраваў Лідзіі Русланавай. Маладзечанка прыгадвае кампазітара кіраўніка калектыву «Спадчына» Іосіфа Сушко

Іосіф Сушко з калектывам "Спадчына". Фота cultur.by.

У дзень 90-гадовага юбілею самадзейнага кампазітара, заслужанага работніка культуры Беларусі, кіраўніка маладзечанскага музычнага калектыву «Спадчына» пра яго «Рэгіянальнай газеце» распавяла ўдзельніца калектыву настаўніца музыкі гімназіі №3 Лілія Сцяпная.

– Так атрымалася, што пра Іосіфа Сушко я ведала з дзяцінства, – кажа маладзечанка. – Ён жыў у Варапаеве, а я ў вёсцы Ваўкалата. Гэта на Віцебшчыне. У Варапаеве ў Іосіфа Фаміча быў ансамбль, з якім ён прыязджаў выступаць у Ваўкалату. Каб ехаць назад пасля канцэрта, не хапала бензіну ў аўтобусе. Мой бацька тады дапамог Іосіфу Фамічу.

Падчас канцэрта на вачах дырыжора бачылі слёзы

Пасля лёс прывёў дзяўчыну ў Маладзечанскае музвучылішча (цяпер музкаледж імя Агінскага). Іосіф Сушко якраз тады, на пачатку 1970-х, працаваў тут, выкладаў аранжыроўку і ўжо кіраваў «Спадчынай».

У 1975 годзе Лілія Сцяпная здавала дзяржэкзамен – дырыжыравала вакальнай групай. На экзамене прысутнічаў Іосіф Сушко. Ён запрасіў дзяўчыну да сябе ў калектыў.

– Па натуры Іосіф Фаміч быў вельмі ўспрымальны, запальчывы, гэта праяўлялася і на рэпетыцыях, і на канцэртах, перад якімі ён заўсёды вельмі хваляваўся. Калі дырыжыраваў падчас песні «Хлеб – усяму галава», артысты звычайна адводзілі вочы ўбок, бо бачылі слёзы на вачах дырыжора, – прыгадвае жанчына.

Неяк настаўніца была на курсах ва ўніверсітэце культуры. Там выкладчык згадаў Іосіфа Сушко і сказаў, што гэта адзіны чалавек у Беларусі, які працуе з аўтэнтычным фальклорам.

На канцэртах прадумана ўсё

Па словах Ліліі Сцяпной, калі «Спадчына» выходзіць на сцэну, такое адчуванне, што бачыш кадр з кінафільма. Настолькі ўсё прадумана і арганічна аб’яднана: і песня, і музыка, і фальклорныя матывы, і харэаграфія. Асабліва гэта бачна ў вакальна-харэаграфічных кампазіцыях «Талака», «Купалле», «Хрэсьбіны», «За ваколіцай», «Беларускі лянок».

У 2003 годзе выдалі аўтарскі зборнік і кампакт-дыск «Спявай, маё сэрца, спявай». Кнігу з дарыльным надпісам кіраўнік уручыў кожнаму ўдзельніку свайго ансамбля. А Ліліі Сцяпной падпісаў кнігу, як суаўтару. Песню «Спявай, маё сэрца, спявай» яны напісалі разам.

Каб набыць гармонік, бацька прадаў карову

Ведае жанчына і пра няпросты лёс свайго настаўніка. Да музыкі хлопчык цягнуўся з дзяцінства. Бацька нават прадаў карову, каб набыць сыну гармонік.

Хлопчык сам, не ведаючы музычнай граматы, навучыўся іграць. Праўда, саромеўся. І калі да бацькоў прыходзілі госці, то іграў, схаваўшыся за фіранку.

Калі пачалася Другая сусветная, на фронт хлопца не ўзялі, бо быў зусім малады. Вучыўся ў настаўніцкай семінарыі, іграў на ўсіх святах.

Для чаго трэба гармонік без гуку

За тое, што іграў пры немцах, аб’явілі ворагам народа і накіравалі ў ГУЛАГ. Там ён пазнаёміўся са спявачкай Лідзіяй Русланавай і нават акампаніраваў ёй на канцэрце. Пасля рэабілітацыі і вяртання дамоў, перапісваўся з ёй. У ГУЛАГу музыканта любілі. Нават зрабілі для яго самаробны гармонік. Інструмент быў бязгучны, але падыходзіў для таго, каб размінаць пальцы.

Вокладка кнігі. Фота cultur.by.

– Ведаю, што літаральна над кожным гукам Іосіф Фаміч мог працаваць начамі, – дзеліцца Лілія. – Ён мог напісаць песню адмыслова пад нейкага саліста. Напрыклад «Гімн кахання» стварыў спецыяльна для Ліліі Будо, а «Ночку летнюю» – для Іны Ахполавай.

Бязмежна таленавіты, сціплы і просты

Не ўсе ў ансамблі былі прафесійнымі музыкантамі. Большасць удзельнікаў працавала на прадпрыемствах і ва ўстановах Маладзечна. Для іх усіх кіраўнік быў і настаўнікам па вакале.

– Іосіф Фаміч быў сціплы, просты, бязмежна таленавіты. А яшчэ не любіў, калі мы са сваёй музычнай адукацыяй «вытыркаліся» на рэпетыцыях, – прыгадвае жанчына.

Лілія Сцяпная прызнаецца, што для яе Іосіф Сушко – настаўнік па жыцці. Нават цяпер яна ў яго вучыцца. У праграме чацвертага класа па музыцы ёсць тэма «Музычная культура Беларусі». На гэтых уроках настаўніца абавязкова паказвае вучнямі відэа з выступленнем «Спадчыны», дае слухаць аўдыёзапісы.

Ушануюць канцэртам і вершамі

Два сыны Іосіфа Фаміча сталі прафесійнымі музыкантамі. Адзін да нядаўняга часу працаваў у Маладзечанскім Палацы культуры. Кіраваў студыяй «Жывы гук». Цяпер пераехаў у Мінск, але працягвае працаваць па спецыяльнасці. Другі сын у Чысці. Таксама кіруе вакальным калектывам.

Іосіф Сушко. Фотаздымак забяспечаны Ліліяй Сцяпной.

Пасля смерці Іосіфа Сушко ў 2016 годзе калектывам кіруе Яўген Гарчанін – вучань Іосіфа Фаміча, які працаваў хормайстрам.

30 лістапада ў Маладзечанскім Палацы культуры «Спадчына» зладзіць канцэрт, прысвечаны памяці свайго былога кіраўніка. А Лілія Сцяпная сваю павагу і захапленне Настаўнікам паклала ў вершы:

Горача радзіму, родны край любіў.

Хоць ужо з маленства шмат што перажыў.

Але чэрствым сэрца ад таго не стала,

Родную зямельку песняй услаўляла.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце