Як склаўся лёс настаўніцы, што працавала ў Крэве ў 1930-я гады

Ірэна Аляхновіч (Бандаровіч) са сваімі выхаванкамі падчас вылазкі на прыроду. Фота 1930-ых гадоў.
На першы погляд, нічым адметным здымак не вылучаецца: звычайны дзень, звычайныя дзеці са звычайнымі бесклапотнымі тварамі. Але калі паглядзець на здымак з вышыні сённяшняга дня, калі прасачыць за далейшым жыццём дзяўчатак і іх настаўніцы, то можна зразумець: перад табой – кніга лёсаў цэлага пакалення.
Такія розныя лёсы дзяўчат з фотаздымка
Зіна, разумная і баявая дзяўчынка, скончыць Ашмянскую гімназію, а ў 1942 годзе будзе вывезена ў Германію на прымусовыя работы. Пасля вайны знойдзе прытулак недзе ў Англіі.
Ніна загіне ў час вайны. Бацьку Зоські пасляваенныя ўлады абвінавацяць у супрацоўніцтве з немцамі, што не лепшым чынам адаб’ецца і на лёсе яго дачкі. Прыгажуня Стаська выйдзе замуж за рускага, які прыедзе сюды раскулачваць яе бацьку і ствараць калгасы. У іх народзіцца сын, якога ўсе будуць ведаць як паэта Уладзіміра Някляева.
Сціплая Шура звяжа свой лёс з настаўнікам Пятром Грынкевічам, чалавекам, які прысвяціў сваё жыццё вывучэнню мінуўшчыны роднага краю. Яна раздзеліць з мужам яго клопаты па ўвекавечанні гістарычнай памяці, разам з ім будзе засмучацца, калі іх намаганні пачнуць натыкацца на абыякавасць савецкіх чыноўнікаў.
Няпростым аказаўся і лёс настаўніцы Ірэны Бандаровіч (у дзявоцтве – Аляхновіч), якую з такой любоўю акружаюць на здымку дзяўчаты.
Як настаўніца трапіла ў Крэва
Ірэна Аляхновіч нарадзілася 3 сакавіка 1909 года ў Гатчыне, што пад Санкт-Пецярбургам, у шматдзетнай сям’і палякаў. Каб даць дзецям магчымасць атрымаць лепшую адукацыю, сям’я пераехала ў сталіцу. Кастрычніцкая рэвалюцыя вымусіла Аляхновічаў перабрацца ў Латвію, у горад Рэзэкнэ, дзе існавала вялікая калонія палякаў і дзейнічала польская гімназія.
Ад недаядання і хвароб хутка пасля пераезду ў Латвію памёр бацька Ірэны. Нягледзячы на цяжкасці, маці прыкладала ўсе намаганні, каб дзеці не засталіся без адукацыі.
У час вучобы ў гімназіі Ірэна ўступіла ў Саюз польскіх гарцэраў, папулярную і шматлікую нацыянальную скаўцкую арганізацыю, якая прышчапляла моладзі любоў да Радзімы, Бога і бліжніх. Ідэя гарцэрства так захапіла дзяўчыну, што яна прысвяціла гэтаму руху ўсё сваё далейшае жыццё.
У 1928 годзе сям’я пераехала ў Вільню, дзе Ірэна прадоўжыла сваю адукацыю і вывучылася на настаўніцу геаграфіі. Ад 1930 года яна пачала працаваць па спецыяльнасці ў Крэўскай школе. Ад самага пачатку сваёй працы разгарнула там і гарцэрскую дзейнасць. Энергічная, вясёлая, поўная творчага запалу і ініцыятывы, яна стала кумірам школьніц, якія з ахвотай запісваліся ў створаную ёй дзявочую скаўцкую дружыну імя Эміліі Плятэр.
Мужа – у савецкі палон, жонку з сынам – у Казахстан
У Крэве Ірэна звязала сваё жыццё з калегам па школе і аднадумцам Вінцэнтам Бандаровічам, які паходзіў з-пад Валожына. У іх нарадзілася двое сыноў, адзін з якіх вельмі рана памёр.
Прафесійная праца і шматлікія хатнія клопаты не перашкаджалі маладой жанчыне займацца грамадскай дзейнасцю. Акрамя школьнай дзявочай гарцэрскай дружыны, яна апякала і каманду зухаў, у якую ўваходзілі вучні малодшых класаў, і пазашкольную гарцэрскую каманду, і каманду былых гарцэрак, якія сталі дарослымі і абзавяліся сем’ямі. Яна ладзіла злёты, паходы і экскурсіі, спявала ў касцельным хоры, заўжды прыходзіла на дапамогу.

Крэўскія гарцэркі на экскурсіі па вул. Зарэчнай. Фота 1930-ых гадоў.
Поўнае планаў жыццё перарвала Другая сусветная вайна. Муж Ірэны, з’яўляючыся афіцэрам рэзерву, трапіў у савецкі палон і апынуўся ў лагеры для польскіх ваеннапалонных у Старабельску Варашылаваградскай вобласці. Саму яе, як жонку польскага афіцэра, 13 сакавіка 1940 года саслалі разам з пяцігадовым сынам Мар’янам у Казахстан…
Пра нялёгкае жыццё ў гэтым далёкім краі Ірэна Бандаровіч пазней распавядзе ў сваіх успамінах, для назвы якіх возьме словы з адной польскай песенькі – “Gdzieś daleko stąd został rodzinny dom” (“Недзе далёка адсюль застаўся родны дом”).
Ірэна да апошняга дня свайго выгнання не ведала, што Вінцэнт Бандаровіч быў расстраляны яшчэ ў 1940 годзе, хутка пасля яе адпраўкі ў Казахстан.
Адкуль мянушка Біскуп Казахстана
Ужо ў 1941 годзе Ірэну амніставалі, аднак у родным краі ішла вайна, і ёй прыйшлося застацца на чужыне. Каб пракарміць сябе і сына, жанчыне даводзілася цяжка працаваць, спачатку ў калгасе, затым на будоўлі чыгункі Акмалінск — Карталы. Часам даводзілася выходзіць на працу ў 50-градусны мароз.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці, з уласцівай ёй энергіяй Ірэна Бандаровіч бярэцца арганізоўваць у асяродку выгнаннікаў-каталікоў разнастайныя сустрэчы і святы, крыжовыя дарогі і маёвыя песнапенні.
Біскуп Казахстана – такую жартаўлівую мянушку атрымала яна за тое, што ва ўмовах адсутнасці ксяндзоў на тых абшарах патаемна выконвала некаторыя святарскія функцыі: ладзіла сціплыя набажэнствы, хрысціла, адпявала памерлых, нават спраўляла шлюбы.
Дзякуючы педагагічнай адукацыі, Ірэне Бандаровіч удаецца ўладкавацца на працу ў польскі дзіцячы прытулак у Атбасары. Там жа яна бярэцца адраджаць і гарцэрскі рух.
У маі 1946 года разам з выхаванцамі дзіцячага дома Ірэна з сынам перабіраюцца ў Польшчу. Пасяляюцца ў Торуні, дзе да гэтага жылі яе маці і сёстры.
Першы час Ірэна Бандаровіч працуе інструктарам у аддзеле асветы, затым кіруе школай для працоўных. Пазней вяртаецца да настаўніцкай працы ў сярэдняй школе. Наведвае тэатральныя курсы, вучыцца ў Інстытуце вышэйшай рэлігійнай культуры ў Любліне. З галавой акунаецца ў гарцэрскі рух, удзельнічае ў гэтак званым “Саюзе Сібіракоў”, які аб’ядноўвае былых ссыльных, і ў руху “Салідарнасць”. І да самай смерці працягвае быць каталіцкай актывісткай.
Памерла Ірэна Бандаровіч 2 кастрычніка 2004 года ва ўзросце 95 год. У касцёле, да парафіі якога яна належала, усталяваная мемарыяльная таблічка ў гонар гэтай няўрымслівай і актыўнай асобы, жыццё якой можа быць прыкладам аптымізму, веры, любові да бліжняга і да Радзімы.
Фотаздымкі забяспечаныя аўтарам.



