weather 0° Маладзечна
weather 0° Вілейка
weather 1° Смаргонь
weather 0° Ашмяны
weather -1° Валожын
weather 0° Мядзел
weather 1° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4136
1 долар 2.1204
100 рас.руб. 3.2021
03.12.2018 10:45 ,

“Калі прыляцела ў Тэгеран, я проста расплакалася”. Маладзечанка расказвае, якой краінай аказаўся Іран

Настасся Курмянёва. Фота забяспечана аўтарам.

Настасся Курмянёва з Маладзечна некалькі месяцаў жыве ў Іране. Ці спраўдзіліся стэрыятыпы пра гэтую ўсходнюю краіну і як яна з мужам будуе сваю казку 1000 і адной ночы, жанчына распавяла для чытачоў “Рэгіянальнай газеты”.

Кожны раз, праходзячы ля акна, я на секунду заміраю і ўглядаюся ў горы, што атачаюць Тэгеран. Ужо чатыры месяцы я ў Іране, але да гэтага часу часам не верыцца, што мы з мужам пераехалі жыць у гэтую краіну.

Год вучылася ў ЗША

Я родам з Маладзечна, тут жывуць мае бацькі. Калі я была маленькай, маме Галіне  Валяр’янаўне было вельмі важна аддаць мяне ў школу з вывучэннем англійскай мовы. Так я апынулася ў  школе №6, цяпер гэта гімназія.

Можна сказаць, выбар быў лёсавызначальным. У дзявятым класе я стала фіналісткай праграмы па абмене студэнтамі і на цэлы навучальны год з’ехала ў ЗША. Праз 15 гадоў досвед жыцця ў чужой краіне і ўменне адаптавацца вельмі спатрэбіцца мне тут, у Іране.

Пасля школы паступіла ў Мінск у БДЭУ і скончыла факультэт прамысловага маркетынгу. Пасля – магістратуру ў гэтым жа ўніверсітэце. Азіраючыся назад, я разумею, што заўсёды любіла вучыцца. Нават у незнаёмым Іране знайшла моўны інстытут для замежнікаў і запісалася на курсы фарсі – персідскай мовы.

Муж скарыў сур’ёзнасцю

З мужам мы пазнаёміліся пасля чацвертага курса ўніверсітэта на дні нараджэння лепшай сяброўкі. Андрэй ужо назаўтра патэлефанаваў і сказаў, што змяніў мабільнага аператара, каб мы маглі часцей размаўляць. Адным словам, падышоў да справы з усёй сур’ёзнасцю, чым мяне і падкупіў.

Муж Андрэй.

З таго моманту прайшло ўжо восем гадоў, і я ведаю, што ў любой сітуацыі магу цалкам даверыцца яму. Мабыць, таму досыць лёгка і пагадзілася на ўсю гэтую авантуру з пераездам.

Але ўсё ж навіна аб пераездзе менавіта ў Іран стала для нас поўнай нечаканасцю. Мой муж працуе ў замежнай кампаніі ў сферы фінансаўю. Мы заўсёды разумелі, што можа з’явіцца магчымасць з’ехаць. Але вельмі хацелі, каб гэта была якая-небудзь еўрапейская краіна.

Калі муж сказаў пра Іран, я не паверыла

Выдатна памятаю той лістападаўскі вечар. Муж вярнуўся дадому, зайшоў у пакой і сказаў, што яму прапанавалі пасаду ў Іране. І больш за тое, ён збіраецца гэтую прапанову прыняць. Я сядзела ў крэсле і паўтарала, што гэта зусім нясмешны жарт.  Дапытвалася, у якую ж краіну мы едзем на самой справе. Яму давялося паўтарыць раз пяць, што мы едзем у Іран, перш чым я ўсвядоміла, нарэшце, што гэта праўда.

Першае, што я зрабіла – адкрыла інтэрнэт і набрала ў пошукавіку: «У чым ходзяць жанчыны ў Іране?». Аказалася, Іран – адзіная краіна ў свеце, дзе строгія патрабаванні дрэс-кода распаўсюджваюцца і на іншаземак. Абавязкова пакрываць галаву хусткай і насіць доўгую вопратку.

Другое, што я даведалася пра гэтую краіну – сабакі тут лічацца нячыстымі жывёламі. Увозіць іх складана, а значыць, нам прыйдзецца пакінуць свайго любімага гадаванца ў Беларусі. І я сказала мужу, што нікуды не еду.

Усё, што мы ведаем пра Іран – стэрэатыпы

Калі першыя эмоцыі сцішыліся, мы селі і сталі думаць. Што будзе лепш для нас як для сям’і і каманды, якія перспектывы нам адкрываюцца і якія цяжкасці могуць паўстаць. Пытанне стаяла – альбо мы едзем разам, альбо не едзе ніхто. Жыццё на дзве краіны нават не абмяркоўвалі.

У канцы лістапада нам арганізавалі гасцявы візіт у краіну, каб мы маглі ўсё ўбачыць на ўласныя вочы, а ўжо потым прыняць канчатковае рашэнне. Мы глядзелі з акна самалёта на велізарны Тэгеран з насельніцтвам больш за 15 мільёнаў і абмяркоўвалі, як жа нас сустрэне горад, пра які амаль нічога не ведалі.

Усе нашы блізкія, калі даведваліся пра Іран, казалі адно і тое ж: пра вайну, небяспечнасць, тэрарыстаў, краіну трэцяга свету, нецывілізаванасць і ядзерную зброю. Аказалася, усё, што мы ведаем пра Іран – стэрэатыпы, якія трывала заселі ў галаве. Першае, што адразу ж кідаецца ў вочы – наколькі іранцы ветлівыя. Я б сказала, ветлівасць тут ўзведзеная ў культ, з-за чаго не раз трапляла ў розныя кур’ёзныя сітуацыі.

Іранцы дзіка ветлівыя

Ёсць у Іране такая з’ява як тароф – празмерная ветлівасць.

Напрыклад, еду я ў таксі, кіроўца ўсю дарогу захоплена нешта распавядае, канешне, на фарсі. Я нічога не разумею і проста ўсміхаюся. Ён увесь час пазірае на мяне ў люстэрка. Прыехалі, працягваю грошы, а ён на ўсю моц адмаўляецца, маўляў, ты што, якія грошы, ты мой госць і табе праезд бясплатна. Вось гэта і ёсць тароф.

Нейкая дзікая ступень іранскай ветлівасці, на якую ні ў якім разе нельга згаджацца. Я кіроўцу тры разы павінна грошы прапанаваць, ён тры разы адмовіцца. Сысці не заплаціўшы было б вельмі вялікім грубіянствам з майго боку.

Такая ж сітуацыя з кампліментамі. Нельга сказаць дзяўчыне, якое ў яе прыгожае ўпрыгожванне. Інакш ёй тут жа давядзецца з сябе яго зняць і прапаноўваць табе ў падарунак. Згаджацца нельга, хоць ўгаворваць будуць настойліва, бо гэта зноў той самы тароф. Таму трэба гаварыць, як гэта ўпрыгожванне глядзіцца прыгожа на ТАБЕ, разумееце розніцу?

Лепшае, што ёсць у гэтай краіне – людзі. Настолькі прыязныя і ветлівыя, што мы кожны раз дзівімся, праўда! Калі ты спытаў у мінака адрас, а ён не ведае ці не гаворыць па-англійску, ён пакліча яшчэ дзесяць чалавек. Яны пачнуць замест цябе тэлефанаваць у гэтае месца і ўдакладняць, як туды прайсці, будуць крычаць на ўсю вуліцу, каб знайсці каго-небудзь англійскамоўнага. А потым усёй кампаніяй будуць сачыць, каб вы дакладна дабраліся да патрэбнага адрасу.

Нам з мужам бывае часам няёмка ад такой увагі. Або вось яшчэ дзіўная гісторыя. Муж знайшоў тут добрага таксіста. Тэлефануем яму, калі трэба ў горад па справах. Нядаўна ён запрасіў нас на сваё вяселле. Вось яна, сапраўдная ўсходняя гасціннасць.

Зразумела, чаму плакала

Так атрымалася, што Андрэй паляцеў з Беларусі на тры месяцы раней за мяне, таму ў падарожжа Мінск-Тэгеран я адправілася адна. Калі ў самалёце абвясцілі, што ідзем на пасадку, я нечакана для самой сябе расплакалася. І плакала горкімі слязьмі аж да пашпартнага кантролю. Пры гэтым я вельмі ўважліва да сябе прыслухоўвалася, каб зразумець прычыну. Бо нейкай моцнай непрыязнасці да краіны і пераезду ў мяне не было.

І потым зразумела, што плачу, таму што ўжо ніколі не вярнуся ранейшай. Я стану іншай, вырасту, змянюся. А рост – ён жа заўсёды праз боль. Чамусьці мне было па-вар’яцку балюча гэта ўсведамляць, як быццам губляю часцінку сябе, хоць мне і вельмі хацелася перажыць увесь гэты досвед.

У Іране мы на тры гады, пакуль не скончыцца кантракт у мужа на працы. Магчыма, пасля Ірана будзе нейкая іншая краіна і новы праект. Таму хочам выціснуць, калі можна так выказацца, з гэтай краіны па максімуму і ператварыць наш пераезд у чароўную прыгоду, напісаць сваю казку пра 1000 і 1 ноч у Персіі.

Горы, мора, госці

У планах наведаць самыя вядомыя гістарычныя месцы, убачыць разнастайнасць прыроды. Іранцы вельмі любяць сваю краіну, яны часта падарожнічаюць ад поўначы да поўдня, даследуючы кожны куток.

Тут няма клубаў або бараў, танцы забароненыя, нават спяваць жанчынам на публіцы не дазволена.

Таму самы любімы занятак мясцовых – адправіцца ў горы ці ў пустыню, або паехаць да Каспійскага мора. У нас ужо з’явіліся добрыя знаёмыя сярод мясцовых, і яны з вялікім задавальненнем паказваюць нам Іран, запрашаюць на хатнія вечарынкі і наогул гатовыя дапамагчы ў любы момант. Вельмі шчырыя і добрыя людзі жывуць у гэтай дзіўнай краіне.

У свеце няма межаў

На сваёй старонцы ў Інстаграм я паказваю, чым і як жыве гэтая краіна. Мне хочацца, каб тое, чаму вучуся і дзіўлюся тут я, стала вядома большай колькасці людзей. Я веру, што ў свеце на самой справе няма межаў, няма сваіх і чужых, што паміж намі ўсімі так шмат агульнага.

Жанчыны ў Іране цалкам свабодныя, яны заканчваюць універсітэты, уладкоўваюцца на кіруючыя пасады, водзяць машыну, маюць права на развод. Усё, як і ў Беларусі.

Так, жанчыны абавязаны выконваць нормы мясцовага дрэс-кода, але з кожным годам патрабаванні становяцца ўсё больш лаяльнымі. Ужо можна насіць рваныя джынсы, адкрываць рукі па локаць і нават паказваць валасы, зскінуўшы хустку на макушку.

Вядома, Іран – не самая простая краіна для жыцця. Многія рэчы падаюцца чужымі, незразумелымі, дзіўнымі. Нават могуць выклікаць адмаўленне і непрыманне, асабліва па першым часе. Але магу з упэўненасцю сказаць, што кожны новы дзень тут робіць мяне больш мудрай і стрыманай, пашырае межы майго ўспрымання і прымушае зразумець многія рэчы не толькі пра гэтую краіну, але і пра саму сабе, мужа, нашы адносіны, пра жыццё ў цэлым.

Я вельмі шчаслівая, што мы з Андрэем апынуліся дастаткова смелымі, каб вырашыцца на такі важны крок. Бо Іран, як шчодры сябар, дорыць нам столькі, што толькі паспявай быць удзячным.

Цікавыя факты пра Іран

  • Цяпер тут 1397 год.
  • Выхадныя ў Іране – чацвер і пятніца.
  • Новы год адзначаюць у сакавіку.
  • Пляжы для мужчын і жанчын асобныя. На сумесных жанчынам неабходна апранаць буркіні – купальны касцюм для мусульманак.
  • Хлопчыкі і дзяўчынкі ў школе вучацца асобна, ва ўніверсітэце ўжо сумеснае навучанне.
Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце