weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 2° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 2° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4582
1 долар 2.1556
100 рас.руб. 3.2282
09.12.2018 14:30 ,

Хочаце даведацца імя нарачонага – чысціце яблыкі. У Маладзечне правялі вечар польскай культуры з варажбой

Дзяўчаты ў імкненні даведацца імёны нарачоных.

Днямі ў суседняй Польшчы адзначалі Анджэйкі і Катажынкі – святы, на якія дзяўчаты і хлопцы варожаць на нарачоных, а таксама на будучыню.

Таму выкладчыкі польскай мовы са сталіцы Моніка Уранэк, Сяргей Стралкоўскі, Аляксандра Парахня і выкладчыца чэшскай Уладзіміра Салашкова вырашылі правесці ў «Адкрытай прасторы» вечар польскай культуры з варажбой.

Сапраўдная пустыня і высокі штраф для безбілетнікаў

Перад асноўнай часткай імпрэзы адзін з вядучых, пан Сергіуш, правёў віктарыну, каб праверыць, што ведаюць гледачы пра Польшчу.

З віктарыны мы даведаліся, што ў Польшчы ёсць сапраўдная пустыня – Блэндаўская. Яе плошча – дзесяць на чатыры кіламетры.

Пераважная большасць гледачоў — дзяўчаты і жанчыны.

Напэўна, кожны, хто збіраецца ў гэту краіну, улічыў, што на грамадскім транспарце ў Варшаве лепш не ездзіць зайцам. Таму што за безбілетны праезд вы там заплаціце 266 злотых, а гэта каля 70 долараў.

Усё гатова да варажбы.

Адкрылі для сябе, што, аказваецца, у Польшчы ёсць мясціна, дзе на афіцыйным узроўні можна звяртацца ва ўстановы па-беларуску і на нашай роднай мове атрымаць адказ. Гэта горад Гайнаўка на мяжы з Беларуссю.

Як сёлета найчасцей называлі дзяцей у Польшчы

Сёлета за першае паўгоддзе найбольш папулярнымі мужчынскімі імёнамі ў Польшчы сталі Антоні, Якуб і Ян, жаночыя – Сусана, Юлія, Зоф’я.

Таксама ўзнавілі ў памяці, што ад 1989 года ў палякаў шосты прэзідэнт, што чатыры прадстаўнікі краіны атрымалі Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Што жужаль – гэта не жук, а распаўсюджаны від спорту ў Польшчы – гонкі на матацыклах.

На Катажынкі варожаць менш

Полька пані Моніка, што жыве ў Беларусі чатыры гады, распавяла, якія восеньскія абрадавыя святы адзначаюць на яе радзіме. Гэта Дажынкі, Дзяды, Задушша, Катажынкі і Анджэйкі. Заўважыла, што свята Дзяды часткова выцясняе Хэлаўін.

Святы Катажынкі (з 24 на 25 лістапада) і Анджэйкі (з 29 на 30 лістапада) традыцыйна звязаныя з варажбой. На Катажынкі варажылі хлопцы, на Анджэйкі – дзяўчаты. Сёння ўсё радзей варожаць на будучага мужа або жонку.

Часцей людзі хочуць даведацца пра сваю будучыню. Абрады – універсальныя. Варажыць могуць і мужчыны, і жанчыны, і дзеці, і дарослыя. І ўсё ж, па словах Монікі, на Катажынкі ўжо амаль не варожаць. Традыцыя захавалася на Анджэйкі.

Віншуем знаёмых Анджэяў

Адкуль назва свята? Яно названае ў гонар святога Анджэя, імяніны якога прыпадаюць на 29-30 лістапада.

– У нас, палякаў, асабліва ў дарослых, імяніны – больш важнае свята, чым дзень нараджэння, – распавяла Моніка. – У гэты дзень віншуем усіх Анджэяў. Імя ў Польшчы распаўсюджанае, таму амаль у кожнага ёсць такі знаёмы.

Аляксандра Парахня (злева) дапамагае дзяўчатам даведацца пра будучыню.

На Анджэйкі, па народных прыкметах, палякі вызначаюць, якім будзе надвор’е зімой. Напрыклад, калі 29-30 лістапада ёсць снег, то ён будзе ляжаць яшчэ сто дзён.

І нарэшце пачалося самае цікавае

Пасля інфармацыйнай часткі нарэшце надышоў час варажбы. Імя будучага жаніха дзяўчаты даведваліся з дапамогай скуркі яблыка. Зразалі яе, як мага даўжэйшую, кідалі праз левае плячо і глядзелі, якія літары складуцца.

Укладанне ботаў.

Паўдзельнічалі і ва ўкладванні ботаў. Дзяўчаты ставілі па свайму боціку адзін за адным, перастаўляючы апошні наперад. Чый першы крануўся парога, тая першай і выйдзе замуж.

Пан Сергіуш дапамагае дзяўчатам даведацца, як будуць зваць будучага мужа.

Каб даведацца імя нарачонага і сваю будучыню, праколвалі папяровае сэрца, высыпалі на стол шпількі, выбіралі адзін кубачак з пяці. А яшчэ лілі воск у ваду праз дзірку ў ключы. Ключ – для таго, каб адчыніць дзверы ў тагасвецце.

Я з дочкамі, Юляй і Варварай, таксама далучылася да магічнага працэсу. У выніку ў Юлі з воску атрымалася ваза з кветкамі, у Варвары – паравоз, а ў мяне… Зрэшты, няхай гэта будзе маім сакрэтам.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце