weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 2° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 2° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4582
1 долар 2.1556
100 рас.руб. 3.2282
11.12.2018 08:00 ,

Круглы стол: «Ката падчас адлову забілі на нашых вачах». Што варта рабіць, каб скараціць колькасць бадзяжных жывёл

Як зрабіць так, каб не было небяспекі ад бадзяжных жывёл і каб не дапускаць негуманных адносінаў на іх? Адначасова два права сутыкнуліся ў гэтым пытанні. З аднаго боку, мы маем права на гуманнасць да жывёл. Але бадзяжныя жывёлы – пераносчыкі хвароб і паразітаў.

У той жа час, наколькі гуманна забіваць кошак і сабак? Магчыма, стэрылізацыя і вакцынацыя бадзяжных жывёл змогуць выправіць сітуацыю? Які спосаб задаволіць адначасова і правы людзей на бяспеку і здароўе і правы на гуманныя адносіны да жывёл?

Паразважаць пра тое, як вырашыць гэтыя праблемы, мы запрасілі жыхароў нашага рэгіёна на круглым стале “Мы маем права на гуманнасць да жывёл”.

У абмеркаванні ўдзельнічалі маладзечанка Святлана Булкіна – ветэрынарны доктар клінікі “Ветдапамога”. У клініцы яна дапамагае бадзяжным жывёлам, праводзіць льготныя стэрылізацыі. Хоча, каб у Маладзечне нарэшце з’явіўся пункт ператрымкі кошак і сабак. Алена і Ігар Крэйнісы з Валожыншчыны трымаюць “Зоагатэль”, дзе займаюцца ператрымкай жывёл. Таксама дапамагаюць бадзяжным кошкам і сабакам, лечаць іх, знаходзяць гаспадароў. Часта за мяжой. Ларыса Трафімава з Маладзечна займаецца валанцёрствам амаль 20 гадоў. Яна марыць, каб безгаспадарных жывёл перасталі забіваць на вуліцах.

Прадстаўнік “Камунальніка” на круглым стале прысутнічаць не змог, але выказаў сваю пазіцыю перад сустрэчай. Ветэрынарны фельчар спецаўтагаспадаркі УП «Камунальнік» Анатоль Барановіч з бадзяжнымі жывёламі сустракаецца часта. Яго пазіцыю напачатку круглага стала мы агучылі ўдзельнікам сустрэчы.

 

Ці існуе праблема бадзяжных жывёл

– Такіх жывёл адлаўліваюць, каб папярэдзіць распаўсюджванне хваробаў, напрыклад, стрыгучага лішая ці шаленства. Пару тыдняў таму па Вялікім Гасцінцы знайшлі ката, ён пакусаў чалавека, экспертыза пацвердзіла шаленства. У летніку “Даманава” таксама нядаўна быў падобны выпадак. Мы не вядзём улік, колькі бадзяжных жывёл на вуліцы, бо ў горадзе шмат прыватнага сектару. Летась адлавілі 800 кошак і 600 сабак.

Ці падтрымлівае працу валанцёраў

– Валанцёры прапаноўваюць проста стэрылізаваць жывёл. Але тыя ж  хваробы кошкі і сабакі працягваюць пераносіць, а яшчэ і пладзяцца. Пасля стэрылізацыі жывёл выпускаюць, яны жывуць па падвалах. Пераносяць блох. Людзі пастаянна скардзяцца ў Цэнтр гігіены, што не зайсці ў падвал, кусаюць блохі. Тыя прапаноўваюць спачатку адлавіць катоў.

Было б добра, каб пытанне вырашылася да канца і стварылі пункт, адкуль жывёл дакладна забіраюць. Каб сам жыў у прыватным доме, з задавальненнем бы завёў жывёлу.

 

Як вырашаюць праблему бадзяжных жывёл

– Выязджаем па графіку на адлоў. Ловім у тых месцах, дзе няма людзей. Сядзіць жывёла здаровая, але ўжо заўтра можа захварэць. Калі-нікалі пародзістых не бяром. Хаця згодна з “Правіламі ўтрымання дамашніх сабак, кошак, а таксама адлову бадзяжных жывёл у населеных пунктах”, калі жывёла мае ашыйнік, дагледжаная, але знаходзіцца на вуліцы без гаспадара, яе трэба адлавіць.

Тых, каго адлавілі, у клеткі, што ёсць за горадам, завозім рэдка. Няма брыгады, каб карміць і даглядаць іх там. Таму цяпер у клетках ніхто не жыве. Калі адлавілі здаровую жывёлу, вязём у гарадскую ветстанцыю, там шукаюць, каму аддаць сабаку ці кошку.

Як ставяцца да праблемы бадзяжных жывёл

Ларыса Трафімава: Праблемай стала займацца ад 2000 года. Вярталіся дадому, камунальная служба якраз адлаўлівала жывёл. Ката, якога злавілі, забілі на нашых вачах. Пасля гэтага стала карміць жывёл ля адной з крам, вяла картатэку – у ёй было прыкладна 360 жывёл. Потым пераехала ў другую кватэру.

У валанцёрстве мне дапамагае сын, удзельнічаюць муж і сябры, акружаюць тыя, хто разумее праблему бадзяжных жывёл. Мужчын гэтая праблема таксама хвалюе, толькі дзеляцца на сабачнікаў і кашатнікаў.

Дрэнна, калі ідзе па вуліцы чатырохгадовы хлопчык, штурхае ката нагамі, кажа “псік”. Дрэнна, калі пасля забітага падчас адлову ката шасцігадовая дзяўчынка пытаецца ў маці: “Калі я пайду на вуліцу, мяне таксама заб’юць?” Каты не ўваходзяць у групу небяспечных жывёл, імі лічацца сабакі. Катоў варта вакцыніраваць, стэрылізаваць і выпусціць у прыроду.

Адзін з камунальных работнікаў расказваў мне, што пасля адлову жывёл  кідаюць у ямы Бекары. Але час ад часу туды трапляюць і жывыя, і яны ядуць адзін аднаго.

Ямы Бекары – біятэрмічныя ямы, у якія загружаюць трупы жывёл. Для абеззаражвання іх засыпаюць каўстычнай содай.

У ЗША жорсткае абыходжанне з жывёламі адносіцца да цяжкага злачынства і караецца зняволеннем. У Германіі абарона жывёл прапісаная ў канстытуцыі. Нават у Ватыкане у сабак прызналі існаванне душы.

Алена Крэйніс: У нас сямейны бізнэс у вёсцы Алешчаняты, што на Валожыншчыне. Займаемся ператрымкай жывёл, лечым, даглядаем, знаходзім гаспадароў.

Аднаго з нашых гадаванцаў – Сэфа – людзі злавілі, бо падумалі, што воўк. Заматалі скотчам галаву і лапы. Высветлілі, што гэта сабака, не шалёны, вельмі ласкавы. Цяпер у Сэфа асобны вальер.

У прамзоне Мінску знайшлі лысага сабаку Цімура, у драпінах і шрамах, у жудасным стане. Цяпер ён цалкам здаровы. Але ж яго спакойна маглі забіць камунальныя службы.

З юрыдычнага пункту гледжання любы сабака ці кот – уласнасць, рухомая маёмасць. Калі прапаў сабака – вінаватая, не дагледзела. Але чаму “Камунальнік” бярэ на сябе права распараджацца маёй маёмасцю? Сабакі бываюць вельмі дарагія.

У нас ёсць пудзель, чэмпіён Польшчы, Расіі, некалькі разоў Беларусі. Прыяздзжаем на спаборніцтвы, ён абараняе гонар краіны. Сабака з нашымі рэгаліямі каштуе ад пяці тысяч еўра, ён застрахаваны. Пытанне да “Камунальніка”, калі яны забіваюць усіх, хто аплаціць шкоду, забіўшы майго пудзеля?

Нядащна ў Мінску ў пад’ездзе дзяўчынку пакусаў пацук. Давайце заб’ем усіх кошак – і людзей пачнуць кусаць пацукі.

У Парыжы таксама была праблема з бадзяжнымі жывёламі. Французы ішлі па шляху знішчэння катоў, а атрымалі эпідэмію грызуноў. А яны ж пераносяць чуму і халеру.

Кошку дастаткова стэрылізаваць, вакцыніраваць і вынесці ў падвал.

Ігар Крэйніс: Вернемся да пацукоў. Ад іх яшчэ больш гадасці будзе, чым ад катоў. І блохі, і кляшчы, шаленства, чума, халера. Для кантролю папуляцыі кошак ці сабак патрэбна толькі стэрылізацыя. Ці каб гаспадары не выпускалі іх на “самавыгул”, дзе яны цяжараюць.

Быў выпадак, збегла кошка, нарадзіла ў падвале, выкарміла кацянят, яе пусцілі дадому, а дзяцей пакінулі. Сталі дзікімі.

Мы звярталіся на буйныя прадпрыемствы, на кожным з іх ёсць бадзяжныя каты. Каб дапамаглі грашыма, хаця б па дзесяць капеек дал – вылавілі ката і прынеслі на аперацыюі. Адмовіліся, нікому гэта не трэба.

Святлана Булкіна

Святлана Булкіна: Я дапамагаю стэрылізацыяй. Але ў нас закон такі, калі жывёла без гаспадара на вуліцы, што б на яе не апранулі, сукенку ці залатыя завушніцы, усё роўна могуць забіць. У клініцы стэрылізуем, адразаем трохвугольнік вуха, пасля аперацыі жывёла становіцца ласкавай, ідзе да рук. Але шанцаў на жыццё пасля аперацыі камунальныя службы ім ўсё роўна ім не даюць. Мы стэрылізавалі ўсіх жывёл па Прытыцкага, цяпер нікога там няма. Наўрад ці разабралі, лічу, што забілі.

Па Законе, калі адлаўліваюць жывёл, павінны страляць тымі прэпаратамі, якія ўсыпляюць, а не забіваюць. І ўтрымліваць такую жывёлу пяць дзён. Гэтага дастаткова, каб знайсці гаспадара ці ператрымку.

А яшчэ няма памяшкання, у якім могуць размяшчацца жывёлы. Валанцёры бы прыносілі ежу, даглядалі за катамі і сабакамі.

Кажуць, забіваюць дзеля палепшання становішча з хваробамі. Што тычыцца шаленства, валасы ўстаюць дыбам, колькі яго сёлета. Некалькі тыдняў таму прыйшла да мяне жанчына, сказала, што яе ноччу пакусаў кот. Патэлефанавала ў ветстанцыю, спыталася, што рабіць з жывёлай. Памяшкання для ізаляцыі няма, мне параілі аддаваць ката гаспадарам. Але куды ж хворага. Кот праз дзень здох, шаленства пацвердзілі.

Разумею, што стандартны прытулак не варыянт, на яго ніхто не дасць грошай. Такі, дзе старыя і скалечаныя жывёлы знаходзяцца. Але хаця б “перавалачны” пункт павінен быць.

Як можна дапамагчы бадзяжным жывёлам

Святлана Булкіна: Калі з’явіцца памяшканне, пасля пяці дзён ператрымкі жывёл можна ўсыпляць. Гэта не назапашвальны цэнтр. Думаю, працэнт усыплення будзе маленькі, за гэты час магчыма знайсці як мінімум ператрымку на месяц-два. Валанцёраў знойдзем. Ад горада патрэбныя толькі памяшканне і клеткі. Інфармацыя, грошы,  дактары і валанцёры ёсць.

У нашай клініцы ў людзей ёсць магчымасць дапамагчы бадзяжным жывёлам. Мы паставілі скарбонкі, у якія збіраем грошы для бясплатнай стэрылізацыі катоў і сабак. Кожны можа заплаціць ад 50 капеек да 10 рублёў і атрымаць так званую “дабралапку”. Яе трэба кінуць у скарбонку. Для стэрылізацыі адной кошкі патрэбна 30 “дабралапак”. Скарбонкі мы зрабілі празрыстымі, каб людзі бачылі, колькі засталося.

 

У любым выпадку жывёл будзе менш. Сёння мы стэрылізавалі цяжарную кошку, яна не нарадзіла васьмярых кацянят. Па вясне гэтыя кацяняты не народзяць яшчэ па восем. Пытанне часу. Год, два, дзесяць, і становішча палепшыцца. Чым больш жывёлы будуць нараджаць, тым больш “Камунальніку” прыйдзецца адлаўліваць. Лепш выдраць карэньчык, чым пастаянна зрываць лісцікі.

Таксама хацелі зрабіць цёплыя домікі для жывёл у горадзе. У Кобрыне яны ўжо ёсць. Санстанцыя не дазволіла. Маўляў, будзе бруд. Не прасілі ў іх грошай, усё знайшлі, чаму ў Кобрыне можна, а тут не?

Ларыса Трафімава: Ад адной кошкі ў пірамідзе бывае 86 мільёнаў кацянят за дзесяць гадоў. Ад сабакі – 61 мільён шчанюкоў. Калі іх своечасова не стэрылізаваць.

Алена Крэйніс: Праблема, што ў нас няма пляцовак для выгула. Была ў Нью-Ёрку. У цэнтры – спартыўная і дзіцячая пляцоўкі. І сабачая для выгула побач. А ў нас абсталяванага выгула няма.

Ігар Крэйніс: Улады збіраюць з людзей падаткі, варта нешта даваць замест. Пляцоўку для выгула, пакеты для спаражненняў развесіць, як гэта ва ўсім цывілізаваным свеце робіцца. Ды і людзям варта не даваць гадаванцам гуляць адным. Прыйшлі на пляцоўку з сабакам, адшпілілі ланцужок, выпусцілі на агароджаную пляцоўку. Пагуляў сабака, прышпілілі – вядзеце дадому. Не сам сабака павінен бегчы.

 

Як пераклікаюцца правы людзей і жывёл

Святлана Булкіна: Паглядзела, як збіраюць грошы на лячэнне жывёл у Мінску. За тое, каб аднаму бадзяжнаму кацяню ў клініцы выдалілі абодва вока, людзі заплацілі 290 рублёў. Збіралі ў сацсетках “з міру па нітцы”. Праз два дні вачніцы наліліся гноем. Пішу ім, навошта столькі грошай аддалі? Я б і за 50 рублёў зрабіла. Адказваюць, што не эканомяць на жывёлах. І ў чым сэнс такой эканоміі? Дзе гуманнасць?

Алена Крэйніс: Людзі чуллівыя, але яны не хочуць дапамагаць абстрактнаму фонду, жадаюць дапамагчы канкрэтнаму кацяню. Думаюць, што бясплатна ці танна – заўсёды дрэнна.

Яшчэ ў чалавека сабака вінаваты апрыёры, ён заўсёды злы. Мой пудзель выставачны, падстрыжаны, чысты, ад яго духамі французскімі пахне. Але для людзей гэта “злы, блахасты сабака”. Трэба зрабіць, каб ніхто не мог так казаць. Каб ні адзін чалавек не заўважыў вам, што ваш сабака пакінуў спаражненне на газоне. Нахіліся і падбяры.

А яшчэ нашы дзеці павінны бачыць гуманнае стаўленне да жывёл. Варта тлумачыць і ім, і дарослым, як сябе весці з жывёламі. Часта бачу, як бацькі кажуць дзіцяці “Не чапай сабаку, укусіць”. Нельга даваць адмоўны досвед адразу. Варта сказаць “Не трэба сунуць рукі толькі таму, што сабака прыгожы. Сабакі бываюць розныя”. Сабака ніколі не вінаваты ў тым, што ўкусіў, вінаватыя людзі.

Ігар Крэйніс: Трэба пачынаць з малага, з адносінаў да жывёл. Яны потым праектуюцца на людзей.

Нядаўна чытаў артыкул пра тое, як дзяўчынцы з рэдкай хваробай адмовілі ў лячэнні за мяжой, аргументавалі словам “немэтазгодна”. А каго тады лячыць? Як можна адмовіць дзіцяці? Таксама могуць адказаць і ў “Камунальніку”: “Немэтазгодна даваць пяцідзённую затрымку”. Яны бяруць на сябе права вырашаць, каму жыць, каму не. Дайце хаця б шанец. Разумею, калі ловяць забойцаў. Жывёлы ж нават абараніць сябе не могуць.

Лічу, сітуацыю з адловам не выправіць, пакуль не будзе рэгістрацыі і чыпіравання ўсіх жывёл. Чыпам называюць электронную версію кацінага або сабачага дакумента. Калі кошку ці сабаку адлавілі, па чыпу можна пабачыць, што жывёла вакцынаваная, стэрылізаваная. Калі “Камунальнік” забівае чыпіраванную жывёлу, варта звярнуцца ў суд.

 

Па Законе рэгістраваць жывёл павінен кожны. Але ў Валожыне на дзесяць тысяч насельніцтва зарэгістравана 18 сабак.

Ларыса Трафімава: Наконт кошак, на падставе пастановы Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ад 29 снежня 2001 года «Аб парадку і дзейнасці арганізацый па адлове, адстрэле, утрыманню і эўтаназіі бадзяжных жывёл» павінен весціся ўлік адлоўленых жывёл. Кошак і сабак, што маюць жэтоны, трэба ўтрымліваць асобна. Любую жывёлу могуць аддаць чалавеку, калі ён прыйшоў з пашпартам і сказаў, што хоча забраць кошку ці сабаку. Мяркую, трэба друкаваць аб’явы пра адлоў загадзя, напрыклад, што ад 1 па 10 снежня адлоў будзе ў гэтым раёне. А яшчэ варта не дапусціць гібелі жывёл у падвале.

Па законе, ад 1 лістапада 2016 года ў кожным падвале на адным з акон павінны ўстанавіць дверцу, якая свабодна адкрываецца вонкі. Гэта патрэбна для таго, каб жывёлы, што жывуць у падвале, маглі выйці. У гэтым і праяўляецца права быць гуманнымі да жывёл.

Ёсць такі выраз для праверкі на чалавечнасць. Тры словы “забіць нельга лавіць”. Пастаўце коску.

Фота аўтара.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце