weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 2° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 2° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4582
1 долар 2.1556
100 рас.руб. 3.2282
23.12.2018 09:32 ,

Ляжаў у рэанімацыі ў майцы ўлюбёнага “Дынама”. Заўзятар “зуброў” пра новага трэнера, гульню з хакеістамі і адносіны з іх жонкамі

Фота забяспечанае Ігарам Бажко.

Заўзятарам Ігар Бажко стаў чатыры гады таму, ад дня заснавання клуба “Дынама-Маладзечна”, які збіраў яшчэ Дзмітры Краўчанка. Чытаў выданні, цікавіўся, каго набіраюць.

– Краўчанка ўмее працаваць з моладдзю, матываваць. Але трэнер змяніўся, прыйшоў Юры Файкоў. Каманда стала іграць горш. Дагрукацца да трэнерскага штаба складана. Таму я падняў хвалю супраць Файкова, так з’явілася крычалка “Файков уходи”. Пасля гутарыў з ім асабіста. Лічу, ён на мяне не крыўдзіцца, разумее, калі крытыкуюць. Нарэшце каманда зайграла. Магчыма, гульцы прыцерліся, сталі выконваць патрабаванні трэнера.

Каля 30 гадоў таму, яшчэ перад арміяй, Бажко сам гуляў у хакей, пераважна – у Маладзечне. Напрыклад, за “Залатую шайбу”.

Раней гэтыя спаборніцтвы былі нашмат менш арганізаваныя. У Маладзечне збіралі моладзь, трэнер адбіраў каманду, даваў экіпіроўку, талоны на харчаванне. І адпраўляў гуляць на “каробку”, што знаходзіцца на стадыёне ДЮСШ. Увесь час гулялі на адкрытым паветры. Так прайшло пару гадоў.

– Пасля распаду СССР якасныя гульцы засталіся, савецкая школа таксама. Ездзіў на гульні ў мінскі Палац спорту. Затым стаў заўзець за мінскае “Дынама”, па тэлевізары. Хацелася, што называецца, бачыць “вялікі хакей”. Калі “бела-сінія” з’явіліся ў Маладзечне, даведаўся, што менавіта Краўчанка будзе трэніраваць каманду. Я сачыў за яго кар’ерай, пачаў цікавіцца камандай.

Заўзятары разам ходзяць нават у тэатр

Цяпер заўзятар у хакей не гуляе, але яшчэ два гады таму давялося апынуцца на арэне з хакеістамі з “бела-сініх”. Пасля кожнага сезона каманда праводзіць паказальны матч для заўзятараў. На якім тыя могуць згуляць з “зубрамі”. Каманду падзялілі на белых і сініх.

Фота забяспечанае Ігарам Бажко.

– Гуляць з прафесіяналамі – неперадавальна. Яны гулялі больш на нас, стараліся аддаваць перадачы. Прыемна быць на адным лёдзе з такімі хлопцамі. Будуць падобныя матчы, пайду абавязкова.

Заўзятары збіраюцца не толькі падчас матчаў. І дома ў некага, і на выездах, нават у тэатр разам могуць схадзіць. Часам збіраюцца і ідуць катацца на каньках.

– Бывае такое, прыходзім, а на арэне ці Герман Несцераў, ці Вячаслаў Грэцкі з сем’ямі (заўвага “РГ”: нападаючыя “Дынама-Маладзечна”). Размаўляем за жыццё, катаемся.

Часам размаўляе з жонкамі гульцоў

Адносіны з гульцамі ў Бажко добрыя. Калі каманда прайграе, абмяркоўваюць злабадзённыя пытанні, у іншым выпадку могуць і пажартаваць. Гутарыць з жонкамі гульцоў.

– Могуць спакойна патэлефанаваць, калі ёсць якія пытанні – напружанні з трэнерам, гульні. Мяркую, хлопцы не раўнуюць, мы ж з іх жонкамі не сустракаемся. Гульцы часам нам не могуць сказаць тое, што кажуць сваім палавінкам. А з імі дзеляцца тым, што баліць. Мы заўзеем за каманду, спрабуем даведацца пра яе ўсё.

На думку Бажко, тое, што “Дынама” перастала быць фарм-клубам мінскіх “зуброў” – значны плюс. Зніклі “ліфцёры” – гульцы, якія пераходзілі з асноўнага клуба ў фарм-клуб. У хакеістаў з’явілася больш часу на спакойныя трэніроўкі, іх ніхто не торгае. “Хлопцы разумеюць, што яны – хакейны клуб “Дынама”. Але ў гульні “зуброў” не хапае стабільнасці. Каманда можа выдаць класны матч, пасля якога ўсе будуць стаяць на вушах. А потым нечакана прайграць.

Даведка “РГ”: Фарм-клуб – каманда, якая з’яўляецца рэзервовай для асноўнай каманды.

Падчас хакея віншаваў са святам

Звычайна ў перапынках паміж перыядамі Бажко камунікуе з іншымі заўзятарамі, дзеліцца думкамі. Але аднойчы давялося выйсці з арэны. Летась у Дзень Святога Валянціна вырашыў павіншаваць жонку. Набыў жоўтыя ружы – яе любімыя кветкі, – папярэдзіў групу падтрымкі. Дынамаўскі маскот Зубр вывеў Святлану ў сярэдзіну хола. Кожная з дзяўчат з групы падтрымкі ўручыла ёй па ружы і сказала камплімент.

– Самая вялікая праблема – вывесці жонку ў хол, дзе ў перапынках праводзяць гульні. Звычайна яна адмаўляецца туды ісці. Дапамагла знаёмая, якая выцягнула Свету ў хол. Стаіць жонка ў коле, не разумее, што адбываецца. Калі апошняя дзяўчына падарыла кветку, я выйшаў з мікрафонам і сказаў Свеце, што люблю яе. Што мы 27 гадоў разам і яна чумавая бабуля, – смяецца заўзятар.

Фота забяспечанае Ігарам Бажко.

У гэты дзень клуб падарыў пары джэрсі з нумарам 66 – сімвалічную, мяркуе Бажко. Пад гэтым нумарам гуляў Мацвей Бажко – цёзка па прозвішчы заўзятара.

Даведка “РГ”: Джэрсі – спецыяльныя хакейныя майкі, якія вызначаюць прыналежнасць гульцоў паміж камандамі, а таксама адрозніваюць іх у працэсе дынамічнай і хуткай гульні.

– Пішу Мацвею адразу, пытаюся, пазнаеш? Адказвае, канешне, мая джэрсі. Не, смяюся, ужо мая. У белай езджу на выязныя матчы, у сіняй хаджу на дамашнія. Нават калі ў рэанімацыі з інфарктам ляжаў, быў у майцы “Дынама”.

Цешча з цесцем прыходзілі на хакей

Сям’я Бажко заўсёды была спартыўная. Жонка, як і ён, любіць пакатацца на каньках. Малодшы сын Павел кіруе школай сучасных танцаў у Маладзечне. Яго і старэйшага сына Аляксандра я сам ставіў на канькі, кажа, праз пару трэніровак яны ўжо ездзілі. Пяцігадовай унучцы Вікторыі таксама аднойчы ўжо давялося выйсці на лёд – спадабалася.

– Падчас катання кажу, Віка, можа, пасядзім, адпачнём. У адказ чую ўпэўненае “не”. Нават цешча з цесцем прыходзілі з намі на гульні.

У заўзятара з жонкай бываюць і рознагалоссі наконт хакея.

– Яна глядзіць на гульню больш эмацыйна. Неяк на выездзе з “Юнацтвам” перад плэй-оф гарым пасля першага перыяду. Жонка пачынае лаяцца моцнымі словамі. Стаў супакойваць, галоўнае, каб хлопцы перад плэй-оф не зламаліся. Бывае і наадварот. Я праяўляю сімпатыі да гульні пэўных хакеістаў, а яны пачынаюць “касячыць”. Тады ўжо жонка кажа: “Ну што, твой жа, каб быў нехта іншы, не абараняў бы яго”.

Але матчы з жонкай абавязкова абмяркоўваюць. Нават калі Святлана на працы, яна тэлефануе і пытаецца, як згулялі “зубры”.

Акрамя хакея, падтрымліваюць сучасныя танцы – хіп-хоп, хаус.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце