weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 2° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 2° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4582
1 долар 2.1556
100 рас.руб. 3.2282
29.12.2018 08:00 ,

Мог гадзінамі распавядаць пра паэта і чытаць яго вершы: Міхаіла Ляпеха – захавальнік спадчыны Францішка Багушэвіча

Фота zalesse.by.

Нягледзячы на вялікую розніцу ва ўзросце, не адзін дзясятак гадоў працягвалася наша шчырае сяброўства з Міхаілам Ляпехам з Кушлянаў.

Прыязджаў да маладзечанскіх дактароў

Калі Міхаіл Сымонавіч прыхварэе, заўсёды прыязджаў да мяне ў музычную школу, што месцілася тады ў Маладзечне па вуліцы Таміліна.

– Што мне тыя бальніцы ў Солах альбо Смаргоні. Думаю, паеду ў Маладзечна, там дактары лепшыя, і з вамі неяк спакайней. Відаць, у мяне запаленне лёгкіх. Вядома, жыву ў холадзе. Нервы разышліся – і боль па ўсім целе.

– Добра, – кажу. – Пойдзем да доктара на прасвятленне, як вы просіце.

Пайшлі ў раённую бальніцу. Там бацька маёй вучаніцы, Мікалай Уладыка, працаваў рэнтгенолагам. Ён ветліва нас прыняў і папрасіў распрануць дзядзьку Міхаіла. У цёмным цесным пакойчыку пры чырвонай лямпачцы з цяжкасцю я зняў усе яго камізэлькі. Доктар паставіў хворага да апарата і стаў разглядаць:

–  Нічога не бачу. Паглядзіце самі.

Я глянуў на экран. Лёгкія чыстыя, толькі выразна вымалёўваліся жабэркі Міхаіла Сымонавіча.

Рэнтгенолаг кажа:

– Давайце я зраблю вам здымак.

– Не трэба, – кажу. – Што ён з ім у Кушлянах будзе рабіць. Дзякуй.

Дзядзька Міхаіл ніколі не курыў, не ўжываў гарэлкі і дыхаў чыстым кушлянскім паветрам.

На развітанне я параіў Міхаілу Сымонавічу, калі вернецца ў Кушляны, каб знайшоў кабету гадоў пад 80, а тая напаіла яго добрай гарачай гарбатай з ліпавым мёдам і зрабіла масаж плячэй, якія ён застудзіў.

Неўзабаве дзядзька даслаў мне ліст, у якім пісаў: «З вашай дапамогай маю хваробу як рукой зняло». Вось вам і Маладзечна. У нас усе сапраўды добрыя дактары.

Зімой падлога ў хаце была слізкай

Міхаіл Сымонавіч жыў адзін у бакоўцы хаты Францішка Багушэвіча. Зімой там быў такі холад, што ў маразы падлога пакрывалася шэранню і хадзіць было нават небяспечна: настолькі яна была слізкай. Але самым вялікім выпрабаваннем былі гурбы снегу, што замяталі ўваходныя дзверы. Спаць даводзілася амаль не распранаючыся, а аднойчы ноччу гаспадара за нос укусіў пацук, аж знак застаўся.

Дочкі забіралі бацьку да сябе ў Маладзечна, але ён адмаўляўся. Не мог пакінуць хату паэта, бо людзі розныя бываюць, маглі і шкоды нарабіць.

І ўсё ж ён быў вялікім рамантыкам

Дачакаўшыся вясны, наводзіў парадак, сеяў кветкі, падразаў кусты і дрэвы. У садзе было шмат сліў, і ён, як мог, сам варыў варэнне. Буйныя яйкі браў у суседкі, сала і іншыя вясковыя прадукты купляў у людзей, бо да крамы ісці было далёка. У якой студні браў ваду, не ведаю. Магчыма, на ферме, што была непадалёку.

Міхал Ляпеха. Фота Юрася Церабуна.

Жыццё было такім, што не пазайздросціш. І ўсё ж ён быў вялікім рамантыкам. Задумаў зрабіць сонечны гадзіннік. Усё меркаваў, як і з чаго. Хадзіў па палях, збіраў круглыя камяні і насіў іх пад хату. Марыў зрабіць кампазіцыю, каб тыя камяні надзець на кавалак арматуры. Пытаннем было толькі, як прасвідраваць дзіркі. Такое ён бачыў недзе ў Літве. Людзі казалі Міхаілу Сымонавічу, што гэта вельмі складана і ў хатніх умовах немагчыма. А той у адказ:

– А там жа неяк зрабілі?..

Хадзіў да леснікоў, каб тыя падшукалі і распілавалі бярвенні дуба. Ён марыў зрабіць альтанку з асновай у форме крыжа. І майстры, якім ён заплаціў уласнымі грашыма, здзейснілі яго мару. Не лішнім было сёння ў гэтай альтанцы зрабіць памятную шыльдачку, дзе ўзгадаць Міхаіла Ляпеху (1903-1992), бо на хаце такія рэчы вешаць не дазваляецца.

Алесь Жамойцін, паэт, музыка, настаўнік, дырэктар літаратурна-мемарыяльнага музея сядзібы Францішка Багушэвіча, выдзеліў Міхаілу Сымонавічу цэлы стэнд у музейнай экспазіцыі. І ён гэтага заслугоўвае.

Кушляны – маляўнічы куточак Смаргоншчыны. Тут нават хмары плывуць па небе неяк своеасабліва, паэтычна. Вось як пісаў пра гэта Францішак Багушэвіч:

Хмаркі цёмныя, мае братанькі!

Вецер гоне вас без дарожанькі,

І нігдзе ж для вас няма хатанькі…

Адпачынеце аж у Божанькі.

Здавалася, што Міхаіл Ляпеха і Францішак Багушэвіч былі сваякамі

Мне здавалася, што Міхаіл Сымонавіч быў сваяком Багушэвіча. Ён так дасканала ведаў пра жыццё і творчасць паэта, мог гадзінамі чытаць яго вершы. Дзядзька Міхал рады быў сустракаць рэдкія ў той час экскурсіі, што прыязджалі ў Кушляны. Часцей за ўсё гэта былі школьнікі са сваім настаўнікам.

З задавальненнем экскурсавод вадзіў наведнікаў да каменя Мацею Бурачку, ганарыўся сваёй алеяй з 60 дубоў, што высадзіў у гонар колькасці гадоў, пражытых паэтам. Абавязкова хадзілі дзівіцца на сялянскі свіран – помнік даўніны.

Пасля 80-годдзя Міхаілу Ляпеху захацелася хатняй утульнасці і цяпла, але Кушляны пакідаць ён не збіраўся. Нарэшце былы старшыня мясцовага калгаса, а потым – Смаргонскага райвыканкама, дэпутат Анатоль Янец паехаў у Мінск вырашаць лёс занядбанай будыніны. Пытанне вырашылі, хата ператварылася ў музей.

Сумаваў без дубкоў і паэтавай хаты

Калі сядзіба стала аднаўляцца, Міхаіл Сымонавіч палічыў сябе тут не надта патрэбным, пагадзіўся пераехаць да дачкі ў Маладзечна. Дачка, Марыя Цялега, стварыла яму ідэальныя ўмовы жыцця. Аднак адарваны ад сваіх дубкоў і хаты ён стаў губляць жыццёвыя сілы. Калі Міхаіла Сымонавіча не стала, мне не паведамілі, і я не змог правесці яго ў апошні шлях.

Бываючы ў Кушлянах, заўсёды згадваю гэтага незабыўнага дзядзьку. Мне здаецца, што Міхаіл Сымонавіч недзе тут і ніколі не пакідаў гэтыя маляўнічыя мясціны і хату.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце