weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 2° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 2° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4582
1 долар 2.1556
100 рас.руб. 3.2282
04.01.2019 14:47 ,

Хто стаў Асобай года? Мы вызначылі самых яркіх герояў “РГ” у 2018

Фота Feelek - LiveJournal.

Ужо традыцыйным для нашых чытачоў стала акцыя “Асоба года”. Сёлета пераможцаў мы не толькі запрашаем у рэдакцыю на ўзнагароджанне. Яны таксама атрымліваюць запрашэнне на ўручэнне прэміі "Зрабілі!", якая мае адбыцца 12 студзеня ў Мінску. Гэту прэмію арганізуе Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацыі разам з партнёрамі – "Рэгіянальнай газетай", "Сitydog.by", часопісам "Бинокль" і "vitebsk4.me"

У снежні мы складаем спіс з самых яркіх, на наш погляд, герояў публікацый. За 2018 год мы абралі 32 пазіцыі – людзі, якія запомняцца яркімі і важнымі справамі, дзякуючы якім год быў менавіта такім, якім запомніцца.

Глядацкія сімпатыі

Паводле правілаў, пераможцаў у асноўных намінацыях абірае калектыў рэдакцыі. А чытачы падчас галасавання абіраюць таго, хто атрымае “Прыз глядацкіх сімпатый”.

Сёлета мы правялі галасаванне праз форму ў сацыяльнай сетцы. Такі спосаб мы абралі, каб максімальна абараніць галасаванне ад накрутак. На 10 гадзін 2 студзеня найбольшую колькасць галасоў – 311 – сабралі маладзечанкі Валянціна Сідоркіна і Ганна Холад. Менавіта яны забіраюць намінацыю “Прыз глядацкіх сімпатый”.

Жанчыны запалілі серыю актыўнасцяў, якія рабілі Маладзечна ў 2018 усё больш крэатыўным горадам.

Зладзілі фэст “Прышчэпка”, на якім сабралі мноства разнастайных інтэрактыўных пляцовак.

Арганізавалі серыю сустрэч, дзе гараджане маглі абмеркаваць, чаго не хапае ў горадзе і як гэта ўвасобіць. Зладзілі інклюзіўныя фэсты. Упрыгожылі тэрыторыю міні-рынку па вуліцы Францыска Скарыны і зрабілі пілотную прэзентацыю вуліцы Стрыт-фуда. Атрымалі прыз у конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend – 10 000 рублёў на стварэнне гарадской крэатыўнай прасторы. Таксама жанчыны паспелі выпусціць і прэзентаваць крэатыўную карту горада.

«Каларытненька». Маладзечна становіцца сталіцай стрыт-фуда Беларусі (Відэарэпартаж)

ВІДЭАРЭПАРТАЖ. У Маладзечне абмеркавалі развіццё гарадскіх прастораў

Валянціна Сідоркіна.

Ганна Холад.

Адкрыццё года

Пераможцаў астатніх намінацый абірае рэдакцыя. У папярэднія гады гэта былі “Учынак года”, “Натхненне года”, і, вядома, галоўная пазіцыя – “Асоба года”. Аднак сёлета мы вырашылі пашырыць гэты спіс і дадаць намінацыю “Адкрыццё года”. І вырашылі, што такім адкрыццём для нас і для нашых чытачоў стаў Алег Куралесаў, які заснаваў сядзібу ў Навасадах.

Алег Куралесаў

Алег адмовіўся ад магчымасці жыць у Германіі, бо вырашыў, што ў беларускай вёсцы знойдзе больш свабоды. Набыў дом у вёсцы на Вілейшчыне, які добраўпарадкоўвае сваімі рукамі. Зарабляць ён ездзіць у Мінск. Сёлета сабраў грошы, каб пажыць нейкі час у Швейцарыі, але вырашыў выдаткаваць іх на фестываль “Дом ля возера”. Падчас фестывалю выступалі эксперты ў розных накірунках, адбываліся розныя актыўнасці і гульні.

Пасля Алег праводзіў некалькі сустрэч з кінапаказамі, зладзіў навагодняе свята. Адметнасць жыхара Навасадаў у тым, што ён спрабуе ў адзіночку ажывіць вёску, стварыць творчую і свабодную атмасферу за ўласныя грошы ва ўласным падворку. Да сваіх імпрэзаў ён у першую чаргу далучае вяскоўцаў, якім бракуе культурнага баўлення часу.

Плачце, калі там не былі. На Вілейшчыне зладзілі найкруцейшы фестываль «Дом ля возера» (Фота)

Медытаваць, слухаць нямецкую музыку і пячы хлеб на вогнішчы: як гаспадар дома ў вёсцы Навасады збірае дзясяткі людзей на тэматычныя вечары

Круглы стол пра вясковы актывізм: “Сабраў грошы на некалькі месяцаў у Швейцарыі, а аддаў на свята ў вёсцы”

Натхненне года

“Натхненнем года” для калектыву рэдакцыі стаў клопат Івана Дурэйкі і Міхаіла Міхалевіча пра вяз з Верхніх Талуёў Маладзечаншчыны. У 2013 годзе Міхалевіч зрабіў краязнаўчую працу, у якой даследаваў гісторыю вяза. Артыкул у “РГ” пра гэта прачытаў Дурэйка. Матэрыял расплюшчыў яму вочы, і мужчына, які нядаўна страціў жонку, знайшоў сваё прызванне ў клопаце аб дрэве.

Іван Дурэйка.

Міхаіл Міхалевіч.

У 2017 годзе мужчыны заўважылі, што дрэва пачало сохнуць – сажалка ля яго губляла вільгаць, і яму не хапала сілкавання. Разам яны пачалі біць у званы і прыцягваць увагу – сохне найстарэйшы вяз краіны, а, магчыма, і нават Еўропы.

Пасля артыкулаў у “РГ” і іх перадрукаў арганізавалася грамадскасць, гатовая дапамагаць выратаваць дрэва. Маркаўскі сельвыканкам і Маладзечанская інспекцыя прыродных рэсурсаў дапамаглі актывістам.

Яны арганізавалі і зладзілі суботнік, дзе расчысцілі сажалку, вакол пасадзілі алеі. А вясной абяцаюць добраўпарадкаваць тэрыторыю, каб сюды маглі прыязджаць з розных мясцін – падзівіцца на дрэва-старажыла. Прыклад Дурэйкі і Міхалевіча натхняе не спыняцца ў дасягненні мэты, змагацца за яе – і тады вы запаліце іншых, і справа пойдзе на лад.

“Можа, у тым вязе замураваная князёўна”. Самы стары вяз у Беларусі сохне, пакуль людзі разбіраюцца з дакументамі

Учынак года

Пастаноўкі Мінскага абласнога драматычнага тэатра заўсёды самабытныя і запамінальныя. Аднак сёлета мастацкі кіраўнік Валер Анісенка паставіў спектакль “Час сэканд хэнд” па творах Нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч.

Тэатр у Маладзечне.

Гэта не толькі эмацыйная і якасная пастаноўка, яна смелая, пранізлівая і ўражваючая. У пастаноўцы задзейнічалі амаль усю трупу – у прэм’еры ўдзельнічалі Аляксей Карпец, Дзяніс Фешчанка, Барыс Донін, Эмілія Ларыёнава, Ірына Кляпацкая, Ірына Камышава, Людміла Рошчына, Павел Святоха, Сяргей Карзей, Таццяна Карпец, Валер Бабкін і Кацярына Панедзька, Алена Рахмангулава.

Аднак спектакль – гэта шматузроўневая праца многіх спецыялістаў. Таму ў намінацыі “Учынак года” мы аддаём перамогу калектыву тэатра.

“Я не хачу гэта слухаць! Я не хачу гэтага чуць!!!” У Маладзечне адбылася прэм’ера спектакля па матывах кнігі Святланы Алексіевіч “Час Сэканд Хэнд”

Асоба года

Абраць “Асобу года” заўсёды няпроста. Гэта павінны быць той, чыя дзейнасць выходзіць за межы працы, хто гне сваю важную лінію, нягледзячы на перашкоды, хто можа быць узорам для іншых. Наша акцыя – іміджавая ўзнагарода, якой мы паказваем, якімі справамі захапляемся і што лічым прыкладам.

Віталь Качаткоў.

Галоўную перамогу і тытул “Асоба года-2018” па версіі “Рэгіянальнай газеты” мы аддаём Віталю Качаткову. Гэта асоба, якой немагчыма не захапляцца. У яго хапае часу і імпэту на любую справу, якой бы ні заняўся. Ён заўсёды з любоўю расказвае пра жонку Наталлю. Не шкадуе часу на выхаванне траіх дзяцей – Эдуарда, Алісы і Сёмы.

Ён пабудаваў паспяховы бізнес і займаецца рознымі накірункамі – магазінамі сантэхнікі і сэканда-хэнда, банкетнай залай, фотазонай.

Ён паспяхова займаецца музыкай і як кампазітар, і як спявак.

І не спыняецца вучыць шахматам дзяцей і дарослых. Сёлета маладзечанец падрыхтаваў другую кнігу задач па шахматах. Пастаянна праводзіць навучанні ў розных формах – усё для таго, каб садзейнічаць інтэлектуальнаму развіццю грамадства.

Віталь Качаткоў – гэта прыклад адказнага і разумнага стаўлення да кожнага боку свайго жыцця, умення жыць асэнсавана і дабівацца поспеху. Рабіць тое, што лічыш важным і што любіш, нягледзячы ні на якія перашкоды. Гэта ўзор, як гарманічна спалучаць розныя сферы жыцця і заставацца сабой, Асобай. Таму мы з гонарам аддаём гэты, па нашым меркаванні, высокі тытул, менавіта яму.

Маладзечанец Віталь Качаткоў выдае другую кнігу пра шахматы

Віталь Качаткоў: каб дзеці выраслі паспяховымі, вучыць шахматам іх трэба яшчэ да школы

Кнігу Віталя Качаткова пра шахматы прадаюць у Амерыцы

Няхай у новым годзе вашы мары таксама ператвараюцца ў планы, і пра вашы справы мы напішам і скажам: “Гэта зрабіў не проста чалавек, а Асоба”.

Пераможцы акцыі ў мінулыя гады

А вось сярод каго мы абіралі пераможцаў за вынікі 2018: Галасаванне за пераможцу намінацыі Прыз глядацкіх сімпатый акцыі Асоба года 2018 адкрытае.

Пераможцы трапілі ў цудоўную кампанію. Толькі паглядзіце, хто браў гэты тытул у мінулыя гады.

2017 год. Асобамі года сталі Алена і Ігар Крэйнісы з Валожыншчыны, якія стварылі прытулак для жывёл. Узнагароду «Натхненне года» ўзяў мастак Базінато. «Учынак года» атрымаў Аляксандр Дарашэвіч з Астравеччыны, арганізатар прыборкі Сарачанскіх азёраў на Астравеччыне, падчас якой вывезлі 2 500 літраў смецця.

У намінацыі “Прыз глядацкіх сімпатый” пераможцу выбіралі праз галасаванне. Першынство атрымала віляйчанка Жанна Гардынец.

2016 год. Асобай года стала арганізатар “Жывой бібліятэкі” ў Маладзечне Юлія Мароз. Рэдакцыя вырашыла заснаваць дадаткова дзве намінацыі – “Натхненне года”, якую атрымаў невідушчы спявак Данік Савеня і “Учынак года”, якім назвалі Адама Мальдзіса.

Асобай года 2015 стаў вілейскі краязнаўца Дзяніс Канецкі.

Асобай года 2014 стаў на той момант вучань 11 класа з Маладзечна Уладзімір Грахоўскі, які выратаваў дзіця.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце