weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 2° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 2° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4582
1 долар 2.1556
100 рас.руб. 3.2282
11.01.2019 14:47 ,

Цюбінг, лыжы і канькі… Доктар-траўматолаг расказаў пра зімовыя дзіцячыя траўмы ў Маладзечне

На горцы ў Маладзечне. Фота Уладзіміра Астахновіча.

Сёлетняя зіма ў Беларусі палохае навінамі пра трагедыі падчас катання са снежных горак на цюбінгах. А якая сітуацыя з дзіцячым зімовым траўматызмам у Маладзечне і пра што трэба ведаць бацькам, якія адпраўляюць дзяцей на горку з цюбінгам, нам распавёў доктар-траўматолаг Аляксандр Запрудскі з Маладзечна.

І ўсё ж летам траўмаў больш, чым зімой

Аказваецца, колькасць траўмаў, якія дзеці атрымліваюць зімой, пры ўсёй разнастайнасці і небяспечнасці снежных забаў, меншая, чым летам. Усё ж летам – тры месяцы канікулаў і дзеці куды даўжэй знаходзяцца без бацькоўскага нагляду. Нават двухтыднёвы дзіцячы адпачынак зімой не перакрывае па колькасці лета.

З якімі ж пашкоджаннямі ў дзяцей часцей за ўсё сутыкаюцца медыкі зімой? Перш за ўсё, перыферычныя траўмы, ад якіх церпяць суставы рук і ног, – пашкоджанні перадплечча і галёнкаваступнёвага сустава. Вінаваты ў гэтым галалёд.

Пераважна звяртаюцца з ударамі, расцяжэннем звязак, пераломамі. Сюды ж дадаюцца раны,  атрыманыя падчас падзення. Аднак сёлета, па словах доктара, вялікага ўсплёску галалёдных траўмаў сярод дзяцей няма.

Траўмаў на каньках менш, бо ёсць лядовая арэна

У Маладзечне ёсць лядовая арэна. Таму з пашкоджаннямі, атрыманымі падчас катання на каньках, звяртаюцца значна радзей, чым у іншых гарадах рэгіёна.

– На лядовай арэне ўсё адносна бяспечна і арганізавана. Няма стыхійнасці, – кажа Аляксандр Мікалаевіч. – А значыць, выйсці адтуль з пераломам або расцяжэннем куды менш шанцаў. Таму пераломы ад хакея і фігурнага катання ў Маладзечне – адзінкавыя.

Сёлета ёсць ужо пералом, атрыманы на лыжах. Дзяўчынка­-падлетак каталася з горкі. Пяць разоў з’ехала добра, а шосты раз скончыўся пераломам нагі. Наперадзе – працяглае лячэнне і навучанне дома.

Гэтыя жахлівыя цюбінгі

Сёлета шмат жахлівых навін пра цяжкія калецтвы і нават смерці, што здараюцца падчас катання на цюбінгах – надзіманых санках, або «бубліках», «пончыках», «ватрушках», як іх яшчэ называюць. Што думае доктар пра катанне на гэтай прыладзе?

– Няшчасныя выпадкі з цюбінгамі здараюцца на непадрыхтаваных пляцоўках і калі дзеці катаюцца без нагляду дарослых, – кажа Аляксандр Запрудскі.

Вельмі важна, лічыць доктар, устанавіць узроставае абмежаванне ў карыстанні цюбінгам. Ні ў якім разе нельга катацца на гэтай прыла дзе дзіцяці, якому няма 12-­14 гадоў.

Цюбінг развівае вялікую хуткасць, ім немагчыма кіраваць, кантраляваць сітуацыю. Самае страшнае можа здарыцца падчас удару ў нейкі прадмет. Напрыклад, слуп або камень.

Нядаўна да доктара ўжо звярталіся бацькі, сын якіх катаўся на цюбінгу ў Маладзечне, падскочыў на каменьчыку і крыху стукнуўся аб нешта. На шчасце, траўма была не з сур’ёзных – удар.

Дзеці захапляюцца гульнёй і не заўважаюць, што ім холадна

З абмаражэннямі – тыповымі сезоннымі пашкоджаннямі – сёлета не звярталіся. А ўвогуле, гэта траўма больш характэрная для дзяцей шасці­васьмі гадоў.

Менавіта ў гэтым узросце можна так захапіцца гульнёй, што не заўважыш холаду. Пакуль гуляеш, быццам бы ўсё добра, а дома назаўтра адчуваецца боль, пачынае пячы.

Невялікія пашкоджанні ад марозу могуць быць у дзяцей да года, калі бацькі доўга гуляюць з імі на вялікім марозе. Тады назаўтра заклапочаныя бацькі ідуць да доктара, пытаюцца пра пачырваненне на носіку або шчочках дзіцяці. І ўсё ж цяжкіх абмаражэнняў са значнымі пашкоджаннямі тканак, як гэта бывае ў дарослых, у дзяцей не сустракалася.

Насталі халады – стала больш апёкаў

Звычайна павышаецца зімой колькасць апёкаў у маленькіх дзяцей. Дарослыя, асабліва ў прыватным сектары, пачынаюць грэць шмат вады.

А цікаўныя дзеці, якім часцей адзін­тры гады, могуць перакуліць на сябе ёмістасць з кіпенем.

У такіх выпадках апёкі бываюць досыць цяжкія.

2019 год сустрэлі без траўмаў ад петардаў

31 снежня і 1 студзеня сёлета прайшлі спакойна. А ўвогуле ў гэтыя святочныя дні здараюцца траўмы ад піратэхнікі. Часцей церпяць пальцы, радзей можна атрымаць апёк вачэй ад полымя. Летась у маладзечанскую бальніцу прывозілі вілейскага хлопчыка, што пашкодзіў пальцы петардай.

– Як бачыце, сёлетняя зіма ў Маладзечне больш-­менш спакойная адносна дзіцячых траўмаў. І ўсё ж бацькам не варта расслабляцца, – падсумаваў Аляксандр Запрудскі.

Пад наглядам бацькоў, у светлы час, на бяспечных горках

А каб зімовы адпачынак праходзіў весела і без непрыемнасцяў, вось вам некалькі парадаў ад доктара:

• дзеці павінны катацца пад наглядам дарослых;

• плануйце зімовыя пакатушкі на светлы час;

• катайцеся на спецыяльна падрыхтаваных пляцоўках;

• выкарыстоўвайце бяспечныя прылады для катання.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце